Собираем портфель, обновляем гардероб. Где и по каким ценам в Ушачах купить школьные товары?

Калейдоскоп

Неўзабаве лета пачне адлічваць свае апошнія дзянькі. І калі школьнікі выкарыстоўваюць гэты час для таго, каб набрацца сіл перад новым навучальным годам, то іх бацькі заклапочаны зборамі дзяцей у школу. Адзенне, абутак, ранцы і тое, што ў іх трэба пакласці… Спіс багаты, але без гэтага як першакласніку, так і вучню старэйшых класаў не абысціся.

Бацькоў хвалюе пытанне, дзе набыць усё неабходнае, ды так, каб не надта спустошыць кашалёк. Мы вырашылі дапамагчы ім у гэтай нялёгкай справе і, “узброіўшыся” спісам патрэбных тавараў, накіраваліся па гандлёвых кропках райцэнтра.

З 25 ліпеня па 31 жніўня ў раёне дзейнічае акцыя “Добры дзень, школа!”: пры пакупцы тавараў школьнага асартыменту (адзення, канцылярскіх тавараў) на суму ад 250 рублёў можна скарыстацца беспрацэнтным крэдытам на тэрмін да трох месяцаў без першапачатковага ўзносу.

Збіраем ранец

Як заўсёды, на прылаўках магазінаў і рыначных ралетаў вялізны выбар канцылярскіх тавараў для школьнікаў. Вочы разбягаюцца не толькі ад прапанаванага асартыменту, але і ад цэн. Мяркуйце самі: кошт пеналаў зараз вагаецца ад 91 кап. (за просты тубус) да 14 руб. 12 кап., прычым абодва “рэкорды” зафіксаваны ў адным і тым жа месцы – ва ўнівермагу. Прычына такой разбежкі – розная якасць тавару. Да таго ж самы дарагі ўжо змяшчае пэўную колькасць ручак, алоўкаў, фламастараў. На рынку самы просты “мяккі” пенал з адным аддзяленнем каштуе 2 руб. 65 кап., а самы адчувальны кошт – 13 руб. 70 кап. Аналагічная сітуацыя і з дзённікамі: ва ўнівермагу ён каштуе 73 і 90 кап. (для 3-4 і 5-11 класаў адпаведна), а на рынку – ажно 2 руб.

Ні адзін школьнік не пойдзе на заняткі без сшыткаў. Гэты важны атрыбут у шырокім асартыменце і па дастаткова нізкім кошце маецца ва ўнівермагу. Просты 12-аркушавы сшытак тут пацягне на 11 кап. (такі ж кошт і ў “Белбланкавыдзе”, а на рынку – 12 кап.), паўагульныя – на 57 і 72 кап. (48 і 51 кап. у “Белбланкавыдзе”, 65 і 75 кап. на рынку), агульныя – 57 і 93 кап. (75 і 83 кап. у “Белбланкавыдзе”, 1 руб.15 кап. і 1 руб. 35 кап. на рынку).

Вокладкі для сшыткаў ва ўнівермагу каштуюць 1 руб. 35 кап., у “Белбланкавыдзе” – ад 1 руб. 10 кап. да 2 руб. за набор з 10 штук, на рынку – 17 кап. за штуку. Ужо не першы год на паліцах са школьнымі таварамі наборы вокладак для кніг лепельскай вытворчасці. Па словах прадаўцоў універмага, такая прадукцыя карыстаецца значным попытам ва ўшачан. Рознакаляровыя вокладкі маюць добрую якасць, іх у наборы для пэўнага класа столькі, колькі падручнікаў прадугледжвае школьная праграма, прычым, улічаны нават іх памер. Кошт набораў складае ад 3 руб. 19 кап. да 6 руб. 25 кап. Калі ж набываць вокладкі для кніг паасобку, то кожная пацягне мінімум на 34 кап., максімум – на 1 руб. 22 кап., а на рынку – 60 кап.

Кошт на прылады для малявання залежыць ад колькасці колераў і вытворцы. Так, ва ўнівермагу 6-колерную палітру алоўкаў можна набыць за 1 руб. 36 кап, 12-колерную – 2 руб 79 кап., 18-колерную – 5 руб. 64 кап. На рынку аналагічны тавар будзе каштаваць 1 руб. 65 кап., 3 руб. 50 кап. (такі ж кошт і ў “Белбланкавыдзе”), 5 руб. 10 кап., а самыя “наварочаныя” – 10 руб. 50 кап. Найбольш хадавыя наборы фламастараў – на 12 колераў – ва ўнівермагу каштуюць ад 3 руб. 58 кап. да 6 руб. 42 кап., на рынку – ад 2 руб. 24 кап. да 5 руб. 70 кап., у “Белбланкавыдзе” – 3 руб. 50 кап. Кошт на акварэльныя фарбы ва ўнівермагу вагаецца ад 1 руб. 86 кап. да 4 руб. 58 кап. у залежнасці ад колькасці колераў, гуаш можна знайсці ад 3 руб. 95 кап. да 7 руб. 61 кап.

Адчувальная разбежка назіраецца на кошт пластыліну. Мінімальны складае 1 руб. 50 кап. (7 колераў) на рынку і 2 руб. (12 колераў) у “Белбланкавыдзе”. А вось пра максімум сказаць складана, бо даводзілася бачыць і за 3 руб., і нават амаль за 5.

Асобна хочацца спыніцца на выбары школьнага ранца. Не сакрэт, што ад зручнасці мадэлі будзе залежыць здароўе спіны вашага дзіцяці. Правільны ранец павінен важыць менш за 1 кілаграм, мець артапедычную спінку, шлейкі, якія рэгулююцца, зручныя замкі і маланкі, шмат кішэняў і ёмістае ўнутранае аддзяленне. Усім гэтым патрабаванням адпавядае тавар, выпушчаны “Галантэяй” і прадстаўлены ва ўнівермагу. Кошт яго дэмакратычны – ад 37 руб. 29 кап. да 80 руб. 64 кап.

Нямала школьных сумак, ранцаў і на рынку гарпасёлка. Хочацца таксама адзначыць, што ў прадпрымальнікаў можа быць у наяўнасці тавар мінулагодняга завозу ці рэчы з невялікімі дэфектамі – іх кошт ніжэйшы, таму не саромейцеся спытаць прадаўца пра гэта.

абнаўляем гардэроб

Зараз ва ўнівермагу вопратка амаль на любы густ і кашалёк. Асартымент прадстаўлены выключна таварамі беларускіх вытворцаў: “Калінка”, “БелКрэда”, “8 Сакавіка”. Шмат тут касцюмаў, жакетаў, блузак, штаноў, кашуляў, джэмпераў, сарафанаў. Традыцыйна прапанаваны вялікі выбар – і па мадэлях, і па фактуры – спартыўных касцюмаў, нацельнай бялізны.

Кошт можа прыемна здзівіць пакупнікоў. Напрыклад, хлапчуковы касцюм-двойку для прадстаўніка малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту можна набыць за 65 руб. (мінулагодні завоз), штаны з камізэлькай – за 68. Касцюмы большых памераў каштуюць каля 100 руб., а штаны – 38. Без праблем можна падабраць для хлопчыка белую ці каляровую кашулю – кошт вар’іруецца ад 14 руб. 79 кап. да 28 руб. 22 кап. А для завершанасці вобразу – яшчэ і гальштук ці бабачку за 5 руб. 18 кап. і 6 руб. 48 кап. Кошт сарафанаў для дзяўчынак складае ад 24 руб. 91 кап. да 50 руб., спадніц – ад 25 руб. 25 кап. да 32 руб. 67 кап., блузак – ад 16 да 42 руб.

Асартымент школьнага адзення, прапанаваны ва ўнівермагу, сёлета надзвычай багаты. Акрамя традыцыйна высокай якасці гэтыя рэчы “падкупляюць” яшчэ і прывабным знешнім выглядам. Асабліва гэта датычыцца дзявочых убораў. Эфектныя сарафаны з выразамі, гузікамі, рознакаляровымі ўстаўкамі, стыльныя джэмперы-падманкі, экстравагантныя блузкі (іх падчас апошняга завозу паступіла ажно 200 мадэляў) і іншае парадуюць юных модніц.

Няма ва Ушачах праблем і з выбарам абутку для дзяцей. Ён паступае ў “Гандлёвыя рады” з абутковых прадпрыемстваў Магілёва, Гродна, Ліды, СП “Марка”, ЗАТ “Сівельга” і іншых. Асартымент пастаянна абнаўляецца, кошт тавару разнастайны, залежыць ад мадэлі.

Як расказала вядучы таваразнаўца райспажыўтаварыства Наталля Васільеўна Чабатар (на здымку) Выязны гандаль райспажыўтаварыства пад шыльдай “Школьны базар” чакае пакупнікоў у першай палове дня на рынку райцэнтра. Неабходны асартыментны пералік тавараў завезены і ў сельскія магазіны. Для таго ж, каб найбольш поўна ўлічыць запатрабаванні пакупнікоў, у гандлёвых кропках прымаюцца папярэднія заяўкі на той ці іншы тавар.

Дарэчы, адзенне, абутак для школьнікаў акрамя райспажыўтаварыства прапануюць і індывідуальныя прадпрымальнікі. Выбар за пакупнікамі, якім варта паспяшацца: пачатак новага навучальнага года не за гарамі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *