Наша краіна адна з нямногіх, у якіх паводле дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў бясплатна аказваецца шэраг медпаслуг. Ёсць, вядома, і платныя.
З пералікам паслуг, якія аказваюцца ва Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы на ўмовах аплаты, можна азнаёміцца на інфармацыйным стэндзе ў фае паліклінічнага аддзялення або на сайце ўстановы. Да іх адносяцца некаторыя віды прафілактычных аглядаў, напрыклад, “вадзіцельская” медкамісія, агляд для атрымання віду на жыхарства. У фізіятэрапеўтычным аддзяленні спецыялісты прапануюць паслугі па масажы. Бясплатна зробяць толькі некалькі сеансаў па назначэнні ўрача, астатнія – за грошы. Аказваюць на платнай аснове і сацыяльна-псіхалагічную дапамогу родным хворага на алкагалізм, праводзяць розныя віды антыалкагольнай тэрапіі.
На ўмовах аплаты можна разлічваць ва Ушацкай ЦРБ і на шэраг немедыцынскіх паслуг: лячэбную фізкультуру, знаходжанне ў палаце павышанай камфортнасці, а таксама транспарціроўку ў суправаджэнні медработніка ў іншую ўстанову аховы здароўя (скажам, пры адсутнасці медыцынскіх паказанняў чалавек захацеў прайсці абследаванне ў дыягнастычным цэнтры Віцебска, аднак з-за нестабільнага самаадчування ехаць туды адзін на грамадскім транспарце баіцца). Па сваім жаданні пацыент на платнай аснове можа прайсці ультрагукавое даследаванне (шчытападобнай залозы, нырак, брушной поласці, малочных залоз і інш.), а таксама выклікаць урача на дом. Гэта зручна ў тых выпадках, калі ў чалавека не атрымліваецца трапіць на прыём да вузкапрофільнага спецыяліста.
Што ж датычыцца алгарытму аказання платных медыцынскіх паслуг у райбальніцы, то ён вельмі просты. Трэба патэлефанаваць у рэгістратуру па нумары 2-71-57 і паведаміць аб жаданні прайсці пэўную працэдуру ці трапіць на прыём да ўрача на платнай аснове. Вам падбяруць найбольш зручны час і раскажуць, як правесці плату (зрабіць гэта можна непасрэдна ў паліклініцы).
І ўсё ж якім бы шырокім ні быў спектр медыцынскіх паслуг, урачы не чараўнікі – падчас прыёмаў і працэдур яны не заўсёды могуць вярнуць вам ранейшае здароўе. Усё залежыць ад таго, наколькі адказна да яго захавання адносіцца сам чалавек.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.