Накануне Дня пожарной службы в Ушачах открыли памятную доску, посвящённую истории пожарной службы района

Cлужба-101 К профессиональному празднику

Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня пажарнай службы пачаліся ў розных гарадах Беларусі яшчэ ў выхадныя – у Мінску, напрыклад, адбыўся вялікі парад тэхнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. І хоць сёлета дата не юбілейная – 164 гады з дня ўтварэння пажарнай службы – па-асабліваму прайшло ўрачыстае мерапрыемства і ва Ушачах. У ім прынялі ўдзел ветэраны пажарнай службы, прадстаўнікі сілавых структур, кіраўніцтва раёна, падтрымаць выратавальнікаў у святочны для іх дзень прыйшлі родныя.

Першае згадванне аб пажарнай камандзе ва Ушачах адносіцца да 1905 года. Узбраенне і аснашчанасць былі больш чым сціплымі: бочка з вадой на 400 літраў, 2 кароткіх рукавы, рыдлёўка, 8 вядзёр, вяроўка, багор, дзве сякеры, грувасткая ручная помпа. Усё гэта перамяшчалася на коннай цязе, а для абслугоўвання адной ручной пажарнай помпы патрабавалася каля паўсотні чалавек: 12 у дзве змены качалі каромыслы нагнятальнага механізму, 8 абслугоўвалі рукавы і ствол, а астатнія, выстраіўшыся ў адзін ці два рады, падносілі да трубы вёдрамі ваду. Дальнасць дзеяння вадзянога струменю дасягала 10 метраў пры максімальным напружанні –  каля 20 вядзёр за хвіліну. З той пары і да цяперашняга часу тэхніка і ўзбраенне прайшлі свой эвалюцыйны шлях. Змянілася аснашчанасць, экіпіроўка, магчымасці і структура, а пажарная служба стала Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях.

Такі невялікі экскурс у гісторыю змешчаны на памятнай дошцы, якая да прафесійнага свята была адкрыта на тэрыторыі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1. Устаноўлена яна разам з конскім возам, такой жа бочкай, помпай і ўсімі тагачаснымі прыладамі. Цікавая ідэя належыць начальніку райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргею Яўгенавічу Аваднёву, а падтрымаў яе ўвесь калектыў, які некалькі месяцаў працаваў над увасабленнем задуманага ў жыццё.

– Вось гэты знак з аднаго боку і ваша тэхніка з другога – рэальны прыклад таго, што нічога не стаіць на месцы, развіваецца. Выдатна памятаю свае гады службы, калі на пажар выязджалі старыя машыны з 2-3 тонамі вады, якая вылівалася за пару хвілін. Сёння ў вас на ўзбраенні ёсць сучасныя МАЗы з высокай праходнасцю, здольныя аператыўна спраўляцца з пажарамі. Шчыра жадаю вам поспехаў у нялёгкай службе і, канечне ж, сухіх рукавоў! – не мог не павіншаваць з прафесійным святам калег былы начальнік аддзела Генадзь Васільевіч Рубанік.

Пра людзей, якія змагаюцца з вогненнай стыхіяй, рызыкуючы сваім жыццём выратоўваюць чужое, вядуць вялікую прафілактычную работу па папярэджанні пажараў прагучала нямала добрых слоў.

– Дзякуй вам за вашу актыўную жыццёвую пазіцыю, гатоўнасць прыйсці на дапамогу, смеласць і мужнасць, – вітаў выратавальнікаў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка ў сваім выступленні адзначыла, што выратавальнікі паспяхова спраўляюцца не толькі са сваімі прафесійнымі абавязкамі, а і з грамадскай работай, з’яўляюцца дэпутатамі раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Штогод за высокія паказчыкі ў працоўнай дзейнасці і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў ушацкія выратавальнікі ўдастойваюцца заслужаных узнагарод. Ганаровую грамату Ушацкага райвыканкама на свяце атрымаў Дзмітрый Сяргеевіч Кучаронак, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13, Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена вадзіцелю Аляксандру Пятровічу Бугаю. Загадам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях чарговае спецыяльнае званне “старшы прапаршчык унутранай службы” прысвоена вадзіцелю пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Сяргею Генадзьевічу Сысу. Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС сёлета ўзнагароджаны старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны аддзела Максім Васільевіч Кісель і камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 Алег Віктаравіч Севярын. Трэба адзначыць, што такую ж узнагароду за актыўны ўдзел у папярэджанні надзвычайных сітуацый, узаемадзеянне ў забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці і аказанне дапамогі ў прафарыентацыйнай рабоце атрымаў і дырэктар Ушацкай школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі. Медалі “Ветэранская ўдзячнасць” за ўклад у развіццё Беларускай арганізацыі ветэранаў па надзвычайных сітуацыях былі ўручаны як прадстаўнікам старэйшага пакалення – старшыні раённай арганізацыі Ігару Мікалаевічу Елісееву і Генадзю Васільевічу Рубаніку, так і маладой змене – першаму намесніку начальніка аддзела Віталю Аляксандравічу Ганіну, начальнікам каравулаў Мікалаю Паўлавічу Шустрову, Максіму Валер’евічу Дукмасаву, Арцёму Юр’евічу Жарнасеку.

Акрамя пажаданняў дабрабыту, поспехаў у службе ўшацкія выратавальнікі атрымлівалі ў гэтыя дні і яшчэ адно важнае – каб абавязкова здзейсніліся планы па будаўніцтве новай пажарнай часці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *