Жывуць у хаце Івана Ягоравіча Харашкевіча добрыя і шчырыя, з глыбокімі ўспамінамі людзі. Праўда, дзверы адчыніла неяк няўпэўнена — інтэлігентная, але стомленая жанчына.
– Мы з мужам бульбу полем, толькі прыйшлі з агарода, – растлумачыла яна. – А бацькоў за стол абедаць пасадзіла.
За імі сапраўды патрэбен догляд. Гэта людзі сталага ўзросту. На іх памяці і даваенны час, і Вялікая Айчынная, і цяжкая фізічная работа пасля. Але моцныя яны і целам, і духам, таму і трымаюцца за жыццё, таму і беражэ яно іх. Столькі ўсяго перажыць давялося, зведаць.
Іван Ягоравіч паціху, абапіраючыся на палку, перайшоў з кухні ў залу, няспешна стаў расказваць.
Калі пачалася вайна, ён жыў у Прудах. З родных на той час побач з ім былі толькі сястра і дзядзька. На франтах ваявалі мужчыны, рыхтаваліся стаць ім зменай юнакі.
У пачатку 1942-га ўступіў у рады народных мсціўцаў і Іван Харашкевіч. Трапіў у брыгаду “Дубава”. Не хоча асабліва ўзвышаць свой удзел у вызваленні гэты сціплы чалавек. А сам жа сядзіць і нічым не паказвае, што ступня ў яго не свая, што ён сёння не проста ветэран, а інвалід вайны.
– Калі прыйшоў у партызаны, мне даручылі не такую і сур’ёзную, як здавалася, справу: здабываць зброю, бо яе тады было вельмі мала. Дзе разбітыя захопнікі яе кінулі, мы падбіралі. А яшчэ, памятаю, калі фронт ужо быў пад Віцебскам, давялося ісці за зброяй праз Суражскае возера.
Ветэран расказвае і пра тое, як удзельнічаў у аперацыях па знішчэнні варожых паяздоў з нарабаванымі каштоўнасцямі.
– Памятаю, як два саставы разляцеліся ў капусту, – усміхнуўся ён.
Але самым небяспечным быў бой пад Пышнам. Пра яго ветэраны расказваюць з горыччу ад страт і вынікаў. Партызанам даводзілася адчайна абараняцца, не шкадуючы сябе. Сілы былі няроўныя. Пацярпелі абаронцы ад захопнікаў не абы-як. Быў паранены ў нагу і Іван Ягоравіч. Яго накіравалі за фронт, аж у Казань. Паўгода лячыўся ў ваенным шпіталі. Ветэран прыгадвае, што нагледзеўся, колькі гора прынесла вайна людзям. Тады ў Казані было 18 шпіталяў. А колькі ж іх налічвалася ў іншых гарадах…
Прыйшла пара пасталеўшаму, памудрэўшаму юнаку вяртацца дадому. Ён ужо ведаў, бо атрымаў вестку яшчэ ў партызанскім атрадзе, што захопнікі забілі сястру, яна ад іх уцякала, ды не ўцякла. Родныя Пруды сустрэлі Івана папялішчамі. Вельмі адчайна было бачыць бацькоўскую хату хоць і не закранутай агнём, але вельмі ўжо старэнькай. Трэба жаніцца і будаваць новую, падумаў хлопец. Так і зрабіў. Вырашыў нідзе не шукаць сабе спадарожніцу жыцця, прапанаваў руку і сэрца мясцовай дзяўчыне Ніне. Добра ж ведалі адзін аднаго, аднолькавы ўклад жыцця быў.
У сваіх Прудах Харашкевічы пабудавалі хату. Але паступова амаль усе жыхары пацягнуліся ў цэнтр саўгаса і сельсавета. Так і гэта сям’я. Яна атрымала для пражывання дом у Кублічах. Спачатку плацілі за арэнду, а потым за невялікую плату прыватызавалі. Харашкевічы ж увесь час працавалі ў гаспадарцы: Іван Ягоравіч – цесляром, Ніна Міхайлаўна – у паляводстве.
А яшчэ важнейшую місію здзейснілі гэтыя людзі – выхавалі чацвёра дзяцей. Прычым, двое жывуць на месцы: Валянціна – бібліятэкар, Іван працаваў у лясніцтве. Малодшы, Уладзімір, – у Белгародскай вобласці. А даглядае бацькоў дачка Кацярына Юшкевіч. Называць дзяцей Івана Ягоравіча і Ніны Міхайлаўны па імёнах не зусім падыходзіць, бо амаль усе яны пенсіянеры ўжо. І чым далей, тым усё больш цэняць сваіх бацькоў. Вось і Кацярына Іванаўна даўно стала гарадской жыхаркай, доўгі час адпрацавала загадчыцай архіва Полацкага дзяржуніверсітэта, а спатрэбілася самым дарагім людзям дапамога, дык і аказвае яе. Такім чынам працягваецца жыццё бацькоў. А яны гэтага заслужылі спаўна.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: І.Я.Харашкевіч.