Паляўнічыя ўжо падрыхтавалі свае стрэльбы і думаюць пра здабычу – хутка пачнецца сезон палявання на вадаплаўную птушку. Іншыя ўжо паспелі праверыць сваю трапнасць, палюючы на бакаса. Аб тэрмінах летне-восеньскага сезона-2017 мы папрасілі расказаць выконваючага абавязкі дырэктара Ушацкай арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Паўла Іванавіча ДУБОЎСКАГА.
– У адпаведнасці з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання ў нашых угоддзях з 8 ліпеня па 12 жніўня ў светлы час сутак можна паляваць на бакаса любога полу і ўзросту. Дазволены спосаб палявання – ружэйны з падыходу з паляўнічымі сабакамі (лягавыя, спаніэлі). Дазваляецца выкарыстоўваць гладкаствольныя стрэльбы, зараджаныя дробам.
12 жніўня пачнецца паляванне на вадаплаўную (акрамя гусей) і балотную птушку, перапёлку, вальдшнэпа, шызага голуба, вехіра, фазана, а з 16 верасня – на гусака белалобага, шэрага гусака-гуменніка, канадскую казарку. Здабываць птушак любога полу і ўзросту можна будзе ў светлы час сутак да 10 снежня. Дазволены спосаб палявання – ружэйны з засады, з падыходу, пад’езду з маламерных суднаў без рухавіка або з непрацуючым рухавіком, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі ўсіх груп, акрамя хартоў і ганчакоў.
На рабчыка і шэрую курапатку любога полу і ўзросту паляванне будзе адкрыта з 2 верасня па 10 снежня ў светлы час сутак. Паляваць можна з падыходу і засады, з падманьваннем, выкарыстоўваючы гладкаствольную стрэльбу, зараджаную дробам, а таксама паляўнічых сабак усіх груп, акрамя хартоў і ганчакоў.
На паляванні забараняецца выкарыстоўваць патроны з кулямі, карцеччу. Устаноўлены дні палявання: пятніца, субота, нядзеля, панядзелак, а таксама дзяржаўныя святочныя дні, якія аб’яўлены Прэзідэнтам нерабочымі. Паляванне дазволена па разавых і сезонных пуцёўках, кошт якіх – ад 6 рублёў.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.