Не стереть из памяти воспоминаний. Тема войны — особенная веха для Евгения Аксеновича из Глыбочки

Общество

Тэма Вялікай Айчыннай вайны – невычарпальная. Перажытае ў тыя гады – асобная веха і для Яўгена Васільевіча Аксяновіча з Глыбачкі. Яго ўспаміны не раз друкаваліся як у нашай газеце, так і беларускіх часопісах. Гэты здымак, зроблены падчас службы Я.Аксяновіча ў арміі ў 1949 годзе, быў змешчаны ў “Маладосці” разам з аповедам пра ваенны час.

Яўген толькі што скончыў сямігадовую школу, калі пачаліся гады пакут і нягод. Хлопчык застаўся з маці і трыма маленькімі сёстрамі ў сваёй вёсцы Вялікае Сяло Ветрынскага раёна.

– Вайна была для нас нечаканасцю, не верылася, што гэта надоўга. Думалася, ну тыдзень-другі – і нашы войскі будуць пад Берлінам. Але з фронту не было чуваць пераможных вестак… Немцы перыядычна наведваліся ў вёску, забіралі прадукты і вывешвалі жахлівыя загады: за сабатаж і дапамогу партызанам – расстрэл, за забойства аднаго немца – расстрэл дзесяці мясцовых жыхароў. Мы звычайна хаваліся ў зямлянках, – расказвае Яўген Васільевіч. – Аднойчы прыйшоў знаёмы хлопец Юзік, якога прынялі ў партызанскі атрад і папрасіў мяне збегаць у суседнія Бобрыкі, каб прынесці адтуль вінтоўку – самому боязна было. Аказалася, што напярэдадні ехалі п’яныя фашысты і згубілі зброю. Раніцай мясцовая жыхарка знайшла яе і прыхавала ў кустоўі, праз сваякоў перадаўшы пра гэта партызанам. “Слухай, Жэнька,  – казаў мне Юзік, –  ты малы і не такі прыкметны, збегай прынясі!” І я пайшоў. У кустах лёгка знайшоў прыхаваную вінтоўку, а вось на зваротным шляху трапіў пад кулямётныя чэргі і ледзьве ўцёк. Гэта было першае маё баявое хрышчэнне, якое памятаю ў дэталях і цяпер.

Калі ў наваколлі вёскі зара­дзіўся партызанскі рух, Я.Аксяновіч не раздумваючы, далучыўся да яго, стаў працаваць правадніком. Частыя дыверсіі на чыгунцы патрабавалі добрай арыентацыі на мясцовасці, ведання шляхоў падыходу. З часам справа гэтая стала звыклай, хоць і вельмі небяспечнай.

У студзені 1944 года фашысты спалілі амаль усе хаты ў вёсцы. Яўген з сям’ёй цудам засталіся жывыя. Некаторы час яны жылі ў вёсцы Крывенкі, але немцы акружылі і яе. Спалоханых жыхароў сабралі ў калону і пагналі ва Ушачы: “Тут я быў першы раз, памятаю, што размясцілі нас у напаўразбураным будынку, прыкладна там, дзе зараз размяшчаецца райспажыўтаварыства, – прыгадвае Я.Аксяновіч.

Затым ён апынуўся сярод палонных, якія накіроўваліся ў Лепель. Праз два тыдні тых, хто застаўся ў жывых, адправілі ў Мінск. Па прыбыцці людзей падзялілі на дзве групы: маладых – у Германію, старэйшых – у лагер смерці “Трасцянец”.

27 чэрвеня 1944 года Яўгена Аксяновіча даставілі ў германскі горад Старгарт, а ў канцы ліпеня адвезлі ў лагер, размешчаны каля горада Болхін. Тут знаходзіліся югаславы, балгары, чэхі, славакі, палякі, французы, рускія і нават немцы – праціўнікі фашысцкага рэжыму. Уся тэрыторыя лагера была падзелена агароджамі з калючага дроту на нацыянальныя зоны.

– Гэта – самы жахлівы бок вайны. Нас кармілі хлебам з пілавання і супам з бручкі, – успамінае Яўген Васільевіч, – прычым, порцыі гэтай “ежы” былі нікчэмна малыя. Ад знясілення і хвароб паміралі сотні людзей. Мёртвых выносілі за тэрыторыю і складалі ў спецыяльныя траншэі, якія засыпалі зямлёй па меры запаўнення. Аднойчы фельдфебель, адказны за парадак у лагеры, заўважыў, як я перагаворваўся з польскім зняволеным. За гэта мяне пазбавілі пайкі на два дні.

Неўзабаве хлопец, які і без таго знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці, ад голаду страціў прытомнасць. Санітары палічылі яго мёртвым і разам з трупамі іншых вязняў скінулі ў траншэю. Апрытомнеў ад холаду ноччу і з жахам зразумеў, што на ім ляжыць нябожчык. Сабраўшы апошнія сілы, дабраўся да лагера. На шчасце, ніхто не заўважыў, як ён прапаўзаў пад калючым дротам. Так трапіў у выратавальны для яго югаслаўскі сектар. Напаўжывога хлопца накармілі і схавалі. Там Я.Аксяновіч знаходзіўся да вызвалення амерыканскімі войскамі.

Яму пашчасціла вытрымаць жудасныя выпрабаванні, а ў памяці назаўжды засталіся нечалавечая жорсткасць нямецкіх салдат, якія здзекаваліся над людзьмі і называлі сябе пры гэтым “вышэйшай расай”. Цяперашняму пакаленню, варта ведаць пра гэтыя жахі вайны, і шанаваць кожны момант у сваім жыцці пад ясным і мірным небам.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *