В Беларуси 27 населённых пунктов с названием Городок. В Ушачском районе — он самый живописный

Наши земляки Ушаччина туристическая

“На паўвостраве хаты стаялі, месца гэтае Гарадком называлі…” Такія вершаваныя радкі давялося пачуць у аднайменнай вёсцы Вяркудскага сельсавета. Мясцовым жыхарам пазайздросцілі б несумненна многія: з трох бакоў населены пункт акружае возера Павульскае, таму трапіць у вёску можна толькі па адной дарозе. Знаходзіцца населены пункт ў 29-ці кіламетрах ад раённага цэнтра.

У ХІХ стагоддзі Гарадок быў у складзе маёнтка Цётча Лепельскага павета, пазней гэтыя землі належалі памешчыцы Марыі Кашчэевай. У пачатку ХХ стагоддзя вёска адносілася да Ульскага раёна, тут налічвалася больш за 160 жыхароў. А ў 1931-м далучана да Ушацкага, тады ж быў утвораны і мясцовы калгас. Падчас Вялікай Айчыннай немцы спалілі 29 двароў і загубілі 6 жыхароў. Пасля вайны Гарадок адбудаваўся і ў 1969-м колькасць насельніцтва дасягнула свайго піку – тут пражывала 250 чалавек.

У цяперашні час у Беларусі існуе 27 населеных пунктаў з назвай Гарадок, але, думаецца, што наш ушацкі – самы маляўнічы і непаўторны.

Гістарычная асоба

Так, усміхаючыся, сябе называе адна са старэйшых жыхароў вёскі Зінаіда Афанасьеўна Ткачонак. Хоць пражыла ў Гарадку толькі частку свайго жыцця, аднак лічыць сябе вясковым чалавекам, які прырос да гэтага месца ўсёй душой. Яно і не дзіўна, тут жанчына нарадзілася, правяла сваё дзяцінства, сустрэла першае каханне. Усе школьныя гады сядзелі за адной партай з будучым мужам, дачакалася яго з арміі, а згуляўшы вяселле, разам пражылі з Пятром Якаўлевічам 60 гадоў.

– Вёска наша не надта вялікая была, двароў 40. Школы тут не было, а таму дзеці хадзілі ў суседнюю Гарбаціцкую, а дакладней будзе сказаць…плавалі на лодцы, бо гэта быў самы зручны варыянт. Хадзілі толькі тады, калі возера пакрывалася трывалым ільдом, – прыгадвае часы свайго дзяцінства і юнацтва Зінаіда Афанасьеўна.

Прафесійную дзейнасць жанчына звязала з педагогікай. Скончыўшы адпаведнае вучылішча, яна працавала ў той самай Гарбаціцкай школе і ўжо сама вазіла дзяцей з Гарадка на лодцы на заняткі. “Пасаджу у лодку поўны экіпаж – і плывём.”

Пазней сям’я Ткачонкаў некаторы час жыла ў Сібіры, а потым пераехала ў малады Наваполацк, які ў той час актыўна будаваўся. Там у адной са школ настаўнікам пачатковых класаў Зінаіда Афанасьеўна адпрацавала 38 гадоў.

– Дзяцей было шмат, прыходзілася браць па два класы, у якіх вучылася не меней за 40 чалавек – у журнале не хапала месца, каб усіх запісаць. Цяпер мноства дапаможнай і нагляднай літаратуры, камп’ютарныя тэхналогіі, тады ж усяго гэтага не было, знайду малюнак дзе-небудзь і нясу дзецям паказаць што гэта апельсін, – прыгадвае З.А.Ткачонак.

30 гадоў таму пасля выхаду на заслужаны адпачынак, жанчына не раздумваючы прыехала жыць у родныя мясціны, пакідаючы іх толькі ўзімку. Менавіта тут, на радзіме, як нідзе адчувае сябе бадзёрай і здаровай. Любяць гэтае месца і чацвёра ўнукаў Зінаіды Афанасьеўны. У час нашага візіту прыехаў пагасціць у радавое памесце Вячаслаў (на здымку). Інжынер Астравецкай атамнай станцыі – трэцяе пакаленне Ткачонкаў, якія не забываюцца на свае карані. Хоць і вучыўся ў Наваполацку, а потым выдатна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але кожнае лета бывае тут і па імёнах можа назваць усіх мясцовых жыхароў.

“На пікнікі адпачыць прыязджайце, толькі радзіму не прадавайце” – гэтае “завяшчанне” Зінаіды Афанасьеўны ведае не толькі ён. І прадаваць не збіраюцца, больш таго, абжываюць другі дом, хоць па ранейшаму жывуць з маці адной сям’ёй, якую нават нявестка Рэгіна Іванаўна называе залатым, незвычайна мудрым чалавекам.

Радзіму не прадаю

Калі б не шматлікія шпакоўні, на абрэзаную бярозу балюча было б глядзець. Яе адмерлыя галіны – быццам выйшаўшыя ў свет дзеці: выраслі і засохла сцяжына да вёсачкі, што дала жыццё. Але як ў свае домікі прылятаюць вясной птушкі, так напаўняюцца летам галасамі старыя і новыя сядзібы Гарадка.

Змайстраваў гэтыя шпакоўні ветэран чыгункі Васіль Васільевіч Бондал. Навошта? Пытанне хутчэй рытарычнае. Чуў іх спеў, калі кіраваў цягнікамі, што злучалі Полацк з Масквой, Санкт-Пецярбургам ці Сочы. Палову свету аб’ехаў, а прыгажэй сваёй Бацькаўшчыны нічога не бачыў. Яна для яго – у туманнай раніцы, калі не лянуецца падымацца ў палове пятай, каб засесці ў чароце з вудай. У праменях сонца, што гуляюць на хвалях Павульскага возера. І не толькі ў спевах салаўя, але і крыках чайкі, што гняздуюцца на вадзе.

На беразе возера ахвотна набываюць нават участкі, не тое што сядзібы. Аднак на пытанне, ці не разглядаўся варыянт аб продажы, Васіль Васільевіч адказаў: “Я радзіму не прадаю”. І ўсміхнуўся, бо ўсе прыгадалі героя Г.Буркова, які каб пабудаваць гараж прадаў сядзібу на вёсцы – радзіму. “Домік” для машыны ў Бондалаў таксама тут. Замацавалася і трывалая думка наконт таго, каб перабрацца назаўсёды. Тым больш што і жонка Людміла Аляксандраўна выйшла на заслужаны адпачынак. А аб грунтоўных намерах спадчыннікаў гавораць бетонныя блокі, дошкі – распачатая будоўля.

– Вось пераробім стары дом, потым гаспадарчыя пабудовы, да і жыўнасць завядзём, – гаворыць Васіль Васільевіч, зноў беручыся за касу. Мы засталі гаспадара і яго сына Аляксандра за добраўпарадкаваннем сядзібы. І калі качкі ці парсюкі толькі ў перспектыве, то маладыя дрэўцы ўжо прываблівалі маленькімі чырвонымі пладамі. Аказалася, што робіць прышчэпы сама гаспадыня. Замілаванне былой правадніцы – ружы і лілеі, якімі засаджаны палісаднік.

Той, хто ўсё жыццё правёў у дарозе, цэніць трываласць зямлі і ўмее быць такім жа шчырым, як яна. Паказваючы нам навакольныя славутасці, расказваючы пра суседзяў, Людміла Аляксандраўна адорвае на дзіва адкрытай усмешкай.

Не дзеляцца на сваіх і дачнікаў

Напярэдадні Купалля кожны жыхар Гарадка атрымаў запрашэнне на свята. Зрабілі і разнеслі іх дочкі Юлі і Дзяніса Вараб’ёвых. Яны ж прыдумвалі забавы, конкурсы. Не пашкадавалі аб гэтым усе, хто не заленаваўся. На “цэнтральным пляжы” вёскі вогнішча, вянкі, спевы пад гітару…Гэта ўжо другое свята ўсёй вёскі.

Падобнымі мерапрыемствамі ў нашым раёне нікога не здзівіць – культработнікі летам імкнуцца пабываць у як мага большай колькасці населеных пунктаў. Аднак тут іх пакуль не было. Літаральна ўсё – ад культурнай праграмы да святочнага стала ўзялі на сябе дачнікі.

“Малайцы, усіх запрасілі, стол накрылі, да ночы Мікалай нам песні спяваў. Дружна жывём, прыезжыя вось такія адкрытыя, і мы апошнім падзелімся. Дачнікі могуць быць спакойнымі за сваю маёмасць – злодзеяў у нас няма”, – расказвае Эмілія Мікалаеўна Гронская. Яна – пастаянны жыхар, якіх да гэтага часу нямнога было на вёсцы. Надзея Яфімаўна і Ганна Канстанцінаўна Кірпічонкі, Зінаіда Міхееўна Жогаль, ды адзіная сямейная пара: Лідзія Аляксандраўна і Пётр Рыгоравіч Ткачонкі. Гэтыя вельмі працавітыя людзі нават каня трымаюць, нягледзячы на паважаны ўзрост. Выхавалі пяцёра дзяцей. А паколькі ў Гарадку і ў суседняй Цётчы ў свой час былі фермы, то і працавалі мясцовыя жыхары пераважна даглядчыкамі ды даяркамі.

Аднак расце кагорта “перасяленцаў”, што задумалі памяняць гарадскую прапіску на гарадокскую. Сярод іх не толькі Бондалы, але і Марына Шылава. Ды і Івана Бурака, Паўла Сукальскага, Марыю Ясюк, чужымі не назавеш. “Калі б не дачнікі”, ды мы б і карэнных жыхароў у гэтай вёсцы не адшукалі, – гаворыць старшыня Вяркудскага сельсавета, адзначаючы выключную ролю гэтых людзей ў барацьбе з баршчэўнікам. Мікалай Ткачонак як і Сукальскі змайстраваў даўгі “меч”, якім у час цвіцення рубіць шапкі баршчэўніка.

Дзякуючы дбайным гаспадарам, дачнікам і спадчыннікам, у Гарадку не адшукаеш ніводнага кінутага доміка. Усе абкошаны і дагледжаны, з яркімі ружамі ці аркамі з вінаграду. І што яшчэ прыкметна…няма двухметровай агароджы, што закрывае багатыя асабнякі ад усяго свету. У Гарадку нават заможныя дачнікі вылучаюцца душэўнай адкрытасцю. А сядзіба мінчан Людмілы і Ігара Русакоў наогул не мае агароджы. Да іх прывабнага зборнага дома, на тэрасе якога нават крэслы не ўбіраюцца, можа падысці любы. І тым больш на даўгі пірс, што выступае ў возера. Тут ловяць рыбу, катаюцца на водным матацыкле і нават лыжах. Русакі пабудавалі яго для агульнага карыстання. І менавіта яны былі ініцыятарамі свята вёскі, якое да гэтага часу прыгадваюць усе.

І швец, і жнец, і на дудзе …

На апошнім музычным інструменце Мікалай Пятровіч Ткачонак, праўда, не грае. Аднак пры жаданні мог бы. Паколькі з тых адораных людзей, якім паддаецца ўсё, што захоча. Тым больш што любіць працаваць, і выключна – з натхненнем. Змайстраваў такую печ з ляжанкай, што сам сабе зайзросціць,– так цёпла і ўтульна там, другую – гаспадарчую з плітой і мноствам сушылак і духавых шафаў. У доме, што набыў насупраць бацькоўскага і пакрыху даводзіць да ладу, усё зроблена сваімі рукамі: вінтавая лесвіца на гарышча, драўляныя стол і лавы – трывалыя і без адзінага цвіка. Супрацьлегласць ім – казачны разны домік, а таксама выразаныя з дрэва мініяцюрныя буслік і парсючок, што сустракаюць ля сядзібы.

Суботнікі ў яго кожны дзень. Мабыць таму з іроніяй адносіцца да суботнікаў пад прымусам. Нават верш гэтаму прысвяціў. Яны, жартоўна-філасофскія, нараджаюцца таксама – з выпадку, а каб не губляліся, жонка і сястра падарылі альбом з трапнай назвай “Начало”. І ўжо трапілі туды ленінскае бервяно, кінутае шчаня … і нават суседка па дачы Таццяна. На апошні верш нарадзілася, дарэчы, і песня, якая не выбіваецца з асноўнага рэпертуару М.Ткачонка: больш за ўсё ён любіць Высоцкага, на памяць ведае каля двухсот яго песень. А вучыўся падбіраць акорды інжынер “Паліміра” самастойна, калі гітара, як і бардаўская песня была модным захапленнем і дваравым заняткам наваполацкіх хлапчукоў.

Зразумела, што не адно вясковае свята не абыходзіцца без Мікалая. Прыбягаюць да яго таксама, каб пазычыць які сталярны інструмент ці прыладу да рамонту тэхнікі. Рукі ў яго сапраўды залатыя – і менавіта такую ўзнагароду – за залатыя рукі – атрымаў у свой час работнік “Паліміра” ад мэра горада Наталлі Качанавай.

* * *

Вось такое насычанае жыццё ў Гарадку. Тут ужываюцца побач інтарэсы аб ураджаі на градках, водных лыжах, рыбалцы і глыбокая лірыка. А ў жартоўных чатырохрадкоўях Мікалай Пятровіч Ткачонак можа сапернічаць з яшчэ адным дачнікам і цёзкай Мікалаем Прохаравічам Несцярэнкам. Цікавы атрымаецца дуэт.

Вольга КАРАЛЕНКА, Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “В Беларуси 27 населённых пунктов с названием Городок. В Ушачском районе — он самый живописный

  1. И места замечательные и люди, в большинстве своем, хорошие. Край мог бы стать туристической Меккой. Чего не хватает что бы так и произошло? 1. Озеленить прибрежную полосу. Высадить лес. При необходимости, принять законодательный статус этой зеленой зоны. Посмотрите сами где расположены санатории и лагеря отдыха: в лесу, на берегу водоема. 2. Убрать или навести порядок с «законными браконьерами» — арендаторами водоемов. Уже проще в ванной рыбку поймать чем на Паульском. Потянуться люди, потянуться инвестиции, появится конкуренция, появится сервис и инфраструктура. Понятно, что от программы до реализации много лет пройдет. Пусть хоть наши дети или внуки настоящий «Рай Поозерье» увидят. Что нужно делать СМИ: писать и писать о этом.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *