Работники газовой службы Ушаччины отметили профессиональный праздник

К профессиональному празднику

Стабільнасць, надзейнасць, аператыўнасць – гэтыя і іншыя падобныя эпітэты мы ўжываем, калі размова заходзіць пра Ушацкі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Полацкгаз”. Узорнасць ва ўсім – ад выканання сваіх галоўных абавязкаў да стану вытворчай тэрыторыі – стала своеасаблівым брэндам прадпрыемства.

Сёлета прафесійнае свята адзначаць 38 работнікаў газавай службы раёна. Цікава, што такая ж лічба атрымоўваецца, калі вылічыць сярэдні ўзрост працаўнікоў. Пры гэтым прыемна адзначыць, што начальнік Ушацкага РГЗ Андрэй Міхайлавіч Палякоў і галоўны інжынер Яўген Міхайлавіч Шапавалаў з’яўляюцца людзьмі маладога ўзросту і пры гэтым веды і прафесійныя якасці дазваляюць ім дасканала спраўляцца са сваімі абавязкамі.

На абслугоўванні службы каля 2,5 тысячы карыстальнікаў прыроднага газу і парадка 6 тысяч – звадкаванага. Сёлета за кошт здачы жыллёвага кааператыва і будаўніцтва новых уводаў іх колькасць павялічылася на некалькі дзясяткаў, а ў хуткім часе прырасце яшчэ на 17 карыстальнікаў, бо ў верасні плануецца здаць у эксплуатацыю газавы кааператыў у аграгарадку Арэхаўна.

На варце спакою карыстальнікаў газу стаіць аварыйна-дыспетчарская служба. Ушачане добра ведаюць нумар, па якім варта тэлефанаваць пры небяспецы – спецыялізаваны аўтамабіль з надпісам “104” на борце ў лічаныя хвіліны прыбывае па трывожным сігнале. Як паказвае практыка, часцей за ўсё ўшачане выклікаюць “аварыйку”, адчуўшы пах газу ў пад’ездзе ці ад індывідуальных балонных установак.

Акрамя таго ўшацкія газавікі абслугоўваюць ацяпляльныя апараты дзевяці самых распаўсюджаных марак, вядуць работу па замене састарэлага газавага абсталявання: так, за мінулы год у дамах і кватэрах ушачан з’явілася 1108 новых газавых пліт. Даволі ахвотна жыхары раёна выкарыстоўваюць магчымасць набыць пліты айчыннай маркі “Гефест” непасрэдна ў райгазе, бо гэта пазбаўляе ад лішніх клопатаў: работнікі службы ў максімальна хуткі тэрмін дастаўляюць і ўстанаўліваюць новае абсталяванне. Асаблівым жа попытам карыстаюцца настольныя дзвюхканфорачныя пліты, якія ахвотна набываюць дачнікі.

Адным словам, усе службы прадпрыемства працуюць эфектыўна, зладжана і старанна, бо ўкамплектаваны высокакласнымі спецыялістамі. Нядзіўна, што амаль ва ўсіх конкурсах і аглядах, што праводзіць УП “Віцебскаблгаз”, нашы прадстаўнікі дасягаюць добрых вынікаў. Так, амаль традыцыйным стаў выхад ушачан у фінал абласных спаборніцтваў работнікаў аварыйна-дыспетчарскай службы. Двойчы за апошні час райгазаўцы ўвайшлі ў тройку прызёраў агляду па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Здавалася б, ужо і нельга прыдумаць і зрабіць нешта прыгажэйшае, аднак штогод мясцовасць ля адміністрацыйнага будынку прырастае новымі знаходкамі і яркімі элементамі.

Усе гэтыя здабыткі – плён намаганняў моцнага калектыву прафесіяналаў. Вылучыць самых дастойных, як гэта патрабуецца напярэдадні свята, кіраўніцтву бывае надзвычай складана, бо літаральна кожны тутэйшы работнік заслугоўвае быць адзначаным. Сёлета, напрыклад, гэтай пашаны ўдастоены вадзіцелі Аляксей Уладзіміравіч Шэўчанка і Канстанцін Уладзіміравіч Паршонак: першы ўзнагароджаны Ганаровай граматай ВУ “Полацкгаз”, другому аб’яўлена Удзячнасць вытворчага ўпраўлення. На Дошку гонару УП “Віцебскаблгаз” будзе занесена прозвішча слесара аварыйна-аднаўленчых работ Уладзіміра Васільевіча Маковіча, а старшы майстар Дзмітрый Васільевіч Карэйша адзначаны занясеннем на Дошку гонару ВУ “Полацкгаз”. Хочацца далучыцца да святочных віншаванняў і падзякаваць усім работнікам газавай службы за тыя выгоды, што мы маем у сваіх дамах і кватэрах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: Д.Карэйша, А.Ляхаў, Я.Ляхоўскі, Я.Шапавалаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *