ОАО «Агро-Селище» и КУСХП «Кубличи» объединённым отрядом заготавливают корма

Сельское хозяйство

На пачатку тыдня ля малочнатаварнай фермы ў Селішчы было надзвычай людна. Але з некалькіх адзінак тэхнікі працаваў толькі “Амкадор” Анатоля Подраза, які трамбаваў зялёную масу. Некалькі ж трактароў і КВК-800 застылі абапал дарогі нерухома. Улічваючы тое, што надвор’е было спрыяльным, такая карціна ў разгар касавіцы здзівіла. Як і колькасць адзінак тэхнікі, якой у ААТ “Агра-Селішча” не могуць пахваліцца. Аказалася, што працуе зараз на мясцовых лугах зводны мехатрад селішчанскіх і кубліцкіх механізатараў, які скончыў убіраць зялёную масу ля Загуззя, а невялікі прастой выкліканы пераездам на новыя плошчы, дзе яшчэ не паспелі падрыхтаваць валкі.

– Травы, канечне, маглі быць і лепшымі, – дзеліцца ўражаннямі машыніст КВК-800 з КУСГП “Кублічы” Віталь Цар. – Вясна сёлета позняя і сухая. Нічога не зробіш, будзем убіраць тое, што вырасла.

Аб’яднанне намаганняў дзвюх гаспадарак дазваляе абыходзіцца без дапамогі шэфаў з арганізацый райцэнтра. Ёсць у “Агра-Селішчы” і свой машыніст кормаўборачнага камбайна, але Аляксандр Бараўцоў тымі днямі быў заняты не менш важнай справай – перазалужэннем, дасяваў культурныя пашы, каб вырашыць праблемы з выпасам жывёлы і нарыхтоўкай кармоў у наступным годзе. Зямель у гаспадарцы не стае, тым больш што зараз яшчэ выведзены з абароту асобныя ўчасткі меліярацыі, на якія мясцовыя аграрыі вельмі разлічваюць у будучым.

Траншэю ў Селішчы сумеснымі намаганнямі “адолелі” ў пяць гадзін раніцы ў чацвер. Анатоля Подраза ў ноч на трамбоўцы зялёнкі змяняе куб­ліцкі вадзіцель пагрузчыка Анатоль Хадасевіч. Дарэчы, побач, але на другім канцы зялёнага канвеера, зараз працуюць усе браты Хадасевічы: селішчанскія Віктар і Генадзь кіруюць трактарамі, за якімі зачэплены адпаведна касілка і граблі.

“Перамяшаліся” суседзі і на іншых відах работ. На касьбе траў каторы сезон запар шчыруе Алег Крывёнак (на здымку). Яго засталі за работай ля Воцькавіч у добрым настроі – кіраўніцтву гаспадаркі ўдалося дастаць неабходныя дэталі і скамплектаваная “Disko 3050” з аднолькавым поспехам зразала як канюшыну ў цэнтры невялікага поля, так і баршчэўнік на ўскраінах.

– 16 год ёй, адна з першых у раёне, – прыпыніўся на хвілінку Алег Юльянавіч. – Надзейная тэхніка – я ўжо трэці трактар з’язджаю, а касілка ўсё служыць.

Сціпла ўмаўчаў механізатар, што такі тэрмін механізм эксплуатуецца ў многім і з-за таго, што знаходзіцца ў яго адных умелых руках. А вось кублічанскага касца Уладзіміра Салаўёва на полі не засталі – на той момант ён займаўся рамонтам.

Багаты стаж у галіне мае і пераважная большасць астатніх удзель­нікаў зводнага мехатрада. Пры неабходнасці на граблях задзейнічаны кубліцкія працаўнікі Аляксандр Катлёнак і Віктар Шах. І толькі на адвозцы зялёнай масы юным узростам выдзяляецца “Яўген Дзмітрыевіч” – менавіта так прадставіўся малады і вясёлы трактарыст-машыніст Жэня Кулянок, чым выклікаў шчырыя ўсмешкі вопытнага калегі Анатоля Жаваранка і кубліцкіх таварышаў па механізатарскім цэху – Дзмітрыя Купцова і Юрыя Паршонка.

Прастойваў пакуль КВК-800 у “Кублічах”. Але хутка, а магчыма нават сёння Віталь Цар выведзе гэты агрэгат ужо на палеткі сваёй гаспадаркі – па словах дырэктара ААТ “Агра-Селішча” Аляксандра Васільевіча Есіпава, пачаўшы ў чацвер закладку сянажнай траншэі ля фермы ў Баяршчыне, мехатрад плануе справіцца з гэтай задачай за пару дзён і пераехаць нарыхтоўваць кармы да суседзяў.

Першым укосам у “Агра-Селішчы” па стане на 22 чэрвеня было скошана амаль дзве трэціх ад запланаваных плошчаў, нарыхтавана звыш 600 тон сенажу з неабходных 3200 – па ўсім бачна, што першым укосам гаспадарка патрэбы статка ў сакавітым корме не забяспечыць. Таму спадзяюцца на другі ўкос, будуць убіраць няўдобіцы і разнатраўе. Лідзіруе ж на корманарыхтоўцы ААТ “Ільюшынскі”, дзе было закладзена каля 3000 тон пры ўраджайнасці зялёнай масы 126 цэнтнераў з гектара. А самы густы травастой убіраюць зараз глыбачанскія аграрыі – тут сярэдняя ўраджайнасць была самай высокай па раёне – 182 цэнтнеры з гектара.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *