Пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, што прайшло на мінулым тыдні на базе Вялікадолецкага сельвыканкама, сабрала не толькі прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса, старшыняў сельвыканкамаў, але і супрацоўнікаў пракуратуры, райаддзела міліцыі. Нагодай да такой пашыранай сустрэчы стала абмеркаванне эфектыўнасці работы саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку.
– Такія структуры створаны для таго, каб забяспечыць удзел працоўных калектываў, грамадскіх фарміраванняў у вырашэнні пытанняў аховы парадку, прафілактыкі злачыннасці і правапарушэнняў, актывізацыі работы з нядобранадзейнымі сем’ямі. Прычым не разрознена, а сумеснымі намаганнямі, – адзначыла ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч. – Каардынатарамі ж дзейнасці ў адзначаным накірунку выступаюць сельскія выканаўчыя камітэты.
Кола работы саветаў сапраўды шматграннае. У планах – мерапрыемствы выхаваўчай накіраванасці. На пастаяннай аснове ў месцах масавага знаходжання людзей сумесна з членамі добраахвотных дружын праводзяцца рэйды па ахове грамадскага парадку. Вялікае значэнне надаецца прапагандзе прававых ведаў сярод насельніцтва, выяўленню асоб, схільных да супрацьпраўных дзеянняў, якія вядуць амаральны лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напіткамі, не займаюцца выхаваннем дзяцей. З імі не толькі праводзяцца гутаркі, але і аказваецца дапамога ў працаўладкаванні – у бягучым годзе 10 такіх грамадзян займелі новае працоўнае месца, накіраванні на лячэнне ад алкагалізму. Пад пастаянным кантролем – адзінокія грамадзяне, з імі сёлета праведзена 275 сустрэч. Усяго ж зацікаўленымі службамі ў першым паўгоддзі 2017-га абследавана больш за 2 тысячы домаўладанняў. Пытанні аховы правапарадку, работы добраахвотных дружын, камісій па справах непаўналетніх разглядаюцца на пасяджэннях саветаў, у тым ліку з запрашэннем сямей, якія патрабуюць павышанай увагі з боку ўлады, працоўных калектываў, грамадскасці. Праводзяцца такія сустрэчы кожны месяц.
Падводзячы вынікі свайго выступлення, Наталля Мікалаеўна адзначыла, што галоўным паказчыкам эфектыўнасці работы любога савета грамадскага пункта аховы правапарадку (а іх на Ушаччыне 8: 1 з якіх у гарпасёлку і 7 у сельскай мясцовасці) з’яўляецца спакойная аператыўная абстаноўка на “падведамаснай” тэрыторыі. Сёлета найбольш стабільная карціна назіраецца ў Вялікадолецкім і Глыбачанскім сельсаветах. На жаль, не могуць гэтым пахваліцца ў Жарскім і Вяркудскім, дзе ўзровень злачыннасці ў параўнанні з мінулым годам істотна павялічыўся – 11 і 9 фактаў супраць мінулагодніх 6 і 7 адпаведна. У асноўным гэта крадзяжы, здзейсненыя раней судзімымі асобамі ў стане алкагольнага ап’янення.
Тое, што месцам правядзення выязнога пасяджэння стаў менавіта Вялікадолецкі сельвыканкам, цалкам абгрунтавана. Па ўсіх паказчыках работы савета пункта аховы правапарадку, узаемасувязі мясцовага кіраўніцтва з участковым інспектарам міліцыі ён, як кажуць, наперадзе планеты ўсёй – на Ушаччыне дакладна.
– Праводзім пасяджэнні савета прафілактыкі пры непасрэдным удзеле кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў, участковага інспектара, старэйшын, прадстаўнікоў пракуратуры, урача-нарколага, – падзяліўся аспектамі сваёй работы ў названым накірунку старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама А.Л.Сыс. – І галоўны памочнік у гэтай справе – участковы інспектар. Уладзімір Васільевіч Ляхоўскі – чалавек нераўнадушны да ўсіх негатыўных з’яў, якія адбываюцца на ўчастку. У яго пастаянным полі зроку нядобранадзейныя сем’і, парушальнікі грамадскага парадку, асобы, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі і лячэбна-працоўных прафілакторыяў. Як чалавек мясцовы, ён ведае схільнасці кожнага, хто трапляе ў лік праблемных. Наладжаны ў яго і цесны кантакт са старэйшынамі – у выпадку чаго яны тэлефануюць, кансультуюцца.
– Паспяховай з’яўляецца работа савета на Далеччыне яшчэ і таму, што яе курыруе менавіта Алег Леанідавіч, чалавек неабыякавы да сваёй справы, жыцця землякоў, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка. – Не менш вопытнай і неабыякавай з’яўляецца кіраўнік спраў сельвыканкама Ларыса Васільеўна Цвяцінская – яе мясцовыя жыхары паважаюць, да яе слоў прыслухоўваюцца, што, несумненна, дае станоўчы плён.
Пра работу саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку і крымінагенную сітуацыю ў раёне гаварыў і пракурор раёна Максім Міхайлавіч Падворны. Ён нагадаў прысутным, што Ушаччына не першы год займае сумнае лідарства ў вобласці і рэспубліцы па ўзроўні п’янства, колькасці злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення. Між тым “згладзіць” гэтую праблему цалкам пад сілу – у адносінах выпівох часцей трэба ўжываць такія меры, як абмежаванне ў дзеяздольнасці і накіраванне ў ЛПП. Адказней трэба ставіцца саветам і да правядзення пасяджэнняў. Праверкі паказалі, што не ўсе запрошаныя з’яўляюцца на іх, а пры разглядзе актуальных тэм для эканоміі часу не заўсёды заслухоўваюцца ўсе дакладчыкі.
Аб неабходнасці выправіць усе недапрацоўкі нагадаў прысутным выконваючы абавязкі начальніка райаддзела міліцыі А.У.Андросаў. А каб аблегчыць гэтую задачу, зрабіць максімальна эфектыўнай работу саветаў, Аляксей Уладзіміравіч падзяліўся з прысутнымі шэрагам карысных распрацовак, на канкрэтных прыкладах прааналізаваў існуючыя на месцах праблемы.
Рычагі ўздзеяння на нядобранадзейных грамадзян ёсць самыя розныя. Важна каб і сам чалавек задумаўся, як жыць, каб не ствараць праблем ні сабе, ні тым, хто яго акружае. У гэтым і ёсць галоўная задача саветаў грамадскага пункта аховы правапарадку.