Вера Кладницкая является старейшиной сразу трёх деревень Веркудского сельсовета

Саветы і жыццё

Аднойчы на агульным сходзе вёскі Цётча былы старшыня Вяркудскага сельсавета Васіль Пятровіч Цянюга сказаў, што трэба абраць старэйшыну. Людзі прапанавалі Веру Пятроўну Кладніцкую. З тых пор званне, якое раней насілі толькі пражыўшыя жыццё, а значыць мудрыя людзі, атрымала саракагадовая жанчына. І вось ужо больш дзесяці гадоў з’яўляецца cувязной паміж старшынёй сельскага Савета і жыхарамі не толькі свайго Цётча, але яшчэ і суседніх Гарадка і Бярозава.

– Я зусім не старэйшы жыхар вёскі, зараз гэта Ганна Міхайлаўна Мукштанава, – усміхаецца Вера Пятроўна і прыгадвае той сход. – Для мяне  абранне было поўнай нечаканасцю. На той час у нашай немаленькай вёсцы жылі такія карэнныя і паважаныя жанчыны як Надзея Мікалаеўна Бандарэнка, Вера Маісееўна Лапіцкая, я ж – удвая маладзейшая. Людзей, канечне, ведала добра, паколькі выйшла сюды замуж ужо амаль трыццаць гадоў таму. Ды і работа ў бібліятэцы, а таксама ўдзел у выбарчых кампаніях дазволіў выдатна пазнаёміцца з усімі жыхарамі наваколля. Нічога незвычайнага не раблю, проста выконваю просьбы Веры Міхайлаўны Маслак: збіраю сродкі самаабкладання, даношу да вяскоўцаў важную інфармацыю, разам шукаем уласнікаў ці спадчыннікаў кінутых дамоў. Ды і з баршчэўнікам змагаемся…

Гэта асноўная праблема, з якой да старэйшыны звяртаюцца жыхары. Некалі чароўны ад шматлікіх рэк і азёр блакіт краявідаў зараз схаваны за су­цэльнай бела-зялёнай сцяной. Па гэтай жа прычыне нельга прабрацца да свяцілішча – помніка язычніцкіх часоў – што расцягнулася на беразе Павульскага возера. Там і каменныя ідалы, і ахвярнік з вогнішчамі – валуны, апрацаваныя рукой чалавека. Магло б стаць месцам турыстычных маршрутаў, аднак зараз, нават калі б і адшукаў, прыемнай гэту вандроўку наўрад ці назавеш.

– Вельмі дапамагло летась абкасіць нічыйную тэрыторыю вакол вёскі прадпрыемства меліярацыйных сістэм, спа­дзяёмся, што так будзе і сёлета. Ну а на сядзібах – справа гаспадароў, – тлумачыць сітуацыю Вера Пятроўна. – Па населеным пункце дагледжаныя ўчасткі, няма ніводнага такога, што б зарастаў пустазеллем ці па ім пайшоў баршчэўнік. За сваімі межамі абкошвае тэрыторыю Мікалай Мікалаевіч Кірпічонак, заўсёды ўзорны парадак на падворках Уладзіміра Пятровіча Кладніцкага, Веры Аляксандраўны Кірпічонак, Віталя Антонавіча Ігнатовіча. Адзін “несумленны” спадчыннік з Віцебска усё ж быў. Меркавала нават у інтэрнэт выкласці фотаздымкі, каб яму сорамна стала, аднак прыехаў, усё абкасіў, мяркуе прадаваць. Я не ведаю дакладных межаў зямельных надзелаў, аднак лічу, што не ў іх справа. Каб баршчэўнік не распаўсюджваўся, нельга даваць яму размнажацца, не падпускаць, знішчаць ўсімі даступнымі спосабамі не толькі ля сваіх падворкаў, а і паблізу.

Старадаўняе Тётча, дзе некалі была і панская сядзіба, і капліца на могілках, падзелена рэчкай Дзівай на два бакі. Тут нямногім больш дваццаці дамоў. Размешчана вёска ў чатырох кіламетрах ад аграгарадка Вяркуды, з якім добрыя аўтобусныя зносіны. Таму і працуюць тыя нямногія працаздольныя жыхары менавіта там. Загадчыцай прытулку для пажылых і адзінокіх грамадзян – Алена Леанідаўна Ігнатовіч, поварам – Людміла Дзмітрыеўна Кладніцкая, а яе муж Віталь Анатольевіч – рабочым ў мясцовым Доме культуры. Там жа і старэйшына вёскі. І ў той прыгажосці, што зараз пануе ля ачага культуры – ёсць часціна і яе старанных рук.

Неабыякавасць, добрае веданне мясцовых людзей (сама Вера Пятроўна з Загор’я таксама Вяркудскага сельсавета), і канечне, камунікабельнасць дазваляюць жанчыне выконваць гэтую грамадскую нагрузку і задавальняць просьбы грамадзян. Сёлета разраўняна дарога да могілак, падсыпана вуліца па самім Цётчы. Ну а старшыня Вяркудскага сельвыканкама В.М.Маслак пераканана, што зараз для вырашэння агульных праблем старэйшынамі і павінны быць у прамым сэнсе слова такія лёгкія на пад’ём людзі, якім не будзе складана дабегчы да аднавяскоўцаў, сабраць іх, і канечне, самім быць прыкладам гаспадарскага стаўлення да зямлі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *