Призывники Ушаччины

Общество

Невыпадкова ўрачыстыя провады на службу ў армію Рэспублікі Беларусь прайшлі напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці краіны, 30 чэрвеня. Асаблівую ўзнёсласць урачыстасці прыдало і тое, што армейскія будні пачнуцца ў юбілейны год Вялікай Перамогі над фашызмам.
Словамі прывітання да прызыўнікоў і найлепшых пажаданняў ім адкрыла ўрачыстасць начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак. Яна пажадала дастойна адслужыць, вярнуцца дамоў здаровымі, памужнелымі, а затым уліцца ў працоўныя калектывы, дзе заўсёды будуць патрэбныя працавітыя і ўмелыя рукі.
Гэтую ж тэму працягваў і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец: “Абарона Айчыны сёння давяраецца самым дастойным, а гэта накладвае на вас абавязак так жа дастойна прадстаўляць Ушаччыну ў вайсковых калектывах. Гэтаму ёсць шмат прыкладаў, і вам такую традыцыю працягваць”.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны А.К.Первянёнак усхвалявана гаварыў перад прызыўнікамі, што іх дзяды і прадзеды не дзеля славы ішлі ў смяротную атаку на ворага, а дзеля жыцця на зямлі. “Сёння вы ўліваецеся ў рады гарантаў бяспекі краіны – армію, — гаварыў ён, — і калі будзеце з гонарам несці і памнажаць традыцыі ветэранаў, то і вам, і нам не давядзецца перажыць жахаў вайны”.
З раёна ў гэты прызыў, пачынаючы з 15 ліпеня, адправіцца 26 юнакоў на тэрміновую службу і трое – на службу ў рэзерве. Гэта ў асноўным маладыя людзі пасля заканчэння сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Таму словы пажаданняў прагучалі якраз дарэчы. Толькі нямногім з іх давялося папрацаваць. Вось і Андрэй Колакалаў, які будзе служыць у рэзерве, пасля Полацкага вучылішча будаўнікоў каля года адпрацаваў тынкоўшчыкам ПМК-66, у апошні час на будаўніцтве новых дамоў на Віцебскай. Такая служба ў арміі не дазволіць яму парываць сувязь з працоўным калектывам надоўга, а таму і ў далейшым у арганізацыі разлічваюць на яго.
Наказы прызыўнікам і павесткі ўручылі начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак і намеснік раённага ваеннага камісара А.С.Захараў, які яшчэ раз нагадаў, што служба ў арміі — гэта не толькі ганаровы, але і адказны абавязак, пажадаў вярнуцца да родных хат здаровымі і ўзмужнелымі.
Увесь урачысты момант провадаў у армію перад прызыўнікамі з песнямі і танцамі выступалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.
Р.КАРПАЎ.
На здымках: павестка і наказ уручаюцца А.Колакалаву; выступае А.К. Первянёнак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *