Разам 50 гадоў

Золотые юбиляры

Яны разам ужо больш паўвека, аднак самыя сапраўдныя пачуцці, на якіх трымаецца сямейны падмурак, з гадамі толькі памножыліся. Яны перажылі цяжкае пасляваеннае станаўленне ўсёй народнай гаспадаркі і былі яго непасрэднымі ўдзельнікамі. І, нарэшце, яны верылі ў лепшае будучае для сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў і дачакаліся яго.

алонскія з вёскі Жары з таго пакалення, каму ў маладосці давялося працаваць не складаючы рук. І не для таго, каб быць заможным, а толькі дзеля выжывання.

Мужчына з асаблівым болем прыгадвае, як да вайны пайшоў у чацвёрты клас басанож, а неўзабаве падаўся працаваць у калгас – не да навукі было. Яго жонка расказвае падрабязнасці свайго пакутлівага дзяцінства, як раслі без бацькі, як на яе вачах паміралі з голаду малыя браты і сёстры.

Для абодвух 1957 год стаў вызначальным у іх жыцці. Яны пазнаёміліся на танцах у Качанах, закахаліся, неўзабаве стварылі сваю сям’ю. Вяселле не ладзілі, не было за што шыкаваць. На першым годзе сумеснага жыцця абзавяліся вялікай падсобнай гаспадаркай. З рання да цёмнага працавалі ў тутэйшым калгасе.

– З гэтага часу жыццё для мяне стала зусім іншым, больш светлым і прыгожым, – прызнаецца Кацярына Іванаўна. – Побач быў любі- мы чалавек, які ўзяў на сябе асноўны клопат па гаспадарчых справах. Ён ніколі не ленаваўся, падмяняў, дзе трэба, мае рукі. З такім спадарожнікам не страшна было ісці ў вялікае жыццё.

І жанчына ўпэўнена пайшла. Адзін за адным сталі з’яўляцца дзеці: Міша, Ніна, Пеця. У хуткім часе са Слабады, дзе жылі ў бацькоўскім доме Кацярыны Іванаўны, пераехалі ў Жары. Там купілі дом і пачалі яго даводзіць да ладу. У дэкрэтным водпуску жанчына практычна не сядзела, патрэбны былі рабочыя рукі на палетках калгаса. А таму малых брала з сабой у поле, як і многія іншыя. Іван Ільіч быў незамянімым трактарыстам у “Чырвоным прамні”. Заўсёды ішоў у перадавіках, перавыконваў нормы выпрацоўкі і галоўнае, рабіў усё якасна. Больш за сорак гадоў упраўляў ён штурвалам трактара, і сёння з поўным правам можа ганарыцца сваёй працоўнай біяграфіяй, заслужанымі ўзнагародамі. Для сваіх дзяцей бацькі сталі ўзорным прыкладам адносін да працы, гаспадарання на ўласным падворку, а галоўнае – прыкладам сямейнага жыцця. І гэтыя жыццёвыя ўрокі не прайшлі дарэмна. Сем’і дзяцей сталі такімі ж моцнымі і трывалымі, як марылі бацькі. Ды і працавітасць кожнаму нібы перадалася ў спадчыну.

Дзесяць гадоў таму Палонскія перажылі вялікую сямейную трагедыю – смерць сына Міхаіла. Толькі любоў дзяцей і ўнукаў дапамагла растапіць той нечалавечы боль, які ахутаў душы несуцешных бацькоў. Яны змаглі пераадолець гэты цяжар і жыць далей, бо бачылі, як патрэбны ўсім родным.

Сёлета Кацярына Іванаўна адзначыла свой 80-гадовы юбілей. За плячыма вялікае жыццё, поўнае слёз радасці, гора, перажыванняў. Як высока яна цэніць сённяшні дзень – без стральбы і галодных пакут, з дастаткам і магчымасцю проста шчасліва жыць. Жанчына радуецца, што ў гэтым вялікім здабытку чалавецтва ёсць і іх з мужам маленькі ўклад і што іх мары, каб дзеці і ўнукі жылі лепш, чым яны, нарэшце, збыліся.

А.ПАШКОВІЧ. На здымку:

Іван Ільіч і Кацярына Іванаўна Палонскія.

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *