Уборочная кампания в ОАО «Ильюшинский» подходит к финишу

Сельское хозяйство

Пейзажы за Ліпаўцом – толькі карціны пісаць. Залатыя палеткі чаргуюцца з зялёнымі лясамі, дзякуючы крутым схілам да ракі бачны не толькі бліжнія, але і аддаленыя ніўкі з ячменем – чыстым і густым. Але тое, што добра для мастака, зусім не на руку камбайнерам. Нават такім вопытным, як Уладзімір Лёля, Анатоль Спірыдзёнак і Уладзімір Урбан. Менавіта гэта трыа займаецца мастацкім ваджэннем камбайнаў на вельмі крутых касагорах.

Гледзячы на іх, адразу прыгадала часы, калі ўшачанам на жніве прыехалі дапамагчы брастчане. Забраліся ў кабіну, праехалі па больш-менш роўнай пляцоўцы, а калі камбайн пачаў даваць крэн ледзь не на 90 градусаў, кінулі ўсё… Далёка не кожны можа працаваць на камбайне наогул, а на ўшацкіх драбнаконтурных горках – тым больш. Патрэбен экстра-клас, які ў нас, дарэчы, лічыцца звычайнай з’явай.

– Горкі – не бяда, дрэнна, што і на іх крыніцы: гразнем, даводзіцца пераязджаць, манеўраваць і пакідаць кавалкі, – у адзін голас гавораць У.Лёля і А.Спірыдзёнак. – На традыцыйна ільюшынскіх землях таксама ёсць касагоры ля Наваселля, але не такія, як на гэтых землях былога “Райаграсэрвіса”: высокія і мокрыя адначасова. Учора прастаялі колькі, пакуль выцягвалі адзін аднаго. Круг праходзіш – суха, на другім, побач, правальваешся.

Менавіта гэтым і тлумачыліся пакінутыя астраўкі ячменю, недажатага з двух бакоў шашы Ушачы-Вашкова. А сама культура не толькі аздобіла мясцовы вечназялёны ўлетку пейзаж, але і вырасла на славу, даўшы звыш сарака цэнтнераў з гектара. Сакрэт у тым, што ўпершыню за столькі год, а мабыць і з часоў саўгаса “Ушацкі” гэтыя пашы паблізу ад ліпавецкай фермы былі засеяны. Адпачыўшая зямля, якую папярэдне апрацавалі ад пустазелля, аддзячыла, гэта прытым, што сёлета практычна не ўносіліся ўгнаенні. Драбнаконтурныя палеткі засяваў Уладзімір Урбан, які зараз з задавальненнем усміхаецца – не сорамна глядзець у вочы калегам.

Ён самы малады сярод камбайнераў, да таго ж і спраўляецца без памочніка. А наогул тры багатыры – самыя магутныя камбайны маркі КЗС-12 – працуюць побач і як правіла на самых складаных участках. Каму ж, калі не ім, хаця пагля­дзеўшы на спіс ільюшынскіх хлебаробаў, навічкоў там не знойдзеш наогул. Мікалай Яўгенавіч Казачонак, які ў апошнія гады выступае ў якасці сезоннага шэфа, канечне, свой, працаваў у “Дружбе” і на “Донах”, і на “Нівах”. Ён зараз узначальвае раённую Дошку гонару сярод работнікаў, што працуюць на КЗС-10, больш таго, выходзіў на трэцяе месца і ў агульным заліку. Анатоль Віктаравіч Усовік удзельнічаў ва ўборачных кампаніях яшчэ ў калгасе імя Дуброўскага. У ліку пераможцаў былі падчас ранейшых кампаній Мікалай Ступко і Юрый Бука.

Чаго не скажаш пра вадзіцеляў. Толькі ў ліпені прыйшоў працаваць у гаспадарку Ігар Кароткі і ўжо задзейнічаны ў жніве. Як і таксама маладыя Дзмітрый Бурак, Міхаіл Рэут, Анатоль Дайлідзёнак, Антон Коўшаль, Павел Гардзіёнак і ўдзельнік абласных “Дажынак” Аляксандр Пятровіч Крысёнак. З адвозкай зерня гаспадарка спраўляецца можна сказаць самастойна, а вось на аддаленых участках дапамог МАЗ з прычэпам з ПМК-66, за што дырэктар ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Анатольевіч Халімоненка ўдзячны кіраўніку будаўнічага прадпрыемства Аляксандру Лукічу Фамёнку. Увесь вал, а гэта ўжо тры тысячы тон, звозіўся на зернесушыльны комплекс, які працуе ў дзве змены, каб закласці насенне ў сховішчы.

Хоць і амаль уся Дошка гонару занята ільюшынскімі камбайнерамі, аднак вельмі няспешна здабываюць яны танаж, вось тут, на касагорах, гаспадарка нават пераезд майстравала, каб можна было дабрацца да выспеўшых участкаў. І не скажаш, што перадавікі “здымаюць вяршкі”, атрымліваючы лепшыя палеткі: паказчыкі сёлета намнога больш сціплыя за папярэднія гады, таму і запалу барацьбы можна сказаць няма. І тым не менш Анатоль Спірыдзёнак з цікавасцю правярае кожны выпуск газеты: сочыць за паказчыкамі калег з іншых гаспадарак, якіх ён, дарэчы, выдатна ведае, як і вынікі мінулых гадоў. “Летась зусім крышку не дацягнуў да тысячы, затое, напрыклад, парадаваўся за Аляксандра Малахава з “Глыбачан”, які практычна адзін убіраў усе палі гаспадаркі.

Вось і сёлета складана будзе дасягнуць тысячы, хібы што пазней, з улікам рапсу і траў. А зараз, хоць уборка на ільюшынскіх палетках практычна завершана, перадавікі жніва недалёка адышлі ад паўтысячнага экватара. Хоць і нагрузка на камбайн невялікая – у межах 200 гектараў, маглі б выйсці ў тысячнікі, калі б была лепшая ўраджайнасць.

– Я на тыдзень пазней выехаў на жніво, – папярэджвае маё пытанне неаднаразовы тысячнік Уладзімір Лёля і тым самым тлумачыць, чаму яго няма ў перадавіках. – Корманарыхтоўкай займаўся, не кінеш. Ды і жніво – не мяды, заўсёды пыл, напружанне, і ў свой час напэўна не сеў бы за штурвал, аднак гэта былі вельмі добрыя заробкі за сезон, вось жыццё і прымусіла.

Тыя часы, дарэчы, я добра памятаю, бо маладому камбайнеру дапамагалі на жніве жонка, сыны і нават дачка, дзеля якіх і стараўся мнагадзетны бацька, як зараз для сваіх траіх дачок яго цёзка Уладзімір Уладзіміравіч Урбан. З раніцы ён прадзімаў паліўны фільтр, змазваў паветраны, правяраў зубы, грохат і ўсе іншыя дэталі. Каля дзвюх гадзін займае гэтая работа нават у поўных экіпажаў. Аднак да высахання расы спраўляюцца. Ну а калі выходзіць са строю нешта больш важкае, разлічваюць на “МНС”. Гэта не служба міністэрства па надзвычайных сітуацыях, супрацоўнікі якой заўсёды дзяжураць ля камбайнаў, так хлебаробы называюць спецыяльна створаную брыгаду, якая прыязджае прама на поле са зваркай, балгаркай, сілкаваннем і рамантуе тэхніку. Сапраўдныя выратавальнікі, што эканомяць дарагі час хлебаробаў. І яшчэ без адной службы не абыходзіцца ніводнае жніво: повары мясцовай сталовай гатуюць такія смачныя абеды, што задавольваюць самыя розныя густы – удзячнасць ім выказвалі ўсе без выключэння камбайнеры.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Пад уборку ў ААТ “Ільюшынскі” сёлета было 1475 гектараў, другі па велічыні паказчык пасля КУСГП “Вялікадолецкае”. Самую лепшую ўраджайнасць прынесла азімая пшаніца – 24, 8 цэнтнера з гектара, якая займала 500. Даволі роўная яна і па астатніх культурах: 22,9 – яравая, 23,6 – авёс, 24,8 – ячмень і 18,6 – жыта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *