Вновь прославили Ушачи! Квартет «Вдохновение» занял 2 место на республиканском конкурсе хорового искусства «Певчее поле»

Ими гордятся

“Апошнія словы мастацкага твору Дзмітрыя Бартнянскага, а твары членаў журы так і застаюцца застыўшымі. Класічная, вельмі складаная мелодыя, якая адняла столькі сіл, – і такая невыразная рэакцыя…Мы разгубіліся, і нават сапсаваўся настрой. Пакуль не пачулі:”Другое месца на рэспубліканскім конкурсе харавога мастацтва “Пеўчае поле” ў намінацыі духоўная музыка атрымаў квартэт  “Натхненне”.

Сціплая ж рэакцыя тлумачылася проста: члены журы так і “не апрытомнелі” ад першага нумару квартэта выкладчыкаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў – “Плачуць свечкі” Парцхаладзе – у прамым сэнсе застылі пад уражаннем. Як і нашы спявачкі, даведаўшыся, што абыйшлі амаль ўсе 11 калектываў сваёй намінацыі – выключна народных, узорных або акадэмічных.

“Вы, напэўна, ўжо і не хвалюецеся, усіх ведаеце?” Не паспяваю задаць пытанне, як чую чытырохгалоснае: “Яшчэ як!” Ды і дзе яны маглі чуць Пружанскі ўзорны хор, які атрымаў першае месца, ці пераможцу Маладзечанскага конкурсу маладых выканаўцаў Аляксандра Саланца. Гэта было адкрыццём. Прафесіяналы. А хвалявацца ўдзельніцы “Натхнення” пачалі адразу, як толькі даведаліся, што будуць абараняць гонар вобласці, з якой на конкурс накіравалі толькі іх і Наваполацкі жаночы хор, які застаўся без узнагарод.

– Рыхтаваць новыя нумары не было часу, таму выбіралі з існуючага рэпертуару духоўнай музыкі. Ён у нас разнапланавы, можна паказаць сябе, калі б не абмежаванне ў два нумары па дзве хвіліны кожны, – расказвае пра падрыхтоўку да дэбютнага ў творчай біяграфіі “Натхнення” фестывалю яго кіраўнік Жанна Савіцкая. – Складанасць была яшчэ і ў тым, што ў адной намінацыі ішлі і хары на пятнаццаць чалавек, і невялікія калектывы, як мы… Ды і выступалі восьмымі – практычна ў самым канцы. Нас і не ўспрымалі сур’ёзна: маўляў, які гук могуць даць чатыры хударлявыя дзяўчыны. Таму і ашаламіліся ад неспадзяванасці. А падчас ўзнагароджання было нават няёмка, назвалі ўжо і наступнага пераможцу, а член журы, мастацкі кіраўнік і дырыжор Дзяржаўнага камернага хору Беларусі Н.У.Міхайлава не адпускала са сцэны, дзякавала за гук, бо ведае, як складана яго даць і ўтрымаць.

– А спяваць сапраўды было вельмі няпроста. Акустыка ў касцёле Святога Андрэя ў Нарачы добрая, а вось звязкі перасыхалі чамусьці на першых секундах і трымалі гук натуральна скрозь слёзы, – дадае Алена Сазонава. – Журы непасрэдна перад табой, а ў ім кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі, іншыя масцітыя прафесіяналы. Ды і выступленні пачаліся адразу пасля адкрытых канцэртаў-рэпетыцый, без адпачынку пасля дарогі. Аднак мы ўсім задаволены.

Дзяўчаты рады не толькі чарговай перамозе, мноству адкрыццяў, зробленых для сябе, зносінам з прафесіяналамі і запрашэннем на сольны канцэрт падчас свята горада, але перш за ўсё таму, што нашы маленькія Ушачы зноў гучалі…як музычная сталіца. Раённы цэнтр пасля знаёмства з абаяльным квартэтам абавязкова адшукалі на карце ўражаныя слухачы. А натхнёнае чарговай перамогай “Натхненне” мяркуе праспяваць разам з “Чыстым голасам”. Думаю, у іх атрымаецца і гэта.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле” праводзіцца ў Мя­дзельскім раёне з 1952 года і з рэгіянальнага вырас да рэс­публіканскага. Сёлета ў ім прыняла ўдзел больш 500 выканаўцаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *