Отдел принудительного исполнения Ушачского района активно работает с должниками

Закон - один для всех

У чые дзверы стукаецца судовы выканаўца? Да бацькоў, якія не плацяць аліменты або сродкі на ўтрыманне дзяцей, адабраных у іх дзяржавай. Да абанентаў аператараў мабільнай сувязі, што “забываюцца” пра аплату. Да жыхароў дамоў і кватэр з даўгамі за камунальныя паслугі. Да правапарушальнікаў, якія ігнаруюць прызначаныя ім штрафы…

Кожны даўжнік – асобная справа, якую распачынаюць у аддзеле прымусовага выканання на грамадзян, калі тыя не плацяць запазычанасці добраахвотна і своечасова.

– Пасля даўжнік мае права на працягу сямі дзён разлічыцца самастойна – калі гаворка ідзе пра даўгі па крэдытах, за камунальныя паслугі і тэлефонную сувязь (для аплаты штрафаў тэрміну няма). Гэта стадыя добраахвотнага выканання, – расказвае начальнік ушацкай службы А.В.Маслюк. – Калі ж такога не адбываецца, наступае прымусовае. Прычым, да асноўнага доўгу дадаецца яшчэ прымусовы збор – 10 працэнтаў ад агульнай сумы. Судовы выканаўца наведвае даўжніка і накладае арышт на маёмасць у кошт пагашэння доўгу.

Бывалі ў практыцы Алены Віктараўны і канфліктныя сітуацыі падчас вопісу маёмасці. Напрыклад, даўжнік жыве з маці-пенсіянеркай, і ў доме ёсць пральная машына. Жанчына запэўнівае, што купіла яе сама. Але адпаведных дакументаў, якія б гэта пацвярджалі, няма. У такім выпадку судовы выканаўца мае права накласці арышт. А вось калі б захаваўся, скажам, гарантыйны талон з адзнакай, што купіла рэч менавіта маці даўжніка, то рэч не апісвалася б.

Рэалізуюць апісаную маёмасць двума шляхамі. Прадаць яе можа сам даўжнік. Гэта трэба зрабіць за месяц і толькі з дазволу судовага выканаўцы. У другім выпадку за продаж адказвае непасрэдна аддзел прымусовага выканання. Канфіскаваныя рэчы рэалізуюцца ў такім разе праз сетку райспажыўтаварыства.

Зрэшты, не на ўсю маёмасць дазволена накладаць арышт. Напрыклад, калі ў доме адзін халадзільнік, яго пакінуць гаспадару. Тое ж з дзіцячымі рэчамі, спальнымі месцамі. А вось тэлевізар, мабільны тэлефон, мікрахвалёўку і нават аўтамабіль судовы выканаўца можа забраць на рэалізацыю.

– З даўжнікамі трэба размаўляць, – заўважае А.В.Маслюк. – Судовы выканаўца павінен быць крыху псіхолагам. Шукаем падыходы да сваіх “падапечных”, тлумачым ім нашы правы і іх абавязкі.

Дарэчы, у апошні час адбылося нямала змен у заканадаўстве, якія рэгламентуюць дзейнасць названай службы. Так, напрыклад, цяпер пры звальненні абавязанай асобы выканаўчы ліст з былога працоўнага месца накіроўваецца не судоваму выканаўцу, а непасрэдна таму, на чыю карысць спаганяюцца сродкі. Той і будзе вырашаць, як паступіць далей: звярнуцца з заявай аб далейшым спагнанні грошай у аддзел прымусовага выканання ці, як кажуць, усё “прабачыць” чалавеку. Змяніліся таксама дзеянні банкаў у адносінах даўжнікоў па крэдытах: цяпер адпаведныя дакументы могуць накіроўвацца ў абыход судовага выканаўцы адразу па месцы працы такіх грамадзян – яны ж даведваюцца пра гэта праз спецыяльнае апавяшчэнне.

У аддзеле прымусовага выканання Ушацкага раёна працуюць спецыялісты, якія любяць і добра ведаюць сваю справу. І ўсё ж лепш не дапускаць сітуацый, што вымушаюць іх прыходзіць у ваш дом з непрыемнай для абодвух бакоў місіяй.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Штомесяц у аддзеле прымусовага выканання Ушацкага раёна праводзіцца вытворчасць у сярэднім па 400 справах. Найбольшую частку даўжнікоў складаюць неплацельшчыкі аліментаў. Бічом апошняга часу сталі запазычанасці ўшачан па крэдытах у банках.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *