В Полоцке отметили День письменности и 500-летие белорусского книгопечатания. Побывали на празднике и жители Ушачского района

Общество

Кажуць, што нельга ўвайсці ў адну раку двойчы, але Полацк зрабіў гэта тройчы! Горад на шляху “з варагаў у грэкі”  зноў стаў месцам правядзення Дня беларускага пісьменства. А статус першай сталіцы беларускай дзяржаўнасці і праваслаўя – выключна за ім. Госці з 20 краін, сотні акрэдытаваных журналістаў і святочныя пляцоўкі працягласцю звыш 10 кіламетраў – пачынаючы з 1994 года ўпершыню мерапрыемствы па ўшанаванні роднага слова расцягнуліся на 3 дні. Яно і нядзіўна, бо, па-сутнасці, свята, якое ў нашай краіне традыцыйна праходзіць у першую нядзелю верасня, сёлета супала з яшчэ дзвюма значнымі датамі – 500-годдзем беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзем Полацка.

Менавіта тут з’явілася першая на нашых землях бібліятэка, вышэйшая навучальная ўстанова, з Полацка пачынаецца Радзіма ўжо безлічы пакаленняў беларусаў. Горад, які і раней выглядаў па-асабліваму ўтульна, да свята і прыёму шматлікіх гасцей пераўвасобіўся. Мадэрнізаваны 350 аб’ектаў, а на беразе Заходняй Дзвіны ля адрэстаўрыраванага Сафійскага сабора ўстаноўлены памятны знак, дзе на двухтонных сярэбраных шчытах змешчаны выявы гістарычных палачан – князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Еўфрасінні Полацкай. Была агучана думка, што радзіма першадрукара ўсходніх славян Ф.Скарыны павінна быць уключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Спачатку было слова

Тураў, Глыбокае, Рагачоў, Полацк… Розныя гарады станавіліся сталіцамі Дня беларускай пісьменнасці, па-рознаму яны прахо­дзілі, аднак ёсць тое, што аб’ядноўвае літаральна ўсе. Вось ужо 24 гады запар напярэдадні ўрачыстасці з кафедральнага Свята-Духава сабора ў Мінску стартуе навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая нясе да сталіцы Дня пісьменства Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй, яднае ўсе населеныя пункты маршрута, знаёміцца з іх святынямі і натхняе духоўнасцю, біблейскім словам беларускі народ.

Удзельнікі экспедыцыі сёлета пераадолелі 820 кіламетраў па тэрыторыі шасці епархій Беларускай праваслаўнай царквы. Упершыню ў маршрут былі ўключаны і Ушачы, край, у якім, на вялікі жаль, разбурана мноства святыняў, засталося няшмат помнікаў даўніны, але існуе асаблівая энергетыка. У гэтым і пераканаліся ўдзельнікі экспедыцыі.

– Я быў так задаволены, што ўключылі столькі цікавых аб’ектаў, такі насычаны атрымаўся пяцідзённы маршрут, а потым аказалася, што перагрузілі яго, – прызнаваўся на мітынгу ва Ушачах кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лапата-Загорскі. – Людзі стамляліся, пачыналі хварэць, вяртацца дадому… І вось на чацвёрты дзень мы завіталі на Ушаччыну і пры гэтым адступілі ад праграмы, бо ўсе захацелі пабываць на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Паслухалі экскурсію, адслужылі ліцію па памерлых, прайшліся па святым месцы – і стомы быццам не было. У вас дзіўная энергетыка. А Свята пісьменства, якое сёлета адзначаецца ў Полацку, – па праве таксама і ваша. Бо калі Францыск Скарына, Сімяон Полацкі – гэта вытокі, мінулае беларускай літаратуры, то ўшацкія геніяльныя паэты і пісьменнікі – яе сучаснасць.

Дарэчы, ад маршруту ўдзельнікі экспедыцыі адхіляліся не раз. Напрыклад, на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, у лясной школе Уладыка Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі, які духоўна акармляў экспедыцыю, правёў спантанны ўрок патрыятызму перад вучнямі аднаго з класаў Ушацкай школы. “Як вы лічыце, навошта Бог даў такія выпрабаванні нашаму народу, дапусціў вайну?”, – задаў зусім не дзіцячае пытанне васьмікласнікам. І яны адказвалі: “Каб памятаць і не паўтараць страшэнных памылак…” “Самыя чулыя людзі жывуць у Беларусі і Санкт-Пецярбургу. І гэта не проста так. Яны вынеслі падчас вайны асаблівыя жахі і засталіся людзьмі…” Размову Уладыка Веніямін вёў настолькі проста, што яна абавязкова застанецца ў сэрцах школьнікаў, як і ва ўдзель­нікаў экспедыцыі застаюцца ў памяці вобразы людзей, з якімі сустрэліся падчас пяцідзённай вандроўкі.

“Дзе мой край?” – задаваўся некалі пытаннем Уладзімір Караткевіч. І адказваў: “Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель”. Сёння ў геаграфічнага цэнтра Еўропы 34 гарады-пабрацімы. Многія з іх былі прадстаўлены на свяце, і ў многіх месцах можна было пачуць замежную мову. Святкаванне праходзіла ледзь не ў кожным двары, а на плошчы старажытнага Вялікага пасада з макетаў будынкаў, якія стваралі і ствараюць аблічча горада, вырас Полацк у мініяцюры. Адной з самых папулярных славутасцяў тут па праве лічыцца музей беларускага кнігадрукавання. Гэта не проста рэканструкцыя 500-гадовага друкарскага станка, а і рэквізіт драмы “Я, Францыск Скарына”, – стужкі з братамі Янкоўскімі ў галоўных ролях. Першадрукар пакінуў багатую спадчыну – звыш 500 выданняў. У Беларусі, праўда, іх усяго 28, але не так даўно ўдалося вярнуць на радзіму “Малую падарожную кніжыцу”, выдадзеную ў Вільні каля 1522 года, унікальнае выданне будзе выстаўлена ў музеі кнігадрукавання да 10 верасня. “Гэта горад, дзе павінен пабываць кожны, – зазначалі пра Полацк настаўнікі з Брэстчыны. – Аўры, падобнай да полацкай, больш няма нідзе!”

Вядома ж, цэнтральнае месца ў святочным горадзе было адведзена кнізе, некалькі дзясяткаў выдавецтваў прадстаўлялі сваю прадукцыю і ад разнастайнасці разбягаліся вочы. На адной паліцы можна было знайсці і выданні класікаў, і тых, хто робіць ў літаратуры толькі першыя крокі. Таксама напамінам аб Дні пісьменства па краіне разыдуцца 30 тысяч паштовых марак, у нядзелю прайшла цырымонія гашэння арыгінальнага канверта. “У такія адказныя моманты адбываецца мацнейшая канцэнтрацыя”, – казаў скульптар Уладзімір Піпін. І сапраўды, не толькі творцы, а і простыя людзі падчас Дня пісьменства адчувалі сябе часткай нашай самабытнай і багатай культуры.

Кнігі заўсёды каштавалі дорага. Некалі трэба было прадаць не адзін мех збожжа або скур, каб набыць іх. Сёння прасцей, што ні кажы. Толькі больш складана зрабіць выбар, бо вочы разбягаюцца ад самай рознай інфармацыі. 500 год таму Скарына пра гэта, зразумела, не мог і падумаць. Але зрабіў намнога больш, чым мог здзейсніць просты чалавек эпохі Рэнесансу, што дала штуршок на стагоддзі наперад. І хочацца верыць, на няменшую адлегласць часу і для будучых пакаленняў.

Абысці ўсе пляцоўкі за адзін дзень было проста немагчыма. Вялізная пешаходная зона, у якую ператварыўся цэнтр горада, змясціла мноства кропак. Прыемна, што сярод іх не згубіліся прадстаўнікі нашага раёна. Вельмі мнагалюдна было ў горадзе майстроў. А паблізу пляцоўкі, дзе размясціўся наш славуты майстар Уладзімір Іванавіч Бязрукаў, наогул неяк было праціснуцца. Увагу і дарослых, і малых прыцягваў працэс стварэння керамічных вырабаў. У адрозненне ад калег, наш ганчар прывёз з сабой не толькі лепшыя ўзоры сваёй творчасці, а і прыладу для іх стварэння – за тым, як кавалак гліны ва ўмелых руках ператвараецца ў адмысловы гарлач, назіралі з зачараваннем. Задаволенымі ад удзелу ў мерапрыемстве засталіся Павел і Ганна Мурашовы, маладыя прадстаўнікі вядомай ушацкай дынастыі майстроў. І хаця вырабы з дрэва больш служылі дэкарацыяй для шматлікіх фотасесій гасцей свята, затое юныя наведвальнікі ахвотна набывалі арыгінальныя цацкі. Прыцягвалі ўвагу гасцей свята і дастойна выглядалі на фоне іншых раёнаў і прадстаўнікі Ушацкага дома рамёстваў.

“Якія малайцы кіраўніцтва вашага райспажыўтаварыства!” – казала адна з калег. У захапленне журналіста “Полацкага весніка” прывёў не кошт прадукцыі ў гандлёвых палатках нашых кааператараў, а асартымент – ушачане сталі бадай адзінымі з сістэмы прадпрыемстваў Віцебскага аблспажыўсаюза, хто разам з традыцыйнымі шашлыкамі і іншымі святочнымі харчовымі таварамі выставілі ў гандлёвых радах і тэматычную палатку. Ва “Ушаччыне літаратурнай” можна было набыць кнігі славутых землякоў і іншую прадукцыю друку. Удалым маркетынгавым ходам па прыцягненні пакупнікоў на наш падворак стала жывая музыка. Наведвальнікі гандлёвых радоў здзіўляліся майстэрству выканання джаз-бэнда “Джазі”і не верылі, што Алег Іваноў – не прафесійны канферансье, а калектыў пад кіраўніцтвам Аліны Сідарчук не прадстаўляе філармонію і складаецца з выкладчыкаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

Віншаванне ўдзельнікам і гасцям свята адрасаваў Прэзідэнт краіны А.Лукашэнка. У ім падкрэсліваецца: “Друкаванае слова, веды, любоў да роднай зямлі былі і застаюцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці народа, яго нястрымнага імкнення да свабоднага і справядлівага жыцця. Упэўнены, што цяперашнія ўрачыстасці надоўга застануцца ў памяці і будуць натхняць нас на плённую працу дзеля росквіту Радзімы”.

Удзел у мерапрыемствах з нагоды трайнога свята прынялі віцэ-прэм’ер краіны Васіль Жарко, міністры інфармацыі Лілія Ананіч і культуры Барыс Святлоў, шэраг іншых дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў. Удзел у адкрыцці Дня пісьменства прыняла і афіцыйная дэлегацыя Ушацкага раёна. Ля Богаяўленскага сабора быў закладзены Сад малітвы, узнагароды атрымалі пераможцы Нацыянальнай літаратурнай прэміі, прайшоў фінал рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”, фестываль сярэдневяковай культуры, міжнародны круглы стол літаратараў і шмат чаго іншага – кірмашоў, выстаў, фестываляў – мерапрыемствы ладзіліся нават ноччу.

Землякі Скарыны – людзі своеасаблівыя, якія вельмі беражліва адносяцца да сваіх традыцый. У суботу па адной з галоўных вуліц горада палачане ішлі на імправізаванае “веча”. Назваць проста шэсцем яркую дэманстрацыю, дзе ўдала спляліся стагоддзі мінулага і сучаснасць, не паварочваецца язык – у гістарычным маршы ўдзельнічалі нашчадкі тых, хто 12 вякоў ствараў славу першай сталіцы. Гледачы горача сустракалі яркія калоны пекараў і леснікоў, сейбітаў і княжых дружыннікаў, настаўнікаў і гандляроў, потым іх змянілі прадстаўнікі лепшых працоўных калектываў крывіцкага краю. Да яго, безумоўна, тэрытарыяльна адносімся і мы, бо адзін са шляхоў полацкіх князёў на старажытны Менск, згодна летапісных крыніц, праходзіў праз “Дальчаны, Веснічы і Пуцілкаўляны”. Практычна няма сумненняў, што гэта старажытныя назвы сучасных Вялікіх або Малых Долец, Весніцка і Пуцілкавіч. Ды і наогул цяжка падлічыць, колькі сучасных палачан маюць ушацкія карані, таму свята суседзяў у нейкім сэнсе і наша таксама. Цвяцінская, Хамёнак, Ярмош, Мялешка – прозвішчаў, распаўсюджаных на Ушаччыне, ва ўдзельнікаў шэсця было шмат. У святочнай калоне, якую віталі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, кіраўнік Полацкага раёна і прадстаўнік нашага раёна ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мікалай Мікалаевіч Шаўчук, прайшлі ганаровыя грамадзяне Полацка, лаўрэаты званняў “Чалавек года Віцебшчыны”, выбітныя дзеячы розных сфер грамадства. Усяго, дарэчы, у тэатралізаваным прадстаўленні прыняло ўдзел 1155 чалавек – па колькасці гадоў, што налічвае гісторыя горада.

У творчым куточку “Патрыёта”

Нашаму “Патрыёту” давялося не толькі асвятляць Дзень беларускага пісьменства, але і стаць удзельнікам маштабнага свята. У яго рамках ладзіўся Фестываль кнігі і прэсы, адзін з праектаў якога прадстаўлялі сродкі масавай інфармацыі Віцебшчыны. На плошчы ля помніка Францыску Скарыне мы абсталявалі куточак роднай Ушаччыны, адлюстравалі нашу багатую літаратурную спадчыну. Разглядаючы стэнды са звесткамі пра Васіля Быкава, Петруся Броўку, Рыгора Барадуліна, выявы сядзіб-музеяў нашых землякоў, кнігі з іх аўтографамі, людзі здзіўляліся і называлі наш раён самым таленавітым у краіне, бо не маглі прыгадаць месца, дзе б з’явіліся на свет адразу тры Народныя паэты і пісьменнікі краіны. Прыемна, што менавіта з нашай экспазіцыі пачаў агляд тэматычных пляцовак губернатар Віцебскай вобласці М.М.Шарснёў, які адзначыў вялікі творчы патэнцыял Прыдзвіння, прафесіяналізм і крэатыўнасць прадстаўнікоў СМІ рэгіёна.

Зрэшты, у творчым куточку “Патрыёта” можна было не толькі прыгадаць класікаў, але і сустрэцца з цяперашнімі літаратарамі. Так, напрыклад, шмат аматараў роднага слова сабраў ля нашай экспазіцыі паэт і празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, былы адказны сакратар часопіса “Вожык” Іван Стадольнік, які падпісваў для ўсіх жадаючых зборнікі сваіх вершаў (на здымку). Менавіта пяру гэтага чалавека належаць словы знакамітай песні “На Ушаччыне ліпы цвітуць” – адной з візітовак нашага хору ветэранаў. Вельмі рады быў сустрэчы з Іванам Канстанцінавічам былы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Аляксеевіч Цацоха – як аказалася, у далёкіх пяцідзясятых ён быў настаўнікам будучага паэта і журналіста – выкладаў фізкультуру ў вясковай школе на Докшыччыне, дзе той вучыўся. Быў ён асабіста знаёмы і з ўшацкімі славутымі літаратарамі. Прыгадаў, напрыклад, як наладжваў у тэатры імя Якуба Коласа ўрачыстасці з выпадку 50-ці і 60-годдзя Рыгора Барадуліна, творчасцю якога заўсёды захапляўся, пад вялікім уражаннем быў ад знаёмства з Еўдакіяй Лось, з якой сустрэўся падчас мерапрыемства на Кургане сяброўства ў Верхнядзвінскім раёне.

Увогуле ж цікавасць да экспазіцыі “Патрыёта” праяўлялі людзі самага рознага ўзросту, у многіх з якіх аказаліся ўшацкія карані. “Мая мама Любоў Яфімаўна Кірпічонак заўсёды выпісвала вашу газету, – расказала навапалачанка Ірына Мамыкіна. – Яна родам з Карачына, а тата – з Рога…” “А ў нас адзін з сёлетніх нумароў “Патрыёта” – сямейная рэліквія! Там надрукаваны артыкул пра маю сястру Алену Пашкоўскую, якая працуе на ФАПе ў Ільюшыне!” – з гонарам расказвала Ганна Мігачова, якая з мужам Уладзімірам і двума маленькімі сынамі прыехала на свята з аграгарадка Гомель. “А мы ведаем гэтую хату! Там наша прабабка Галя жыла!” – радасна паказвалі пальчыкамі на здымак сядзібы Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах дзве аднолькава апранутыя маленькія прыгажунькі – Віка і Наташа Яраш (на здымку). “Гэта сапраўды так! – адказалі на нашы здзіўленыя погляды бацькі дзяўчынак. – Наша бабуля Галіна Якаўлеўна Броўка – пляменніца Пятра Усцінавіча, і дзяўчынкі гэтым ганарацца”. Сястрычкі ж тым часам паспрабавалі сябе ў “друкарскай справе” – лоўка асвоілі набор тэксту на рарытэтнай машынцы – гэты старажытны рэдакцыйны экспанат прыцягваў асаблівую ўвагу як дапытлівых малышоў, так і сталых людзей, якім у дакамп’ютарныя часы давялося шмат пастукаць пальцамі па гучных клавішах. Нам жа было надзвычай прыемна, калі Наташа і Віка прызналіся, што вельмі любяць чытаць – у тым ліку і на роднай мове. У іх на палічцы стаяць любімыя друкаваныя кнігі, якія і праз пяць стагоддзяў застаюцца актуальнымі, вучаць дабрыні і розуму, услаўляюць вечныя каштоўнасці жыцця.

Матэрыялы падрыхтавалі

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ,

Наталля БАГДАНОВІЧ,

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *