В ОАО «Ильюшинский» готовятся к уборочной кампании

Сельское хозяйство

У ААТ “Ільюшынскі” ўжо практычна справіліся з травамі першага ўкосу. Па стане на чацвер было скошана 99,1 працэнта ад запланаваных плошчаў, нарыхтавана амаль 7,5 тысячы тон сенажу. Але ўдзельнікам касавіцы расслабляцца няма калі. Вядзецца яшчэ нарыхтоўка сена, асобныя механізатары аказвалі дапамогу на адвозцы зялёнай масы КУП “Маяк-Ушацкі”, а многія зараз заняты не менш важнай справай – рыхтуюцца да ўборачнай кампаніі.

Два ільюшынскія Уладзіміры – Урбан і Лёля – ужо каторы дзень як не ўдзельнічаюць у корманарыхтоўцы, а іх паказчыкі працягваюць заставацца лепшымі ў раённым спаборніцтве механізатараў, занятых на касьбе траў і здрабненні зялёнай масы. На мехдвор гаспадаркі наведаўся ў абедзенны перапынак, але пагутарыць там было з кім. Ветэраны палявых работ Анатоль Усовік і Мікалай Ступко – не мясцовыя, і пакуль жыхары аграгарадка разышліся па дамах, яны хуценька наведалі сталовую гаспадаркі і працягвалі займацца рамонтам. За абодвума замацаваны КЗС-10К “Палессе”. Работы хапае – А.Усовік, напрыклад, які ў калгасе імя Дуброўскага паспеў папрацаваць і на “Ніве, і на “Доне”, рыхтуе агрэгат, для якога сёлетняе жніво стане ўжо дванаццатым па ліку.

– Зноў сем камбайнаў плануем выпусціць на палі, – расказваюць мужчыны. – Састаў старшых камбайнераў не змяніўся: на КЗС-1218, як і ў мінулым годзе, будуць працаваць Уладзімір Урбан, Ула­дзімір Лёля і Анатоль Спірыдзёнак, на “дзясятках” – мы, Юрый Бука і Мікалай Казачонак.

У гаспадарцы, па сутнасці, ужо поўным ходам ідзе падрыхтоўка да адказнага перыяду, і камбайны да пачатку жніва будуць стаяць на лінейцы гатоўнасці.

– Летась, пасля заканчэння ўборкі, усе зернеўборачныя агрэгаты былі ачышчаны ад пажніўных рэшткаў, памыты і пастаўлены на зімовае захоўванне пад навесамі, – патлумачыў галоўны аграном “Ільюшынскага” Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак. – Зараз, безумоўна, думкі пра колас, будучы ўраджай. Пасля праведзенай дэфектоўкі, па меры “адшуквання” фінансавых сродкаў, набываем патрэбныя для замены запасныя часткі і расходныя матэрыялы. Пры неабходнасці на дапамогу камбайнерам прыходзяць слесары, зваршчыкі.

У сельгаспрадпрыемстве асабліва вострых праблем з рамонтам няма, хаця запчасткі, безумоўна, зараз каштуюць вельмі дорага – цэны “скокнулі” якраз апошнімі днямі. Прыступілі да падрыхтоўкі камбайнаў і суседзі ільюшынцаў – у КУСГП “Вялікадолецкае” таксама “раскансервавалі” з зімы большасць збожжаўборачных агрэгатаў. Мясцовыя аграрыі плануюць задзейнічаць на жніве ажно восем камбайнаў.

– Дэталі на некалькі мільёнаў недэнамінаваных рублёў змесцяцца ў кішэні, – расказвае дырэктар гаспадаркі Іван Піліпавіч Дарошчанка. – Стараемся набываць запчасткі ў дзяржаўных спецыялізаваных арганізацыях, але з гэтым узнікаюць праблемы – адразу патрэбна аплата, набыць нешта ў доўг не ўдаецца. “Жывых” грошаў не хапае, таму без паслуг камерсантаў, якія згодныя пачакаць з разлікам, адрамантаваць камбайны не атрымаецца. Праўда, цэны ў іх, як правіла, яшчэ вышэй…

Па словах начальніка раённай інспекцыі дзяржтэхнагдаду Івана Мікалаевіча Пухальскага, у некаторых іншых гаспадарках таксама ўжо пачалі займацца падрыхтоўкай збожжаўборачных агрэгатаў – работы па рамонце асобных машын на бягучым тыдні вяліся ў ААТ “Дземенец”, “Агра-Селішча” і КУСГП “Арэхаўна”. Усяго ў сельгаспрадпрыемствах раёна на ўліку маецца 46 камбайнаў розных мадыфікацый, да ўборачнай плануецца адрамантаваць каля 35 машын.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *