Сельские почтовые отделения сочетают функции почты, магазина, банка

Общество

Сёння сельскія аддзяленні паштовай сувязі з’яўляюцца карысным сімбіёзам класічнай пошты з універсальным магазінам, банкам, дзе кліентаў чакаюць з ветлівай усмешкай і жаданнем дапамагчы. Пераканаліся ў гэтым, наведаўшыся на мінулым тыдні ў Вялікія Дольцы.

Застаць загадчыцу ўстановы З.П.Цветаву, на жаль, не атрымалася: жанчына зараз знаходзіцца ў працоўным водпуску. Даведацца ж пра тое, чым жыве паштовае аддзяленне, якім “валадарыць” гэты спецыяліст са стажам, дапамаглі мясцовыя жыхары.

– Для нас, вяскоўцаў, пошта – своеасаблівы інфармацыйны цэнтр, – расказвае Марыя Уладзіміраўна Карпёнак. – А наша Зінаіда Пятроўна заўсёды ў курсе ўсіх навін і інавацый. Яна знаходзіць агульную мову з кожным кліентам: выслухае, калі трэба, і неабходную параду дасць. Маёй нявестцы, якая займаецца распаўсюджаннем касметыкі, нават тэлефануе, калі прыходзіць тавар. А яшчэ наша Зінаіда сама сочыць за парадкам у памяшканні, нярэдка застаецца тут на абедзенны перапынак, робіць усё для зручнасці кліентаў.

Жыццё на вёсцы не стаіць на месцы: людзі заходзяць заплаціць за паслугі, набыць часопісы, касметыку, бытавыя прыборы і харчовую прадукцыю. Зрэшты, кошт апошняй часта адрозніваецца ад магазіннага ў прывабны для пакупніка бок. А яшчэ тут можна грошы з электроннай карткі зняць, што асабліва актуальна зараз, калі на час водпуску работніка аддзяленне “Беларусбанка” працуе толькі адзін раз на тыдзень.

Самая напружаная пара на пошце наступае, вядома, падчас падпісной кампаніі. А каб яе не праваліць, працаваць ў гэтым накірунку даводзіцца пастаянна, знаходзіць падыход і патрэбныя словы для кожнага чалавека. Таму план па падпісцы, напрыклад, на “Патрыёт” у Вялікіх Дольцах заўсёды выконваюць.

– Прыемна здзіўлена, наколькі якасна наладжана работа ў гэтым паштовым аддзяленні, – падзялілася ўражаннямі Кацярына Леанідаўна Шапель з Полацка, якая часова падмяняе З.П.Цветаву. – Даводзілася бываць у розных месцах, аднак такой колькасці наведвальнікаў у вясковых аддзяленнях даўно не бачыла. Ідуць за пасылкамі, у тым ліку з інтэрнэт-магазінаў, за таварамі, перыёдыкай. Многа паступае сюды і выданняў. Бачна, што ўсе паслугі паштовай сувязі тут добра “раскручаны”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *