Вопрос о самозаготовке дров по-прежнему актуален

Общество

Падчас нядаўняй сустрэчы намесніка старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак з жыхарамі Вяркудскага і Глыбачанскага сельсаветаў зноў была ўзнята праблема нарыхтоўкі дроў, дакладней – саманарыхтоўкі. Дарэчы, такое пытанне перыядычна паступае і да нас у рэдакцыю. Яно і зразумела, бо гаспадары рыхтуюцца да зімы загадзя і многія не толькі на вёсцы, а і ў гарпасёлку для ацяплення свайго жылля і лазняў замест пакупкі колатых дроў аддаюць перавагу самастойнай іх нарыхтоўцы на карані. Мы ўжо расказвалі, якім спосабам можна забяспечыць сябе палівам самому, але спынімся на гэтым пытанні яшчэ раз.

Змены ў механізм мінулых гадоў, а разам з тым і некаторыя нязручнасці грамадзянам, прынесла ўступленне ў сілу з пачатку бягучага года новага Ляснога кодэксу. У сувязі з гэтым змяніўся парадак выдачы дазвольных дакументаў (ордэра) для нарыхтоўкі фізічнымі асобамі драўніны на карані. Як і раней, яна ажыццяўляецца па заяве грамадзяніна ў бліжэйшае лясніцтва на ўчастках лесу, дзе маецца сухастой або пашкоджаная драўніна (павал, буралом). Але зараз лясніцтва можа дазволіць саманарыхтоўку такой драўніны толькі ў тых кварталах лесу, дзе санітарна-аздараўленчыя мерапрыемствы – выбарачная санітарная высечка, уборка захламленасці – намечаны лесаўпарадкавальным праектам. Кажучы спрошчана, раней чалавек мог знайсці ў дзяржлесфондзе ўчастак з выкарчаванымі ветрам дрэвамі паблізу ад дома, звярнуцца за ордэрам у лясніцтва, унесці мізэрную плату, атрымаць дазвол і адпраўляцца з пілой у лес. Зараз жа так не атрымаецца – калі ўчастак, на якім спыніўся ваш выбар, не запраектаваны прыгаданым вышэй лесаўпарадкавальным праектам, то весці саманарыхтоўку драўніны грамадзянам там забаронена. Дазвол на ачыстку ад захламленасці такіх тэрыторый у адпаведнасці з самастойна назначанымі санітарна-аздараўленчымі мерапрыемствамі маюць толькі работнікі лясгаса. Пра гэтыя змяненні нам паведаміў начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесаўзнаўлення ДЛГУ “Ушацкі лясгас” Аляксандр Васільевіч Цішкоў.

Што рабіць? Звяртайцеся ў бліжэйшае лясніцтва, у якім вас азнаёмяць з пералікам участкаў, дзе можна законна весці саманарыхтоўку. Калі адлегласць задаволіць, то прыйдзецца выехаць са спецыялістам на выбранае месца, дзе ён выканае адвод дадзенага ўчастка лесу, пасля чаго ў лясніцтве зробяць матэрыяльную ацэнку лесасекі і вы аплаціце за драўніну на карані згодна існуючых такс. Трэба адзначыць, што як і раней, дровы, нарыхтаваныя на такіх высечках, рэалізуюцца па сімвалічнай цане – арыенціровачны кошт куба саманарыхтоўкі на землях дзяржлесфонду складае 7-18 капеек у залежнасці ад пароды дрэў.

– Пасля гэтага грамадзянін праводзіць высечку ў тэрміны, указаныя ў ордэры, – расказвае А.В.Цішкоў. – А вывазку ажыццяўляе таксама ва ўстаноўлены час пасля агляду ўчастка спецыялістам лясніцтва. У ордэры робіцца аб гэтым адзнака – больш праводзіць нарыхтоўку нельга.

Грамадзяне скардзяцца і на тое, што ўчасткаў пад саманарыхтоўку паблізу населеных пунктаў засталося нямнога. І сапраўды, бо дзейнасць лесаўпарадкавальнага праекта зыходзіць па заканчэнні сёлетняга года і, зразумела, самыя “зручныя” ўчасткі ўжо высечаны. А.В.Цішкоў патлумачыў, што з мэтай выпраўлення гэтай сітуацыі і павелічэння выбару для грамадзян па ініцыятыве лясгаса не так даўно ўнесены змяненні і дапаўненні ў спісы ўчасткаў – яны ёсць у кожным лясніцтве. Новы ж лесаўпарадкавальны дакумент будзе распрацаваны ў 2018 го­дзе. Лясгасам падбіраюцца ўчасткі ляснога фонду для мерапрыемстваў па ўборцы ад захламленасці, каб пасля зацвярджэння праекта грамадзянам можна было весці на іх нарыхтоўку дроў уласнымі сіламі. Прычым запланаваныя санітарныя мерапрыемствы могуць праводзіцца ў тым ліку і ў водаахоўнай зоне.

Яшчэ адно пытанне – выкарыстанне ў мэтах папаўнення запасаў паліва расліннасці на землях сельскагаспадарчага прызначэння. Але тут справа яшчэ складаней – сельгаспрадпрыемствы, за выключэннем ААТ “Ільюшынскі”, з-за адсутнасці фінансавых сродкаў дакументальна пакуль не аформілі граніцы сваіх участкаў, такім чынам не могуць атрымаць лесасечны білет і, як следства, прадаставіць права на саманарыхтоўку грамадзянам.

Як бачна, праблема існуе. Але назваць яе невырашальнай усё ж нельга, хаця ведаю асобных грамадзян, якія нават звязваюць змяненні ў Лясным кодэксе з… ураганамі, што знішчылі шмат лясоў у некаторых рэгіёнах краіны: пасля распрацоўкі завалаў на балансах асобных лясгасаў маюцца вялізныя запасы неліквіднай драўніны – маўляў, не ведаюць, куды дзяваць, вось і прынялі змяненні ў заканадаўстве, абмежавалі саманарыхтоўку, каб прадаваць дровы людзям. Не спыняючыся дэталёва, зазначу, што дадзены від дзейнасці ні ў якім разе не з’яўляецца асноўнай крыніцай прыбытку лясгасаў і лесаводы на гэтым ніколі не зараблялі, хаця дровы на продаж у лясніцтвах ёсць. Канечне, каштаваць з улікам транспартных расходаў прычэп будзе каля 150 рублёў. Аднак трэба звярнуць увагу на тое, што чалавек, які гатовы самастойна нарыхтоўваць драўніну, яўна мае і магчымасць вывазу яе з лесасекі – кошт нарыхтаваных дроў без уліку транспартных выдаткаў будзе значна ніжэйшы.

Падрыхтаваў Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *