“Добры дзень!” – у прывітальным жэсце ўскідваюць рукі дачнікі ў Павуллі, здалёк заўважыўшы джып Сяргея Дзмітрыевіча Маслюка, заснавальніка аграфірмы “Райнбов-агро”. Разам з ім вітаемся ў адказ. “Хто гэта?” – цікаўлюся ў яго і чую: “Я яшчэ па прозвішчах у гэтай старане людзей не вывучыў, але яны мяне ўжо добра ведаюць, вітаюцца”. Жыхары Янова, Павулля, Карачына, Гарбаціцы ды Апанаскавічаў, даведаўшыся пра планы прадпрымальніка па пашырэнні плошчы аграфірмы за кошт увядзення ў севазварот навакольных закінутых палёў былой “Дубраўкі” і “Райаграсэрвіса”, у справе выратавання зямель успрымаюць С.Д.Маслюка нібы месію.
Сам ён, канечне, так не лічыць. Затое цвёрда ўпэўнены – зямлі патрэбны гаспадар. І змены на палетках, якія зараз апрацоўваюць работнікі “Райнбов-агро”, іх кантраст з суседнімі, прыемна ўражваюць. Такога рапсу сёлета я не бачыў ні ў адным сельгаспрадпрыемстве. Неблагі ён і ля Апанаскавічаў, а на вялікіх узгорках у наваколлі Павулля сакавітыя высокія расліны жаўцізной сваёй квецені на фоне блакіту неба і азёр ствараюць незабыўны пейзаж.
– Апрацавалі ад пустазелля, тлі, падсілкавалі спецыяльным шматкампанентным угнаеннем, у якім практычна ўся табліца Мендзялеева, і вынік вось бачыш, – гаспадар месцамі амаль з галавой хаваецца сярод густых пабегаў. – З-за такой вышыні нават могуць узнікнуць цяжкасці з наступным агратэхнічным прыёмам: рапс трэба апрацаваць спецыяльным прэпаратам, які не дасць высыпацца насенню са спелых стручкоў, пакуль будуць даспяваць астатнія, а штангі апырсквальніка на такую вышыню не разлічаны.
На полі ля Янова роўнымі зялёнымі радамі і прывабным выглядам нас сустрэла і другая стратэгічная культура аграфірмы – бульба ўрадзіла яўна лепш мінулагодняй, калі “другі хлеб” на значных плошчах вымак. Гледзячы на чыстыя міжрадкоўі, нават не верылася, што гэта 23-гектарнае поле да сёлетняга года значны час не апрацоўвалася.
– Унеслі гербіцыды, знішчылі пырнік, – раскрывае сакрэт дагледжанасці культуры Сяргей Дзмітрыевіч. – Хоць каларадскага жука яшчэ і няма, “чакаць” з’яўлення лічынак не будзем – правядзём апрацоўку, як толькі ўсталюецца надвор’е, заадно і падкормім.
Меншае па памерах каліўе ў бульбы на пад’ездзе да Карачына. Тут, дарэчы, садзіць яе не планавалі. Але адгукнуліся на просьбу жыхароў населенага пункта, якія звярталіся ў райвыканкам з праблемай закінутага поля – пры верагоднасці палаў сухой травы вёсцы пагражала б небяспека. У гэтым выпадку, як кажуць, супалі жаданні і магчымасці: у аграфірмы яшчэ заставалася насенне і механізатары “Райнбов-агро” на пачатку чэрвеня за лічаныя дні знялі пытанне – на месцы пустуючага поля з дзікарослай травой расце будучая сыравіна для чыпсаў. “Дзякавалі мясцовыя жыхары і дачнікі, адна жанчына нават паслугі па праполцы прапанавала!” – усміхаецца С.Д.Маслюк.
Ён задумаў далучыць да сваіх плошчаў яшчэ звыш 1000 гектараў у наваколлі прыгаданых вёсак. Яго не палохае іх непрыглядны выгляд, зараснікі баршчэўніку, кустоўя і адлегласці: “Маем спецтэхніку, кусты выкарчуем, крутыя узгоркі спрафілюем. А ад базы ў Ляснеўшчыне праз Увалокі зробім прамую гаспадарчую дарогу на Янова.”
Раённыя ўлады планы прадпрымальніка толькі вітаюць, вядзецца працэдура афармлення дакументацыі на перадачу ўчасткаў. Некаторыя з іх зараслі настолькі моцна, што зараз хутчэй нагадваюць лясныя ўгоддзі, чым землі сельскагаспадарчага прызначэння. Але нават у гэтым прадпрымальнік бачыць свае плюсы: “Набудзем шчападрабілку і будзем нарыхтоўваць паліва – і раёну карысць, а то сёлета завозілі на цэнтральную кацельню аж з Расон, і людзі мае ўзімку будуць пры справе!”
Пакуль жа яны заняты на палях. Іван Дзенісёнак у суботу з раніцы ставіў на базе апырсквальнік, якім вёў хімпраполку збожжавых – не палетках “Райнбов-агро” разам з “другім хлебам” паспявае і асноўны, тры камбайны ўжо гатовы да ўборкі. “Запраўляй і выязджай!” – сцвярджаюць механізатары.
Але пакуль да жніва справа не дайшла, І.Дзенісёнак чапляў за МТЗ-952 граблі. У аграфірме, як і ў сельгаспрадпрыемствах раёна, у разгары корманарыхтоўка. Два МТЗ-1221 Дзмітрыя Мядзведскага і Сяргея Кладніцкага касілі травы за Увалокамі – пракосы канюшыны былі такой таўшчыні, нібы валкаўтваральнік ужо прайшоў па полі. Механізатарам для нармальнай работы нават прыйшлося зняць з касілак ахоўныя кожухі, інакш трава падбівала агрэгат. Зялёны корм планавалі запакаваць у стрэйч-плёнку, С.Д.Маслюк дамовіўся аб гэтым з кіраўніцтвам “Ільюшынскага”, дзе маецца адзіны пакуль у раёне прэс-абмотчык. Ёсць плошчы і пад сена. Травы ў “Райнбов-агро” сеялі не толькі дзеля севазвароту, а і з прыцэлам на будучыню. У планах – абзавесціся ўласным статкам буйной рагатай жывёлы, рэканструяваць для гэтага былую ферму “Арэхаўна” ва Увалоках. Не атрымаецца ў бліжэйшы час – будуць кармы прадаваць, як выручалі сёлетняй зімой не адно сельгаспрадпрыемства.
Наогул, з гаспадаркамі раёна ў “Райнбов-агро” нармальныя дзелавыя адносіны. Не першы год на ўзаемавыгадных умовах супрацоўнічаюць з ААТ “Дземенец”, наладжаны кантакты з суседзямі з “Арэхаўна”, дапамагалі механізатары аграфірмы таму ж “Ільюшынскаму”, “Райаграсэрвісу”. “У адным раёне жывём, адну справу робім” – кажа С.Д.Маслюк.
Д.Раманоўскі