Як нам паведамілі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, разлічваць на назначэнне дзяржаўнай аднаразовай адраснай сацыяльнай дапамогі для набыцця адзення, абутку, вучнёўскіх рэчаў да новага навучальнага года могуць працуючыя сем’і, у якіх сярэднедушавы даход на кожнага члена сям’і не перавышае 1,5 бюджэту пражытачнага мінімуму (на сённяшні дзень 275 рублёў 73 капейкі). Памер жа “школьнай” дапамогі складзе 30 рублёў на аднаго вучня.
Для афармлення неабходных дакументаў спатрэбяцца: пашпарты заяўніка і членаў сям’і; пасведчанні аб нараджэнні дзяцей; пасведчанне аб шлюбе (разводзе); даведка аб складзе сям’і; звесткі аб даходах за 12 месяцаў, якія папярэднічалі месяцу звароту (зарплата, дапамогі, пенсіі, аліменты); акт абследавання жыллёва-бытавога палажэння сям’і са школы; пасведчанне аб устанаўленні бацькоўства ці даведка з загса, калі бацькоўства не ўстаноўлена. Не выключана, што пры разглядзе заявы спатрэбяцца і іншыя дакументы.
За падрабязнай інфармацыяй можна звярнуцца ў ТЦСАН Ушацкага раёна, які размяшчаецца ў доме Саветаў па адрасе: г.п. Ушачы, вул. Ленінская, 12, кабінет №11, тэлефон: 5-74-14. Прыём дакументаў спецыялісты цэнтра ажыццяўляюць у рабочыя дні з 8 да 13 гадзін.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.