Не ледовый, но дворец!На физкультурно-оздоровительном комплексе идут отделочные работы и монтаж оборудования

Общество

30 чалавек адначасова змогуць займацца ў трэнажорнай зале пасля адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Яго ўвядзенне ў эксплуатацыю перанесена на трэці квартал бягучага года – будаўнікі не сталі фарсіраваць тэрміны і працуюць не ва ўрон якасці. Зусім хутка ў нас з’явіцца спартыўны аб’ект, не горшы, чым у буйных гарадах. Няхай не лядовы, але палац – спорту і здароўя.

У будынку паралельна з апошнімі аддзелачнымі работамі поўным ходам вядзецца мантаж абсталявання. У трэнажорнай зале яно ўжо ўстаноўлена. Калі не браць у разлік майстроў-наладчыкаў, то, напэўна, першым, хто апрабаваў сучасныя механізмы для карэкціроўкі фігуры і надання мускулатуры рэльефу, стаў вартаўнік будоўлі Андрэй Белавусаў (на здымку). “Космас!” – так ёміста ахарактарызаваў ён абсталяванне.

І сапраўды, устаноўленыя тут трэнажоры ўражваюць нават неспецыяліста, а такая зала – эксклюзіў у межах вобласці, а не тое што сельскага раёна. Як і наогул сам фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе ўжо апрануўся ў плітку басейн, абсталёўваецца кафэ, практычна гатовы залы гульнявых відаў спорту, фітнесу, барацьбы, нумары гасцініцы. Ёсць і яшчэ адно адметнае памяшканне – для самых маленькіх наведвальнікаў. Цацкі туды ўжо закуплены, і бацькі змогуць пакінуць дзяцей пад наглядам спецыяліста, пакуль самі будуць займацца на трэнажорах або плаваць у басейне.

Такая сучасная “начынка” і колькасць паслуг пад адным дахам закліканы прыцягнуць у комплекс не толькі ўшачан, а і жыхароў іншых рэгіёнаў Віцебшчыны. У прыватнасці, некаторыя будаўнікі з Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў, якія працуюць на аб’екце, ужо выказалі намер пасля яго адкрыцця вярнуцца сюды ра­зам з сем’ямі ўжо ў якасці наведвальнікаў.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *