Ушачский овощесушильный завод переживает не лучшие времена, но за свою продукцию предприятию краснеть не приходится

Общество

Сёлета 65 год, як на Ушацкім агароднінасушыльным заводам распачаўся выпуск безалкагольных напіткаў. Як мы ўжо пісалі, за гэты час магутнасці павялічыліся не ў разы, а ў дзясяткі разоў: з 1500 бутэлек за змену да 3 тысяч у гадзіну. Гэта стала магчымым дзякуючы ўстаноўцы ў 2012 годзе новай лініі. Аднак праблем у завода не стала меней, а нават наадварот. Паколькі разліў вады ­ – адзіная вытворчасць прадпрыемства, то і не засталося манёўра, каб спад сезоннага збыту аднаго тавару “перакрываць” рэнтабельнасцю другога. Зараз фінансавы стан залежыць толькі ад выпуску і рэалізацыі мінералкі і ліманадаў. Пра справы вытворчыя мы і гутарылі з дырэктарам завода А.У.Шчуко.

– Андрэй Уладзіміравіч, завод зараз перажывае не лепшыя часы, у чым галоўныя праблемы?

– У дэбіторскай запазычанасці, ці можна нават сказаць – у несумленнасці партнёраў. Пра тое, што зараз літаральна ўсе гандлёвыя арганізацыі разлічваюцца з пастаўшчыкамі з растэрміноўкай на месяц, а то і болей, напэўна, ведаюць усе (мы ж набываем сыравіну па прадаплаце). І добра, каб дагаворныя адносіны захоўваліся. Аднак на справе маем не проста несвоечасовую аплату, а часта і гульню ў схованкі. Напрыклад, калі ведае якое райспажыўтаварыства, што ў іх паўстануць праблемы з разлікамі, яны не толькі не паведамляюць пра гэта, а за месяц, пакуль іх “гісторыя чыстая”, імкнуцца заказаць болей прадукцыі. А калі настае час аплаты, адцягваюць яе, спасылаючыся на складаныя часы, ці наогул не выходзяць на сувязь.

– І многа ў вас партнёраў, з якімі звязаны дагаворнымі адносінамі?

– Працуем больш як з 200 контрагентамі, а гэта азначае, што трэба зрабіць мінімум 200 званкоў, каб заключыць дагаворы, а потым у некалькі разоў болей, каб нагадаць аб неабходнасці аплаты. Пераважная большасць нашых партнёраў – райспажыўтаварыствы краіны, у якіх, на жаль, складанае фінансавае становішча. Таму шукаем больш плацёжаздольных партнёраў. Сярод іх гандлёвыя маркі “Еўрагандаль”, “Дыёніс”, “Веста”, “Карона”. Не грэбуем адносінамі і з малымі кропкамі, напрыклад, “Верасы”, “Базіс”, “Вясна”, “Каліна”. Шукаем партнёраў самі, ну і яны знахо­дзяць нас.

– У чым бачыце выйсце?

– Завод уваходзіць у сістэму Віцебскага аблкаапсаюза, а нашымі асноўнымі партнёрамі з’яўляюцца райспажыўтаварыствы. Лічу, кіраўніцтву трэба больш актыўна падтрымліваць сваіх вытворцаў, а не канкурэнтаў. Выбар у пакупнікоў захаваецца, а вось аб’ёмы пры своечасовых разліках мы маглі б істотна нарасціць. І становішча завода паправілася б, і грошы засталіся б унутры сістэмы. Гэта відавочна, як і тое, што прадукцыйнасць павысіцца, калі пры адных і тых жа затратах, як зарплата, аплата энерганосьбітаў, падаткі і іншыя, якія складаюць часам 50 працэнтаў прыбытку, мы павялічым аб’ёмы.

– Зараз завод працуе не на поўную магутнасць?

– Калі зыходзіць ад магчымасцяў абсталявання – то не, тры змены не арганізавана. А калі ад заявак – то на поўную. Калі б сітуацыя з заказамі была стабільнай, то арганізавалі б пастаянную другую змену. А так працуем у залежнасці ад сітуацыі. У канцы месяца перайшлі на 12-гадзінны рабочы дзень і месячны план у сто тысяч рублёў выканалі. Цяпер працуем па 8 гадзін. І мне хочацца выказаць словы падзякі нашым работнікам, якія разумеюць сітуацыю і сумленна адносяцца да абавязкаў. Зараз на заводзе ўсяго 27 чалавек. Непасрэдна на вытворчасці занята наогул толькі шэсць на чале са старшым майстрам Таццянай Сямёнаўнай Шылёнак. Выдзіманнем бутэлек займаецца Іван Іванавіч Крупеня, аператар разліву – Ганна Пятроўна Кандраценка, эцікеціроўшчык – Галіна Віктараўна Хмялеўская (на здымку). Адгрузка і ўлік усёй гатовай прадукцыі на кладаўшчыку Наталлі Рыгораўне Ціханёнак. Каб на лініі не было збояў, незаменны наш слесар-наладчык Віталь Дзмітрыевіч Сабін. Зараз па сістэме Белкаапсаюза зачынены многія гандлёвыя базы, напрыклад Чашніцкая і Полацкая, а таму нашы вадзіцелі калясяць па ўсёй краіне: завозіць упакоўкі даводзіцца ў кожны райцэнтр Віцебскай, Мінскай, і нават Гомельскай абласцей. Праз “Белкаапгандаль” дастаўляецца прадукцыя толькі ў райспажыўтаварыствы Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Грузчыкам працуе Аляксандр Міхайлавіч Жалейка. На летні час не першы год бяром яму ў дапамогу студэнтаў.

– Каб прадукцыя была канкурэнтаздольнай, некаторыя вытворцы пагаджаюцца нават на нулявую рэнтабельнасць. Ці не бывае такога ў вас? Ад чаго залежыць цана завода на прадукцыю і што больш прыносіць прыбытку?

– Я вельмі люблю грошы таму не магу на такое пайсці (жартую). Не, падчас маёй работы на заводзе цана прадукцыі ніжэй сабекошту не была ніколі. Як і павінна быць, дабаўляем надбаўку. А вось апошняя залежыць ад кошту прадукцыі канкурэнтаў: не можам сабе дазволіць быць даражэйшымі. А прыбытак большы прыносяць напіткі, сярод жа мінеральнай вады самая выгадная ўпакоўка 0,5 літра.

– У продажы вельмі вялікая колькасць напіткаў і мінеральнай вады, ці ведаеце вы кліентаў, якія аддаюць перавагу менавіта нашай мінералцы?

– Мы можам судзіць толькі па працягу адносінаў, калі ваду раскупляюць, значыць яна карыстаецца попытам. Ведаю людзей, якія аддаюць перавагу толькі “Вечаллю”, паколькі яна ім падыходзіць. Таксама неаднойчы чулі добрыя водгукі на выставах-дэгустацыях “Белкаапзнешгандлю” ў Мінску. Выбар мінералкі – гэта ў многім прывычка, а таксама ўплыў рэкламы. Мабыць наша прадукцыя не дастаткова раскручана, хоць прымаем удзел у дэгустацыях, рабілі відэаролікі па тэлебачанні, а за яе якасць чырванець не даводзіцца.

– Каб заняць людзей у зімовы сезон, вы нават пачыналі выпуск няпрофільнай прадукцыі – цвікоў. Раней завод наогул акрамя напіткаў вырабляў крухмал, сушыў агародніну, потым быў далучаны ўльскі цэх, які спецыялізаваўся на кансерваванні. Ці мяркуеце пашырыць профіль завода?

– Лічу няправільным, што пры адкрыцці новай лініі не захавалі ранейшае абсталяванне па сушцы агародніны. Аднак, я не застаў ні ўльскага цэха, абсталяванне якога, праўда, маральна састарэла, ні былых ліній завода. Так, другі накірунак вытворчасці не перашкодзіў бы. Аднак на адкрыццё патрэбны сродкі, той жа выпуск цвікоў паказаў, што каб працаваць рэнтабельна, трэба набыць яшчэ пяць станкоў. Так што пакуль будзем займацца толькі напіткамі: пашыраць рынкі, каб павялічваць аб’ёмы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *