Ветераны Ушаччины на Буйницком поле

70-годдзе Перамогі

Пра арганізацыю паездкі ветэранаў Ушаччыны на “Буйніцкае поле”, што пад Магілёвам, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец пачаў марыць яшчэ чатыры гады таму, як быў абраны на гэтую клапатлівую пасаду. І вось сёлета 17 чэрвеня паездка адбылася.
Экскурсійны аўтобус з групай у 40 чалавек накіроўваецца на Магілёўшчыну. Пасажыры – ветэраны вайны і працы, актывісты ветэранскага руху, салісты хору ветэранаў раённага Дома культуры, прадстаўнікі моладзі Ушаччыны.
Першы горад на шляху – Орша. Прыемныя ўражанні засталіся ад яго, які літаральна памаладзеў да прайшоўшых рэспубліканскіх “Дажынак”. Кідалася ў вочы чысціня і кветкі.
– Але ж і ў нас Ушачы чысцінёй і кветкамі не саступяць, – гаварыў адзін з ветэранаў, пазіраючы ў акно аўтобуса…
І вось нарэшце Магілёў, мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут адбыліся жорсткія баі Чырвонай Арміі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Падзеі пад Магілёвам увайшлі ў гісторыю і дзякуючы К.Сіманаву, яго знакамітаму раману “Жывыя і мёртвыя”.
На “Буйніцкім полі” была арганізавана цікавая экскурсія з аглядам баявой тэхнікі. Прадстаўнікі Ушацкай дэлегацыі ўсклалі вянок да помніка. Іван Сямёнавіч Кулага зрабіў запіс у кнізе наведвальнікаў.
Затым была экскурсія ў музей гарадской ратушы Магілёва і па самім горадзе. Давялося паглядзець і пачуць шмат цікавага і запамінальнага.
Ветэраны, як вядома, людзі ўжо немаладыя і тым не менш стойка вытрымалі дарогу. Вельмі ўважліва сачыла за іх самаадчуваннем загадчыца Завячэльскага ФАПа Вольга Якаўлеўна Рубанік.
Садзейнічалі добраму настрою і ўдалай паездцы тактоўныя і ўважлівыя адносіны да пасажыраў вадзіцеля філіяла аўтакалоны №6 Наваполацка Мікалая Сяргеевіча Шчукіна.
За цікавую, змястоўную экскурсію ад ветэранаў усім, хто да яе меў дачыненне, – дзякуй!
Ф.ПАЦЭЙКА.
На здымках: ветэраны з Ушаччыны на “Буйніцкім полі”; запіс у кнігу наведвальнікаў.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *