Кожны год на Ушаччыну прыязджаюць маладыя спецыялісты, якімі папаўняюцца мясцовыя ўстановы і арганізацыі. Сёлета своеасаблівым рэкардсменам у гэтым сэнсе стала цэнтральная райбальніца, куды пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прыйшлі ажно 15 медыкаў: 8 урачоў, 1 урач-інтэрн і 6 прадстаўнікоў сярэдняга медперсаналу. Дарэчы, сямёра з іх – ураджэнцы нашага раёна.
Сваіх першых пацыентаў у паліклініцы зараз прымаюць псіхіятр-нарколаг Паліна Генадзьеўна Пугач, участковы тэрапеўт Дар’я Анатольеўна Клачок, хірург Максім Уладзіміравіч Дзятко, урач агульнай практыкі Таццяна Юр’еўна Жарнасек. У аддзяленні анестэзіялогіі-рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі ратуе чалавечыя жыцці ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Раман Валер’евіч Клачок. За здароўем самых маленькіх пацыентаў пільна сочыць участковы педыятр дзіцячай кансультацыі Ірына Віктараўна Іванова, а дапамагае ёй у гэтым медыцынская сястра Анастасія Аляксандраўна Севярын. Правізарам працуе Маргарыта Мікалаеўна Літвін, тэрапеўтам тэрапеўтычнага аддзялення – Марыя Сяргееўна Тулей. Прыёмам выклікаў і перадачай іх выязным брыгадам займаецца фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Вольга Мікалаеўна Захарэнка. У паліклініцы лечыць зубы пацыентам фельчар Юлія Валер’еўна Жылінская. Медыцынскімі сёстрамі працуюць Святлана Уладзіміраўна Стажык (у паліклініцы) і Вікторыя Віктараўна Шыркіна (у Глыбачанскай БСД). Кампанію ж дзяўчатам састаўляе працэдурны медбрат хірургічнага аддзялення Уладзіслаў Алегавіч Якубёнак. Дашліфоўвае набытыя веды і навыкі па спецыяльнасці “агульная ўрачэбная практыка” ўрач-інтэрн Анастасія Сяргееўна Клачок.
Як адзначае адміністрацыя Ушацкай ЦРБ, маладыя спецыялісты прыйшлі да іх з добрым узроўнем падрыхтоўкі, яны любяць сваю работу, імкнуцца быць у курсе ўсіх спраў. Зрэшты, у пачатку працоўнага шляху ім ёсць у каго павучыцца: вопытныя ўрачы і работнікі сярэдняга звяна заўсёды гатовы параіць, падказаць.
Усе медыкі, якія прыбылі сёлета ў наш раён, забяспечаны камфортным жыллём. Хочацца спадзявацца, што на Ушаччыне ім спадабаецца і яны працягнуць тут сваю працоўную дзейнасць.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.