Ярко и весело прошёл в Ушачах фестиваль красок

Общество

Сустрэць “зялёных чалавечкаў” і аранжавых мам з такімі ж дзецьмі, без дапамогі цырульнікаў зрабіць самае смелае калараванне валасоў, пад замілаваныя позіркі бацькоў ушчэнт запэцкаць не толькі рукі ды твар, але і вопратку – гэткая фантасмагорыя стала рэчаіснасцю ў мінулую суботу, калі ўсімі колерамі вясёлкі расквеціў ушацкае лета фестываль фарбаў.

Такое мерапрыемства адбылося ў нашым раёне ўпершыню. Ідэя парадаваць ушачан яркай падзеяй належала райкаму БРСМ. Ініцыятыву падтрымалі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, даўшы згоду наладзіць свята на летняй танцпляцоўцы. І вось сонечным ліпеньскім днём каманда дзі-джэяў з кампаніі “БелХолі” распачала на танцполе забаўляльны марафон. Мушу сказаць, што арганізатары засталіся ў захапленні і ад нашага гарпасёлка, і ад ушацкай публікі. “Мы тут упершыню, але паспелі ацаніць утульнасць, чысціню і прыгажосць Ушач, а гэты від на касцёл і раку – проста неверагодны! – падзяліўся ўражаннямі прадстаўнік кампаніі Яўген Жукоўскі. – Нам ёсць з чым параўноўваць, бо толькі сёлета мы арганізавалі ўжо каля 40 падобных святаў па ўсёй Беларусі. З апошніх можна назваць маштабны фэст у Віцебску, а наш дзі-джэй “Ін флэйм”, які весяліць сёння ўшацкую публіку, стаў пераможцам бітвы дзі-джэяў, якая ладзілася ў праграме Дня моладзі на “Славянскім базары ў Віцебску”.”

“Вы – лепшыя! Дзякуй за атмасферу, яна была – агонь!” – напісаў на старонцы мерапрыемства Макс Мычкін, які каля трох гадзін запар “даваў жару” на сцэне летняй танцпляцоўкі. І гэта не было дзяжурным кампліментам. Падлеткі і моладзь, малышы, іх мамы, таты і нават бабулі весяліліся ад душы – “купаліся” ў фантанах сухіх фарбаў, паказвалі свае харэаграфічныя здольнасці пад модныя рытмы і асвойвалі новыя танцавальныя рухі, змагаліся за прызы ў гульнях і конкурсах. Аднымі з самых прыкметных на свяце сталі пераможцы танцавальнага паядынку дуэтаў Мікіта Саўчанка і Марыя Марковіч. Зрэшты, майстэрства Мікіты здзівіла нават дзі-джэяў, якія не падазравалі, што ўшацкі хлопец – лаўрэат прэ­стыжных харэаграфічных конкурсаў. А вось для 12-гадовай Машы, якая прыехала на лета да бабулі ў Двор Пліна з Петрыкаўскага раёна, сур’ёзныя перамогі яшчэ наперадзе, а яе добрая танцавальная форма – плён заняткаў спартыўнай гімнастыкай. “Калі даведаліся, што ва Ушачах будзе фестываль фарбаў, адразу паставілі сваіх бабуль перад фактам, што ніяк не можам прапусціць такую падзею. І вельмі рады, што прыехалі, бо свята аказалася надзвычай вясёлым!” – падзялілася эмоцыямі сяброўка Машы Аня Харытоненка.

Падобныя водгукі чула літаральна ад усіх удзель­нікаў каляровага фэсту. А “аднатонным” з яго не пайшоў ніхто – у тым ліку і карэспандэнт “раёнкі”: пасля свята мне давялося не толькі мыцца, але і адчышчаць фотакамеру, бо адзін з “гуманоідаў” высыпаў на мяне жменю зялёнай фарбы, пасвяціўшы ў сваё брацтва. Але ж на якасці здымкаў гэта ніяк не адбілася – у гэтым можаце ўпэўніцца самі!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *