Соревнования по вейкбордингу «Wake Battle» прошли на озере Вечелье

Общество

Заўсёды на спаборніцтвы па вейкбордзінгу на водна-­аднаўленчым цэнтры Сяргея Фаміна даводзіцца прабірацца праз безліч прыпаркаваных аўтамабіляў. Па іх нумарах, сярод якіх сустракаюцца і замежныя, доб­ра зразумела, якую шырокую геаграфію прадстаўляе аўдыторыя свята. Гэта ўжо не проста спартыўнае мерапрыемства, а ўжо традыцыйная і прыемная імпрэза.  Сёлета «Wake Battle» наведвальнікі на трыбунах назвалі копіяй вялікага браслаўскага міжнароднага музычна-спартыўнага фестывалю
“Vivа Braslav”.

Зоркі і навічкі

На пірсе, з якога стартуюць спартсмены – не праціснуцца. Райдары, якіх да ўдзелу сабралася каля 40 чалавек, размінаюцца, апранаюць экіпіроўку, зусім юныя просяць парады ў старэйшых. На батуце скачуць маленькія гледачы, на трыбунах і ля вады госці пад музыку сочаць за выступленнямі. Сярод іх прыцягвае ўвагу маладая сям’я з вялікім сабакам па клічцы Рэд Бул. Мінчанін Дзмітрый Сухінін выступаць ва Ушачы прыехаў упершыню, а жонка Вольга падтрымлівае мужа ў новай для яго справе. Дзмітрый займацца пачаў нядаўна, на дошцы стаіць другі год, а паспаборнічаць вырашыў толькі зараз і заняў у катэгорыі аматараў 4 месца.

Пакуль адзін з самых моцных спартсменаў Герман Белякоў збіраецца выступіць ў прафесіянальнай катэгорыі, яго просяць падмяніць вядучага. Гэты навапалачанін у сваім відзе – сапраўдная зорка. Справа стала новым этапам пасля выдатнай кар’еры ў водных лыжах, а захапленне вейкбордзінгам як хобі прывяло да трэнерства, агульнай папулярызацыі віду і нават бізнесу – распрацоўкі праектаў па вытворчасці канатных сістэм для вейкбордзінгу. У Беларусі ўжо абсталявана 12 канатных дарог: ва Ушачах, Наваполацку, Браславе, Віцебску, Лагойску, Заслаўлі, Мінску і Гомелі.

Арганізатары – таксама ўдзельнікі

Спаборніцтвы арганізаваны невялікай колькасцю апантаных людзей, таму па­дзел абавязкаў тут заведама ўмоўны, кожны хоць раз дапаможа адзін аднаму ці дзе-небудзь заменіць: то за пультам трэба пастаяць, то мікрафон перахапіць, прынесці наждачную паперу, бо рукаятка электрацягі на дарожцы стала надта слізкай.

Пакуль наш ужо вядомы спартсмен Дзмітрый Шэўчанка выконвае сваю праграму ў прафесійнай катэгорыі, Аляксандр Пугач кіруе пультам і дае парады маладзейшым ушацкім спартсменам, якія  за 2 гады пасталелі і змяніліся знешне так, што цяжка пазнаць. Жадаючых займацца на водна-аднаўленчым цэнтры не вельмі многа, хаця комплекс з вясны па восень заўсёды адчынены для аматараў вейкбордзінгу. Менавіта такія цэнтры – лепшы спосаб паспрабаваць гэты спорт, бо для яго патрэбна экіпіроўка з вялікай колькасці элементаў, каштаваць поўны камплект будзе больш за 1000 беларускіх рублёў. А пры пракаце абсталявання можна вырашыць, ці варта задумвацца наконт пастаянных заняткаў і набыцця ўласнай амуніцыі.

У міжнародным каляндары спаборніцтваў

Як бы райдары не казалі, што збіраюцца адпачыць ну і зусім крыху паспаборнічаць, элемент асабістага месца важны. Якраз пасля размовы з А.Пугачом завяршае сваю другую спробу Д.Шаўчэнка. Ёй задаволены, бо першая не задалася і не спадабалася самому сабе. Для такога самаедства, як высветлілася, былі прычыны. Арганізатары запрасілі ў госці зорку вейкбордзінгу, расіяніна Мікіту Марц’янава, які натхніў нашых землякоў сваім вопытам. Спартсмен з Расіі вядомы тым, што яшчэ ў 2003 годзе прыняў удзел у сваім першым міжнародным турніры ў Лондане і адразу перамог. Для многіх гэта была нечаканым, так як Мікіта быў адным з нешматлікіх рускіх, якія ўдзельнічалі ў той час у гэтым відзе спорту. Услед за перамогай у Лондане ён заваяваў бронзавы медаль на чэмпіянаце свету ў Аўстраліі, замацаваўшы тым самым пачэснае месца на міжнароднай сцэне прафесійнага вейкбордзінга. І з 2003 года М.Марцьянаў не прапусціў ніводнага чэмпіянату Еўропы ці свету, заснаваў сваю школу і цяпер перадае вопыт і навыкі моладзі. Мае і многа задум па развіцці віду, бо кабельны вейкбордзінг пачаў станавіцца занадта аднастайным. Аднолькавая цяга, пастаянная вышыня і роўная хуткасць – ад усяго гэтага хочацца сысці і адкрыць новыя межы для катання.

Вейкбордзінг жа ў нашай краіне зараз на новым этапе развіцця. Упершыню спаборніцтвы ўключаны ў міжнародны каляндар (СWWC). Ва Ушачах Сяргей Фамін праводзіць хоць і прадстаўнічы, але па-сутнасці ініцыятыўны турнір. А вось у жніўні будуць праходзіць спаборніцтвы, за якія будуць залічвацца рэйтынгавыя балы, а першы этап Кубка Беларусі па вейкбордзінгу адбудзецца 22 ліпеня ў Браславе.

Прызы заслужылі як спартсмены, так і госці

Наш турнір праходзіў па звыклым рэгламенце. Нагадаем, што суддзі вейкбордынгу – такія ж самыя ўдзельнікі, іх павінна быць мінімум трое. Сёлета тэхніку трукаў, руху і візуальную прывабнасць праезду судзілі  Сяргей Міхайлаў, Аляксей Дурэйка, Эдвард Садоўнікаў, Дзмітрый Долгі. Зразумела, сваю катэгорыю яны не ацэньвалі. За ўсе складнікі максімальна можна набраць 100 балаў. Дазваляецца адно падзенне і тэхнічны прыпынак для ўсіх разрадаў. У спартсменаў ёсць па дзве спробы з чатырма праездамі, дазваляецца адно падзенне. Акрамя гэтага, калі падчас выканання праграмы райдар адчуў нейкія перашкоды, можна перастартаваць. Падаюць жа вейкбардзісты ў асноўным пасля выканання фігур, скачкоў з трампліна.

У юнацкай мужчынскай катэгорыі першае месца заняў Я.Міхайлаў, у аматарскай – В.Пцічкоў, сярод ветэранаў (ад 40 гадоў) – А.Стрынгаловіч. У адкрытай жаночай катэгорыі перамагла В.Марс, у майстарскай мужчынскай – С.Міхайлаў, у прафесійнай мужчынскай – Э.Садоўнікаў. Акрамя гэтага асобна адзначаўся трук з кікера (трампліна) – лепшым “трукачом” прызналі Д. Асачова.

Свае прызы атрымалі таксама і госці за спаборніцтвы ў армрэслінгу і SUP-бордзінгу – заплывах ў статычным палажэнні з веславаннем на спецыяльнай дошцы. Дзякуючы выдатнаму надвор’ю, якое заўсёды спрыяе ўшацкаму спартыўна-культурнаму святу і выдатнай арганізацыі, усё ў чарговы раз атрымалася.

Вольга СЕВЕРЫНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *