Пэўна, няма такога ўшачаніна, які б не наведаў магазін “Цэнтральны”. Яго ўдалае размяшчэнне заўсёды прыцягвала вялікую колькасць пакупнікоў, а шырокі асартымент тавараў і адносіны прадаўцоў вабяць прыйсці сюды яшчэ. Сёлета гандлёвая кропка прыкметна пераўвасобілася: старое гандлёвае абсталяванне было заменена на больш сучаснае, энергазберагальнае, перапланіроўка гандлёвай залы дазволіла больш рацыянальна задзейнічаць плошчу магазіна.
– Нашы пакупнікі адразу ж ацанілі змяненні і адзначылі, што цяперашняе размяшчэнне тавараў больш зручнае, адразу выдзяляюцца акцыйныя тавары, – расказваюць работнікі “Цэнтральнага”.
Акрамя гэтага, на касах устаноўлена аўтаматызаваная сістэма руху тавараў. Такая мадэрнізацыя значна аблегчыла работу прадаўцоў – цяпер не трэба на кожнай адзінцы пісаць цану, а на касе пры разліку ўручную яе набіраць. Да таго ж з увядзеннем гэтай сістэмы тут сталі дзейнічаць дысконтныя карткі, якія даюць спажыўцам магчымасць набыць тавар са скідкамі. А літаральна на мінулым тыдні ў магазіне была ўстаноўлена і спецыяльная кандытарская вітрына, дзе на выбар пакупніка прадстаўлены тарты і пірожныя.
Сёння ў гандлёвай кропцы пакупнікоў па зменах абслугоўваюць 9 прадаўцоў, упакоўшчык. З увядзеннем аўтаматызаванай сістэмы калектыў папоўніўся і аператарам, які ўводзіць усе найменні тавараў у спецыяльную базу. У апошні час калектыў абнавіўся, ну а ўзначальвае яго загадчык магазіна Ірына Дакшаніна, якая ў сістэме райспажыўтаварыства працуе амаль 20 гадоў.
Кожны тут ведае сваю справу: як правільна выкласці прадукты, што прапанаваць пакупніку. Усе стараюцца працаваць так, каб кожны выходзіў задаволеным. Культурнае і добразычлівае абыходжанне з людзьмі з’яўляецца прыярытэтам у іх рабоце.
Вольга КАМАРКОВА.
На здымку: А.Ермаковіч, І.Дакшаніна, А.Троцкая, Л.Басак, Н.Маслоўская, М.Свідзінская.