Храмовый праздник в костёле Святого Лаврена в Ушачах

Общество

“Біскуп Алег Буткевіч даволі часта бывае ў нашым касцёле, аднак кожны раз рыхтуемся да яго візіту з  хваляваннем, бо гэты чалавек надзвычай светлы і шчыры, а словы яго пропаведзяў проста пераварочваюць душу, зараджаюць гарачым імкненнем да самаўдасканалення!” – давялося пачуць ад ушацкіх вернікаў, якія ў мінулы чацвер з караваем і кветкамі чакалі на ганку касцёла высокага госця з Віцебска.

Раздзяліць гэтую ўрачыстасць з ушачанамі прыбылі і іншыя святары – ксяндзы з Глыбокага і Бешанковіч, Празарок і Параф’янава. Прыемна было зноў пабываць ва Ушачах Аляксею Асону, які зараз служыць у Новым Пагосце. А ксёндз Мікалай Ліпскі з Новалукомля прыгадаў, што 10 год таму менавіта ў нашым касцёле прыняў святарскае пасвячэнне.

Імша з нагоды храмавага свята, якую ўзначаліў біскуп, атрымалася ўзнёслай і пранікнёнай. У сваім слове да вернікаў ён адз­начыў, што святы Лаўрэн мае для ўшачан асаблівае значэнне, бо яго выява знаходзіцца не толькі ў галоўным алтары касцёла, але і на гербе горада. Алег Буткевіч заклікаў прысутных браць прыклад са святога Лаўрэна ў служэнні Богу і лю­дзям, нагадаў, што мы прызначаны для вечнага жыцця і галоўнае – не сумнявацца ў гэтым. Святар узнёс малітву за ўсіх ушачан, а найперш за тых, хто працуе на зямлі, вырошчвае хлеб.

Напрыканцы імшы да біскупа, святароў і вернікаў звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, якая падзякавала высокаму госцю за ўвагу да Ушач, адзначыла, што і дзяржава, і царква робяць агульную справу – выхоўваюць грамадзян Беларусі на высокіх маральных прынцыпах. Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч ад імя раённай улады падарыла святару прыгожы букет.

Увогуле, кветкі, таксама як духмяныя караваі і залаты мёд, якія Алег Буткевіч па традыцыі асвяціў пасля імшы, з’яўляюцца сімваламі гэтага цудоўнага свята ўшацкіх католікаў. Паспытаць смачныя ласункі змаглі ўсе, хто прыйшоў у гэты вечар у касцёл. Таксама літаральна кожны жадаючы змог паразмаўляць з біскупам, што ў чарговы раз пацвердзіла адкрытасць святара, яго гатоўнасць да дыялогу з людзьмі. Не хавалі сваіх эмоцый вернікі, сярод якіх былі як пастаянныя парафіяне, так і людзі, што прыехалі на свята з іншых мясцін. Так, напрыклад, як Галіна Кухтова, якая пастаянна жыве ў Віцебску, але мае дачны дом на Ушаччыне. “Прыйшла на святочную імшу разам з сямігадовай унучкай Ліссай – дзяўчынка разам з маёй дачкой жывуць у Францыі і зараз прыехалі да мяне ў водпуск. Унучка вывучае рускую мову, пастаянна бывае ў касцёле, бо мы лічым, што нельга забываць свае карані, а веру, якая фарміруе светапогляд і характар, трэба прывіваць з маленства. І вельмі добра, што ва Ушачах вернікі розных канфесій могуць наведваць свае храмы і імкнуцца праз гэта станавіцца лепш, жыць па хрысціянскіх запаведзях”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *