Для семьи Воробьёвых из Новополоцка ушачский Городок — лучшее место для отдыха

Общество

“Пакуль мы тут як дачнікі, але Гарадок такое цудоўнае месца, што жыць тут можна заўсёды!” – зазначае сям’я Вараб’ёвых, якая чарговае лета праводзіць на Ушаччыне. Чатыры гады таму навапалачане вырашылі набыць дачу, каб мець магчымасць адпачываць на ўлонні прыроды. Разглядаючы шматлікія варыянты, зазірнулі ў Гарадок Вяркудскага сельсавета і проста закахаліся ў гэтае маляўнічае месца. “Чыстае паветра, прырода і незвычайнае размяшчэнне – вёска на паўвостраве, з трох бакоў акружаная прыгожым Павульскім возерам, – цяжка нават сабе ўявіць штосьці лепшае”,  – дзеляцца ўражаннямі Дзяніс і Юлія.

Не напужала маладых людзей тое, што значных укладанняў патрабаваў стары домік і шмат сіл – закінуты прысядзібны ўчастак.

“Ды ён жа сапраўдны майстар з залатымі рукамі, усё ро­біць сам, такі малайчына!” – хваліла Дзяніса суседка па дачы. Пацвярджэнне ж слоў Святланы Мікалаеўны Ясюк было побач: вялікая лазня з тэрасай, прасторная драўляная альтанка, якія Дзяніс рабіў практычна адзін. Не меншай славутасцю падворка з’яўляецца яшчэ адзін “аб’ект”, які нам раілі ўзяць у аб’ектыў фотакамеры вяскоўцы – адмысловы гульнявы комплекс для дзяцей. Такую рэч сёння можна купіць у спецыяльных магазінах, а вось Д.Вараб’ёў вырашыў зрабіць комплекс для непаседлівых дачушак сваімі рукамі. Каб з ветрыкам з’ехаць з горкі, пагушкацца на арэлях, Соні, Сашы і маленькай Надзі цяпер не трэба прасіцца ў бацькоў у гарадскі парк ці на цесную пляцоўку ў двары шматпавярховак. Драўляны комплекс ручной работы сапраўды выклікае захапленне не толькі ў дзяцей, а і спыняе позіркі ўсіх дарослых.

Уменне Дзяніса “ажыўляць” дрэва ніяк не пераклікаецца з яго прафесіяй. Той, хто сочыць за навінамі спорту, ведаюць мужчыну як лыжніка, удзельніка Алімпійскіх гульняў-2002 у Солт-Лэйк-Сіці, а таксама Сусветнай універсіяды ў Італіі і Аўстрыі. Зараз ён працуе ў расійскай зборнай па біятлоне. Здольнасці менавіта ў гэтым відзе Д.Вараб’ёву прывілі бацькі, якія і зараз працягваюць трэнерскую кар’еру.

– Старэйшыя дачушкі таксама праяўляюць цікавасць да спорту, пэўна, пойдуць па слядах таты, зараз з задавальненнем адправіліся ў спартыўны лагер, – расказвае Юлія.

Халодную пару года мужчына праводзіць на зборах, трэніроўках, спаборніцтвах, а летнія месяцы з сям’ёй – ва ўшацкім Гарадку.

Канечне, на сядзібе бачны ўклад і стараннай жаночай рукі: памідоры ў цяпліцы, агародніна на градках, клумбы… Выключна гарадская прафесія (Юлія – спецыяліст па лагістыцы і турызме) не перашкаджае ёй паспяхова спраўляцца і з такой вясковай работай.

Прыязджаючы ў Гарадок, гэтая добразычлівая сям’я не пагружаецца ва ўласныя праблемы і не хаваецца за вялікай агароджай. Яны сябруюць з усімі, хто тут жыве ці адпачывае. І нават арганізоўваюць святы – Соня і Саша прыдумалі і аформілі запрашэнні на Купалле для ўсіх жыхароў, разам на беразе возера непадалёк ад сядзібы Вараб’ёвых адзначалі і Дзень Перамогі. Зрэшты, наведваюцца ў вёску яны не толькі ўлетку. Маючы магчымасць сустракаць Новы год у крузе гарадскіх сяброў, забаўляльных установах ці за мяжой, усё ж аддалі перавагу Гарадку, нягледзячы нават на адсутнасць у  доме выгод.

Многія едуць у гэты населены пункт, каб не губляць бацькоўскія карані, адпачываць на радзіме, а для сям’і Вараб’ёвых ён стаў прыцягальным краем і месцам, куды хочацца вяртацца яшчэ і яшчэ.

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “Для семьи Воробьёвых из Новополоцка ушачский Городок — лучшее место для отдыха

  1. Патриот, почему фотографий так мало?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *