На Ушаччине снизился уровень подростковой преступности

Закон - один для всех

Такую з’яву, як непаўналетняя злачыннасць, цалкам выкараніць няпроста. Бо былі і ёсць бацькі, якія задачу па выхаванні дзяцей перакладваюць на вуліцу. Прычым не толькі тыя грамадзяне, чый позірк затуманены спіртным, але і адносна паспяховыя, занятыя папаўненнем сямейнага бюджэту – часу на размовы з нашчадкамі не хапае, ды і, на думку асобных, для гэтага існуе школа. Вось і даводзіцца апошняй не толькі навучаць, але і выяўляць, кантраляваць, ставіць на ўлік… Зрэшты, “лячэннем” падлеткаў, якія аступіліся, займаецца шэраг іншых службаў, у тым ліку інспекцыя па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі. Пра тое, як гэта адбываецца і якія вынікі прыносіць, мы папрасілі расказаць старшага ўчастковага інспектара ІСН Ушацкага РАУС Канстанціна Васільевіча АЎСІЕВІЧА:

– Асноўная прычына падлеткавай злачыннасці – сапраўды, бескантрольнасць з боку бацькоў, асабліва ў вячэрні і начны час. Дарослыя не цікавяцца, чым заняты дзеці па-за домам, з кім яны маюць зносіны, што робяць. Пра гэта сведчыць той факт, што за першае паўгоддзе 2017 года мы склалі ўжо 4 адміністрацыйныя пратаколы па арт.17.13 (невыкананне бацькамі абавязкаў па суправаджэнні дзяцей, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, пасля 23.00). За аналагічны перыяд 2017-га іх было 13.

– Наколькі нам вядома, сёлета ўзровень злачыннасці сярод непаўналетніх на Ушаччыне значна знізіўся…

– Так. Летась падлеткамі на тэрыторыі раёна было ўчынена 6 злачынстваў, большасць з іх (4) – крадзяжы. Сёлета сітуацыю, на шчасце, удалося стабілізаваць – падобных фактаў не зарэгістравана. Аднак гэта не падстава расслабляцца! За першае паўгоддзе 2017-га разгледжана 18 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, да якіх маюць дачыненне непаўналетнія.

– Якая работа праводзіцца ў раёне для таго, каб правапарушэнняў станавілася менш?

– Выкарыстоўваем самыя розныя формы і метады. Стан арганізацыі работы па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў рэгулярна абмяркоўваецца на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на саветах прафілактыкі аддзела адукацыі, спорту і турызму, непасрэдна па месцы жыхарства падлеткаў. Рэгулярна праводзім акцыі “Бяспечнае лета”, “Сям’я без насілля”, а таксама рэйды па сем’ях, у якіх непаўналетнія прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі.

Разумеючы, што часта дзеці становяцца ўдзельнікамі супрацьпраўных учынкаў з-за незанятасці, значную ўвагу ў прафілактычнай рабоце надаём гэтаму напрамку. Непаўналетнія, асабліва з нядобранадзейных сямей, па максімуме прыцягваюцца да заняткаў у гуртках па інтарэсах, спартыўных секцыях. Акрамя таго ў раёне склалася сістэма па раннім выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці – за адзначаны перыяд у аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, камісію па справах непаўналетніх аб гэтым паступіла 57 паведамленняў. Па ўсіх фактах праведзены праверкі.

– Што значыць для падлетка “паставілі на ўлік у міліцыі”?

– Кантроль на працягу 6 месяцаў. Калі за гэты час ён паўторна не здзейсніць правапарушэнне або злачынства, то з уліку здымаецца. У адваротным выпадку тэрмін кантролю падаўжаецца, а запіс пра “перасячэнне мяжы” закону заносіцца ў рэспубліканскі банк даных аб правапарушэннях. Калі ж падлетак здзяйсняе злачынства, ён аўтаматычна трапляе ў такую базу пасля разгляду справы. Усё гэта ў будучым можа згуляць з непаўналетнім злы жарт. Напрыклад, паступіць у многія навучальныя ўстановы (не толькі сілавыя) ці ўладкавацца на прэстыжныя пасады, адбор на якія праводзіцца на конкурснай аснове, наўрад ці атрымаецца.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *