Идиллия в семье и на подворье. Дружная семья Инны Левановской занимается благоустройством и ведением подсобного хозяйства

Благоустройство Личное подсобное хозяйство

Акуратныя дамы з упрыгожанымі дварамі сталі асаблівай прыкметай вёс­кі Чарсцвяды. Напэўна, кожны, хто праязджае па ажыўленай трасе праз населены пункт, затрымлівае захоплены позірк на суседніх сядзібах сем’яў Шаўчэнкаў і Спірыдзёнкаў, якія нібы спаборнічаюць у аздабленні сваіх дагледжаных падворкаў. Вырашылі адпавядаць суседзям і гаспадары з сядзібы, размешчанай насупраць – блакітны домік з яркімі налічнікамі на вокнах выдзяляецца сваёй акуратнасцю.

– Прыемна, канечне, але нечакана, што звярнулі на нас увагу, – сціпла зазначыла гаспадыня падворка Іна Аляксееўна Леваноўская, калі мы вырашылі высветліць, хто ж так старанна ўпрыгожвае свой двор, робячы тым самым маляўнічай і вёску.

Прыгажосць на сядзібе ствараюць не пры дапамозе вялікіх грашовых укладанняў, а ўласнымі рукамі з падручных матэрыялаў, прыкладаючы старанні і фантазію. Так, ёсць тут некалькі імправізаваных вадаёмаў з лебедзямі. Адны зроблены з выкарыстаных пакрышак, другія – са звычайнай плёнкі і дроту. Старая гума для колаў  згадзілася і ў якасці вазонаў для кветак і міні-клумбаў. Круглы год цвітуць каля дома рамонкі з пластыкавых бутэлек, а месцамі выраслі дэкаратыўныя грыбочкі. І калодзеж атрымаў новы прывабны  і сучасны “дах”. Як зазначае гаспадыня, у вялікай ступені ўсё гэта –  заслуга дачкі Аксаны, якая разам са сваёй сям’ёй жыве ў бацькоўскім доме. Добраўпарадкаванне і выраб дэкаратыўных элементаў сваімі рукамі можна аднесці да яе хобі, як і вырошчванне разнастайных кветак. Падгледзіць у інтэрнэце ці прыдумае сама якую-небудзь ідэю і імкнецца ўвасобіць яе ў жыццё. Так паступова і ажыў двор, які выдатна праглядваецца з бойкай дарогі. Падтрымлівае Аксану ва ўсіх яе пачынаннях і дапамагае муж Андрэй, напрыклад, самаробная альтанка ў двары – гэта справа яго рук. Ну а маленькі Паша гуляе ў пясочніцы і катаецца на арэлях, якія гарманічна ўпісаліся ў такую вось ідылію падворка. Вельмі любяць праводзіць час у Чарсцвядах усе ўнукі Іны Аляксееўны, яна ўжо дачакалася і дзвюх праўнучак!

Нельга не адзначыць, што вылучаецца гэтая сям’я і тым, што мае немалую падсобную гаспадарку. “Не разумею тых, хто адмаўляецца ад дамашняй жыўнасці, тым больш  калі для гэтага ёсць сілы і магчымасці. Свае экалагічна чыстыя прадукты – добрая дапамога. Трымаем свіней, коз з казлянятамі, заўсёды ў двары была і ёсць птушка – куры, качкі. А вось яшчэ папаўненне –  качаняты, хутка ў інкубатары выведуцца і кураняты”, – гаворыць І.Леваноўская, трымаючы каробку з маленькімі пушыстымі камочкамі.

Спраўляцца з жыўнасцю і немалымі соткамі дапамагаюць дзеці. Андрэй і Аксана з дзяцінства прывучаны да работы, зараз абое працуюць у сельскай гаспадарцы – КУСГП “Арэхаўна”. Наогул усе чацвёра дзяцей Іны Аляксееўны выраслі  вельмі стараннымі і сумленнымі людзьмі. Хоць і знаходзяцца ўсе яны ў розных населеных пунктах –  ва Ушачах, Арэхаўне і Мінску, але жывуць адной надзвычай дружнай сям’ёй, раздзяляюць клопаты, праблемы і радасці, дапамагаюць адзін аднаму як маральна, так і матэрыяльна. Калі ў сям’і пануе паразуменне, дабрыня, пяшчота і любоў, то і справы ўсе ладзяцца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *