Министр культуры Борис Светлов посетил Ушачский район

Зваротная сувязь Культура

Прызнаюся, прыемна было бачыць усмешку задавальнення на твары міністра культуры Рэспублікі Беларусь, які ў панядзелак наведаў наш раён. Барыс Уладзіміравіч Святлоў завітаў ва Ушачы прама са “Славянскага базару ў Віцебску” – абласны цэнтр днямі чарговы раз пацвярджаў статус культурнай сталіцы краіны. Зразумела, што кіраўнік адпаведнай сферы за некалькі фестывальных дзён наведаў усе пляцоўкі, меў магчымасць бачыць выступленні як зорак эстрады, так і лепшых самадзейных калектываў, шэдэўры народных умельцаў з розных куткоў Беларусі. Пагадзіцеся, здзівіць такога госця складана. Між тым, культработнікі Ушаччыны рабіць гэта і не спрабавалі – проста ў чарговы раз удала прадставілі арсенал сваіх напрацовак.

Афіцыйнай прычынай візіту Б.У.Святлова стала правядзенне прыёму грамадзян. За адведзеную на гэтыя мэты гадзіну пытанняў да Барыса Уладзіміравіча не паступіла. Але назваць візіт чыноўніка высокага рангу безвыніковым нельга ні ў якім разе. Нізкую актыўнасць землякоў можна патлумачыць як спецыфічнасцю сферы, так і тым, што пасля прыёму міністр прыняў удзел у правядзенні адзінага дня інфармавання насельніцтва, падчас якога сустрэўся з работнікамі галіны з усіх устаноў культуры раёна.

– Выступаць мне проста і адначасова складана, – адзначыў Барыс Уладзіміравіч, які ў сферы культуры працуе ўжо больш трох дзясяткаў гадоў. – З аднаго боку, вы, як кажуць зараз, людзі “ў тэме”. Таму аб стане спраў, тэндэнцыях і накірунках развіцця нашай галіны падрабязна, як я гэта раблю на сустрэчах у калектывах, напрыклад, прамысловых прадпрыемстваў, вам расказваць няма сэнсу. А з другога – менавіта гэта з’яўляецца і няпростым фактарам, бо вы ведаеце ўсе праблемы з нізоў.

Б.У.Святлоў не абыходзіў вострыя пытанні, а пачаў непасрэдна з іх. Ва ўмовах новай эканомікі для паспяховага выканання сваіх функцый установы культуры павінны навучыцца самастойна зарабляць. Гэта ні ў якім разе не сведчыць аб тым, што трэба адмовіцца ад бюджэтнага фінансавання галіны – ёй працягваецца ўдзяляецца вялікая ўвага і падтрымка дзяржавы:

– З боку Прэзідэнта краіны, Урада для гэтага робіцца ўсё магчымае і нават звыш таго, – запэўніў Барыс Уладзіміравіч. – Тым больш, што калі камерцыйная дзейнасць становіцца асноўным прыярытэтам, то можна і забыць аб нашай галоўнай задачы – зберагчы, памножыць і захаваць для нашчадкаў самабытную і багатую культуру беларускага народа. Пазабюджэтная дзейнасць устаноў заклікана зняць у першую чаргу цякучыя праблемы, заробленыя сродкі можна накіраваць у тым ліку і на павышэнне аплаты працы работнікам галіны. А ў вырашэнні стратэгічных пытанняў, напрыклад, калі ідзе гаворка аб захаванні спадчыны, дзяржава дапаможа мясцовым органам улады.

Галоўнай жа мэтай візіту Б.У.Святлова стала пытанне капітальнага рамонту ўшацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка. Да таго што менавіта яно першым было ўзнята на сустрэчы, Барыс Уладзімравіч быў гатовы. Праблему міністр ведаў, бо яна на кантролі ў кіраўніцтва раёна і вобласці. Тэму рамонту музея, дарэчы, пасля наведвання раёна ўзнімаў і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леанід Васільевіч Анфімаў. Час не шкадуе ўнікальны будынак, дзе ўшаноўваецца памяць аб гераічным народным супраціўленні народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

З моманту адкрыцця капітальны рамонт тут не праводзіўся і, нягледзячы на ўсе намаганні, сучасны стан аб’екта пагражае экспазіцыям і музейным фондам. У гэтым Б.У.Святлоў упэўніўся, наведаўшы ўстанову культуры – нават асабіста агледзеў працякаючы дах. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка расказала аб мерах, якія прымаюцца па захаванні аб’екта, распрацоўцы праекта яго рэканструкцыі. “Дапамога будзе!” – паабяцаў Барыс Уладзіміравіч. Улічваючы тое, што на рамонт патрэбна выдаткаваць значныя сродкі, хутчэй за ўсё работы будуць выконвацца паэтапна і магчыма пачнуцца ўжо ў бягучым ці наступным годзе.

Міністру неабходна яшчэ было наведаць Полацк, які рыхтуецца да Дня беларускай пісьменнасці, паспець на заключныя мерапрыемствы фестывалю ў Віцебску, але не мог ён не наведаць раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, на ўваходзе ў які яго гасцінна сустрэлі хлебам-соллю і звонкімі галасамі ўдзельнікі самадзейнага калектыву “Дубравушка” Арэхаўскага сельскага Дома культуры. “Кожны раз любуюся вашымі прыгожымі, з запалам дзяўчатамі!” – казала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Канстанцінаўна Аленская.

Сваім задорам калектыў захапіў і Б.У.Святлова, а пазітыву дабавілі іншыя. Міністр станоўча ацаніў побытавыя танцы маладых удзельнікаў калектыву “Спадчына”, прыгожыя касцюмы і майстэрства выканання песні ўласнага аўтарства нядаўна створанага трыа “Ушачанка”, з задавальненнем праслухаў мелодыі маладога джаз-бэнду пад кіраўніцтвам Аліны Сідарчук, песню хору народнага клуба “Ветэран”. Яго ўдзельнікі прасілі міністра аказаць садзейнічанне ў набыцці аўтобуса для аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, каб мець магчымасць часцей выязджаць на мерапрыемствы, бо калектыў запатрабаваны, яго запрашаюць і за межы раёна. Праблемы з транспартам агучыла і загадчык аўтаклуба Святлана Іванаўна Муша, якая адзначыла, што адзіны мікрааўтобус аддзела не можа ў поўнай меры справіцца з функцыяй дастаўкі культуры “ў масы”.

– Гэта пытанне не тактычнае, а стратэгічнае, прычым не толькі для вашага раёна, – тлумачыў Б.У.Святлоў. – З-за скарачэння сельскага насельніцтва праводзіцца аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры. А паслугі клуба, бібліятэкі жыхары нават самых невялікіх вёсак павінны мець магчымасць атрымліваць так жа, як купіць бохан хлеба ў аўтамагазіне. Пытанне будзе вырашацца ў комплексе, на ўзроўні Міністэрства.

А пасадзейнічаць у набыцці гукавой апаратуры Барыс Уладзіміравіч абяцаў у хуткім часе.

Добрыя словы ад міністра пачулі і гаспадыні народнага клуба “Прысмакі”. Здаецца, што незвычайнага ў стале з клёцкамі і дранікамі, маласольнымі агуркамі ды салам? “Тут зроблена з любоўю, з душой усё, не толькі клёцкі!” – ацаніў майстэрства ушачанак Б.У.Святлоў. Уразілі яго і разнастайныя вырабы на выставе ўшацкіх рамеснікаў: і маладых, і прызнаных майстроў – руку міністр паціснуў кожнаму. Дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч падарыў Барысу Уладзіміравічу адну са сваіх карцін, а ганчар Уладзімір Іванавіч Бязрукаў расказаў аб тэхніцы выканання сваіх шыкоўных работ: “Асабліва цяжкага нічога няма, літаратуру можна зараз знайсці без праблем. Увесь сакрэт у цярпенні, імкненні да справы, любоў да яе…”

У сферы культуры так і працуюць, па-іншаму тут нельга. Гэта напрыканцы сустрэчы падкрэсліў Б.У.Святлоў. За візіт у наш багаты культурнай спадчынай раён словы падзякі Барысу Уладзіміравічу выказала В.М.Захарэнка. Яна адзначыла, што работнікі культуры сваёй патрэбнай, не заўсёды бачнай справай, захоўваючы і зберагаючы традыцыі, уносяць дастойны ўклад у будаўніцтва маладой беларускай краіны, запэўніла, што прадстаўнікі галіны раёна і надалей будуць годна прадстаўляць свой край, садзейнічаць яго прыцягальнасці для гасцей і турыстаў. А раённыя ўлады накіруюць намаганні на развіццё інфраструктуры, стварэнне ўмоў для рэалізацыі значнага патэнцыялу раёна, каб не толькі іншыя рэгіёны, а і мы змаглі неўзабаве прымаць святы накшталт Дня беларускай пісьменнасці – літаратурная спадчына раёна дае для гэтага ўсе прадпасылкі.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *