У сераду надвор’е выдалася зусім не летняе. За нейкіх паўгадзіны дождж то пачынаўся, то сціхаў некалькі разоў – моцны вецер ірваў і хутка гнаў па змрочным небасхіле свінцовыя хмары, прыгінаў травы амаль да зямлі. Зразумела, што ў такіх умовах аб закладцы сянажнай траншэі, якую ў КУСГП “Вялікадолецкае” планавалі распачаць гэтым днём ля малочнатаварнай фермы “Міхалкаўшчына”, не магло быць і гаворкі. А вось механізатарам, занятым на касьбе, непагадзь не перашкода, і чатыры касілкі “стрыглі” пагоркі і нізіны ў напрамку Царкавішча.
Палеткі тут апраўдваюць назву цэнтральнай сядзібы гаспадаркі – долы вялікія і разагнацца механізатарам было дзе. Травастой неаднародны, але месцамі канюшына вырасла на зайздрасць і пракосы за касілкамі клаліся буйныя. Чатыры МТЗ-1221 – сіла, а склад механізатараў, якія сёлета працуюць на касьбе, угадаў амаль на сто працэнтаў.
– Пачыналі з невялікіх участкаў у касарской зоне, – першым прыпыніўся ля рэдакцыйнай “Нівы” Васіль Алексяёнак. – Дзесьці каля 40 скошаных гектараў ля Весніцка чакаюць сонейка – там травы пойдуць на сена. А гэта канюшына падвяліцца і будзе закладацца ў траншэю.
Неўзабаве пад’ехалі і калегі Васіля Рыгоравіча. Віталь Бука нягледзячы на тое, што значна маладзей свайго дзядзькі Генадзя, ужо таксама вопытны і кваліфікаваны механізатар-многастаночнік – напэўна няма такога віду палявых работ, дзе б ён не працаваў. На касьбе таксама не першы сезон і ўжо дакладна ведае і на вока вызначае, як аптымальна зрабіць першыя пракосы, каб потым не круціцца і такім чынам эканоміць час.
Справа гэта толькі на першы погляд простая. Ды і акрамя камянёў звычайных, якімі “славяцца” плошчы гаспадаркі, асабліва касарскія, ёсць і “падводныя”.
– Такі праезд робім спецыяльна, – тлумачаць мне механізатары паходжанне паласы скошанай травы ўбаку ад іх месца працы. – Па-першае, адбіваем загоны, каб рухацца, не перашкаджаючы адзін аднаму. А па-другое – стараемся такім чынам перад пачаткам работ спудзіць нованароджаных казуль і аленяў. У самак гэтых жывёл зараз якраз ідуць ацёлы, і калі дарослыя асобіны, зразумела, не чакаюць пад’езда трактара і збягаюць у кусты, то кволым маленькім патрэбны час, каб выбрацца з густой травы…
Месцамі на полі бачны глыбокія каляіны. Гэта не агрэхі пасля ўзворвання, а рэха цяжкай восені: “Канюшына была падсеяна ў мінулым годзе па зерневых, буксавалі мы тут на ўборцы, нагараваліся”, – тлумачаць наяўнасць штучных няроўнасцей В.Алексяёнак і Г.Бука, якія ў час жніва садзяцца за штурвалы камбайнаў.
Як і Андрэй Смаляк (на здымку), які неўзабаве пад’ехаў на ўрочышча Сямёнаўка. Гэта чацвёрты, але зусім не апошні ўдзельнік касавіцы. Наадварот, менавіта ён распачынаў сёлета гэты від работ – з улікам падкосу пашаў малады механізатар працуе з касілкай ужо амаль два тыдні.
– Рыхтаваў яе загадзя, калі хлопцы яшчэ кукурузу сеялі – таму першы і выехаў, – расказвае Андрэй. – Вось толькі крыху зламаўся, прыйшлося наведаць майстэрню, падварыць асобныя дэталі – добра што недалёка. Без уліку сённяшніх плошчаў у мяне на рахунку ўжо 116 гектараў. Праўда, гэта з падкосам пашаў, якія ў залік спаборніцтва не ідуць.
Касавіца касавіцай, але і статкі патрабуюць догляду – зараз вялікадолецкія механізатары-“цырульнікі” на падкосе працуюць па чарзе. І ўсё ж асноўныя намаганні накіраваны на корманарыхтоўку, вядзецца даводка тэхнікі, прычэпаў, размяркоўваюцца ролі ўдзельнікаў мехатрада. Напрыклад, Генадзь Качан ужо працуе з граблямі, да яго далучацца Іван Гоман і Ягор Мацюш, Рыгор Філімонаў зноў будзе кіраваць КВК-800. З’явіўся ў гаспадарцы і яшчэ адзін кормаўборачны агрэгат, які зусім не лішні, бо травы першага ўкосу ў “Вялікадолецкім” неабходна ўбраць на плошчы амаль у 1100 гектараў, нарыхтаваць 500 тон сена і 7500 сенажу. Вось толькі КВК-800, які раней належаў “Райаграсэрвісу”, яшчэ патрабуе рамонту.
Пакуль вялікадальчане ладзілі “зялёны канвеер”, у некаторых гаспадарках ён ужо запушчаны. Па стане на 15 чэрвеня каля 450 тон сакавітага корму нарыхтавалі ў ААТ “Ільюшынскі”, з іх 182 – у стрэйч-плёнку. Закладаюць сянаж у ААТ “Агра-Селішча” і КУСГП “Глыбачаны”, а кубліцкія аграрыі першымі ў раёне запрасавалі сена. Гэтымі днямі корманарыхтоўка ў раёне набудзе масавы характар, бо касавіца вядзецца ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах за выключэннем “Райаграсэрвіса”.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.