Для Николая Полозова 2 августа — двойной праздник

Общество

Мікалая Васільевіча Полазава адклікаюць з водпуску. Спецыяліст з саракагадовым стажам працы ў “Белдзяржстраху” дапісвае заяву і паралельна жартуе з калегам, маўляў, нічога страшнага – усё роўна рыба не клюе. Так атрымалася, што 2 жніўня ў жыцці Мікалая Васільевіча адзначана дзвюма важнымі падзеямі – роўна 40 год, а таксама Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый.

– Нават не ведаў, куды вязуць, – успамінае мужчына, які на тэрміновую службу трапіў пасля заканчэння Лужаснянскага тэхнікума. – Толькі калі цягнік прыбыў на канечную станцыю, сказалі, што мы ў горадзе Яфрэмаве Тульскай вобласці.

Служба праходзіла ў гвар­дзейскай паветрана-дэсантнай артылерыйскай дывізіі. Даслужыўся да старшага сяржанта, быў тапагеадэзістам, у аперацыях забяспечваў саслужыўцаў дакладнымі каардынатамі. Спраўляўся выдатна, таму за службу меў цэлых два адпачынкі, а гэта дарагога каштавала.

– Ці памятаеце свой першы скачок з парашутам? – пытаюся.

– Так, нічога не зразумела, як у тумане, – чую ў адказ. – Чамусьці самым страшным быў трэці скачок з маіх дванаццаці. Хаця і былі страховачныя сістэмы, якія раскрывалі парашут аўтаматычна, калі салдат зазяваўся ці спалохаўся, а таксама запасныя парашуты для выпадкаў, калі асноўны не спрацаваў. Звычайна дэсантаваліся з вышыні 2000-2500 метраў. Важна, каб стаяў штыль, ціхае надвор’е ў цэлым. – На самалётах лётаў, а ніколі не сыходзіў на зямлю па трапе, – смяецца Мікалай Васільевіч. – Адразу прыгадваю словы В.Маргелава: “Той, хто ніколі не пакідаў борт самалёта на вялікай вышыні, адкуль гарады здаюцца цацачнымі, не адчуваў страху і радасці вольнага падзення, не чуў свісту ветру ў вушах, не радаваўся раскрыццю парашута – той ніколі не зразумее гонару і годнасці дэсантніка”.

Пасля двух гадоў службы, у маі 1977, ураджэнец Лажаншчыны вярнуўся на малую радзіму. Літаральна праз 2 месяцы начальнік “Дзяржстраха” Мікалай Афанасьевіч Дук прыняў маладога спецыяліста на выпрабавальны тэрмін. А падказала вакансію дэмабілізаванаму пляменніку цётка Марыя Андрэеўна, якая сама працавала там. Страхавы агент добра справіўся са сваімі абавязкамі, хаця ў тыя гады ў сістэме страхавання мала хто надоўга затрымліваўся. Трэба і зараз мець асаблівы падыход да людзей: хто ж хоча аддаваць свае ўласныя грошы, а нават сёння не кожны разумее выгаду ад страхавання. А яшчэ і фінансавая адказнасць, уменне граматна саставіць полісы і квітанцыі. Але М.Полазаў лёгка наладзіў сувязі са сваімі кліентамі з Ільюшына і навакольных вёсак – менавіта тэрыторыі мясцовай гаспадаркі сталі яго рабочым участкам, а зараз да гэтага дадаліся яшчэ і вуліцы ў гарпасёлку: Кастрычніцкая, Каранеўскага, завулак Кастрычніцкі – дзесьці 400 сямей у цеснай сувязі са сваім агентам.

“Магу і дома квітанцыю выпісаць, калі ёсць такая неабходнасць. У кліентаў мае любыя кантакты, усе ведаюць, дзе жыву”, – дзеліцца спецыяліст. Ён, дарэчы, паспеў каля 10 год папрацаваць інспектарам, пакіраваць агентамі, але ўсё ж вярнуўся да любімай іпастасі.

– Зараз усё вельмі проста і хутка, – кажа Мікалай Васільевіч. – Уласны аўтамабіль і мабільная сувязь, інтэрнэт даюць магчымасць лёгка звязацца з кліентамі, гэта вызваляе шмат часу. Раней жа – аўтобусы, некалькі тэлефонаў на вёску, паспрабуй знайсці таго патэнцыйнага страхавальніка. Страхоўшчык са стажам адзначае, што сёння часцей заключаюць дагаворы па нерухомасці, маёмасці і няшчасных выпадках, радзей па хатняй жывёле, якой у параўнанні з мінулымі часамі ў насельніцтва практычна няма. А вось даўней таксама было папулярна страхаваць жыццё. Полісы складаліся на 3-5 гадоў, узносы накопліваліся, іх можна было потым забраць сабе, як цяпер банкаўскія ўклады ці дэпазіты.

– Ці не было жадання змяніць працу? Так, было… Аднак цяжка аказалася знайсці лепшы варыянт, каб ён настолькі ж быў даспадобы. Вось і атрымалася, што ўжо і на пенсіі год працую, а ўсё менавіта ў страхавой сістэме, сярод людзей. Адпачываю наадварот у цішыні: люблю паляванне, рыбалку, збіраць грыбы і ягады. А яшчэ сумаваць не даюць дзве мае любімыя ўнучкі.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *