Як выглядае “Планета шчасця”? Напэўна, гэта месца, дзе ў промнях цёплага сонца плёскаюцца марскія хвалі, у неба ляцяць каляровыя феерверкі, а ўсе людзі радуюцца, спяваюць і танцуюць. Думаеце, гэта ўтопія?
А вось ушачанкі Алена і Паліна Сазонавы сцвярджаюць, што “Планета шчасця” існуе і зусім нядаўна яны там пабывалі – менавіта такую назву мае міжнародны фестываль-конкурс вакальнага і харэаграфічнага майстэрства, які праходзіў у сярэдзіне ліпеня на балгарскім курорце “Сонечны Бераг”. Алена Анатольеўна задумала гэту вандроўку найперш для таго, каб даць дачцэ магчымасць атрымаць конкурсную практыку, ацаніць свой вакальны ўзровень, а калі высветлілася, што ў фестывальнай праграме ёсць намінацыя для педагогаў, вырашыла выйсці на сцэну і сама. Паліна настолькі пранікнёна выканала песню “Мама” з рэпертуару Святланы Лазаравай, што многія гледачы не стрымалі слёз. На другі ж дзень дзяўчынка паказала іншы бок свайго тэмпераменту праз танцавальную англамоўную кампазіцыю. Удала падабрала рэпертуар і Алена: песня на беларускай мове Уладзіміра Мулявіна і хіт Райманда Паулса дазволілі педагогу Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў прадэманстраваць свае адметныя вакальныя даныя. У выніку абедзве сталі лаўрэатамі: Паліна атрымала дыплом трэцяй ступені, а Алена – перамогу ў сваёй намінацыі.
Трэба сказаць, што праграма фестывалю давала магчымасць не толькі паказаць таленты, але і расказаць пра сваю краіну, горад. Нашы ўдзельніцы разам з Алесяй Фёдараўнай Іўліевай і яе сынам Мацвеем, якія суправаджалі іх у гэтай вандроўцы, падрыхтавалі прэзентацыю Ушаччыны, расказалі пра нашу прыгожую прыроду, гераічную гісторыю, знакамітых людзей.
Летам на чарнаморскіх курортах ладзіцца шмат розных мерапрыемстваў. Так сталася, што паралельна з “Планетай шчасця” праходзіў ІІ Міжнародны фестываль-конкурс выканаўчага майстэрства “Адкрыты Свет – Балгарыя”, які ўваходзіць у праграму Фестывальнага міжнароднага руху “Надзеі Еўропы”. Гэта маштабны праект, які дзейнічае пры падтрымцы расійскага ўраду, ЮНЭСКА, іншых культурна-асветніцкіх арганізацый, у яго рамках праходзяць творчыя конкурсы не толькі ў Расіі і краінах Еўропы, але і ў ЗША, Афрыцы. Першым прэзідэнтам фестывальнага руху быў Народны артыст СССР Махмуд Эсамбаеў, і за 20 год існавання гэты праект адкрыў цэлае сузор’е талентаў у вакальным, харэаграфічным і тэатральным мастацтве. Найперш ён скіраваны на творчасць дзяцей і моладзі, але мае намінацыю і для педагогаў.
Менавіта ў ёй атрымала магчымасць паўдзельнічаць Алена Сазонава. Выканала дзве песні, а калі журы агучыла вынікі – проста не паверыла сваім вушам: першае месца! Гэта перамога ўключыла яе ў лік удзельнікаў выніковага фестывалю, які штогод праводзіцца ў Сочы ў студзені. Трапіць на гэты галоўны фэст вельмі прэстыжна, бо туды запрашаюцца толькі трыумфатары адборачных конкурсаў. І ўпершыню Беларусь на ім будзе прадстаўляць наша зямлячка!
Таксама Алена стане ўдзельніцай III Нацыянальнай прэміі “Будучыня Расіі”, якая пройдзе ў сакавіку ў Маскве.
– Калі пачула вердыкт журы, нават не ведаю, якіх пачуццяў было больш – радасці ці хвалявання, – расказвае Алена. – Канечне, нельга заглядваць у будучыню, але я вельмі пастараюся добра падрыхтавацца і дастойна выглядаць на фоне лепшых вакалістаў Еўропы.
Мы ж, безумоўна, пажадаем нашай спявачцы пакарыць сваім чыстым сакавітым сапрана і расійскія сцэны.
Наталля БАГДАНОВІЧ.