Для многіх людзей нават просты візіт да ўрача-інфекцыяніста з’яўляецца стрэсам, а шпіталізацыя ў адпаведнае аддзяленне бальніцы – псіхалагічнае выпрабаванне. А вось ад ушацкіх пацыентаў можна пачуць просьбу пакласці іх менавіта ў “інфекцыю” – тут, маўляў, і палаты вельмі ўтульныя, і медперсанал надзвычай уважлівы. “Насамрэч бывае такое, што людзі да нас просяцца, – усміхаецца загадчык інфекцыйнага аддзялення Ушацкай ЦРБ Вольга Ярмош. – Але ж мы бяром да сябе толькі тых, хто мае адпаведныя паказанні”.
Жарты жартамі, але такая рэпутацыя сапраўды дорага каштуе, і не ў малой меры абумоўлена яна прафесіяналізмам і асабістымі якасцямі самой Вольгі Пятроўны – маладога ўрача, якая ўсяго за некалькі год працы заваявала ва ўшачан вялікі аўтарытэт. Удумлівая, уважлівая і надзвычай ветлівая – такія эпітэты даводзіцца чуць ад усіх яе пацыентаў, а акрамя інфекцыйнага аддзялення Вольга Пятроўна вядзе прыём хворых і ў якасці тэрапеўта.
Прыгожай гісторыі наконт таго, чаму вырашыла стаць урачом, у дзяўчыны няма – проста больш за іншыя прадметы любіла біялогію, а пасля заканчэння Матырынскай школы і Лужаснянскага ліцэя паступіла ў Віцебскі медуніверсітэт. Спецыялізацыю па інфекцыйных хваробах атрымала падчас інтэрнатуры і не прагадала, бо пры размеркаванні ва Ушачы ёй прапанавалі ўзначаліць адпаведнае аддзяленне райбальніцы. “Лічу гэтую галіну медыцыны адной з самых цікавых і запатрабаваных”, – адзначае Вольга, а наконт небяспекі пастаянных кантактаў з носьбітамі інфекцый заўважае, што яе змяншае захаванне санітарных правіл і… мінімум думак пра гэты аспект. “Урачы заўсёды рызыкуюць, гэта – асаблівасць прафесіі. І найбольш яна праяўляецца ў прыняцці складаных рашэнняў”, – сцвярджае В.Ярмош.
У яе пакуль яшчэ кароткай кар’еры няпростых сітуацый ужо было нямала. Мінулай восенню, напрыклад, давялося пахвалявацца за жыццё дзяўчынкі, стан якой даваў падазрэнне на менінгіт. Параіўшыся з педыятрам Нінай Васільеўнай Літвінавай, вырашылі зрабіць пункцыю, якая пацвердзіла дыягназ. Па санітарнай авіяцыі выклікалі ўрача з Віцебска, дзе потым было працягнута лячэнне – дзякуючы правільным дзеянням дзіця паправілася.
Сутыкалася Вольга Пятроўна і з іншымі небяспечнымі інфекцыямі. Не так даўно пацыентам аддзялення быў малады чалавек з кандыдозам стрававода. Стан хворага насцярожыў інфекцыяніста, бо гэтае грыбковае захворванне часта бывае адным з сімптомаў ВІЧ. Падазрэнне пацвердзілася – аналіз аказаўся станоўчым. Напэўна, гэта адзін з самых цяжкіх момантаў для ўрача – сказаць чалавеку пра такі прысуд лёсу. “На жаль, і гэта ў нашай прафесіі – непазбежнасць, – разважае В.Ярмош. – Ну а што датычыцца прыгаданага выпадку, то пацыент успрыняў інфармацыю адэкватна. Магчыма, многія пра гэта не ведаюць, але за апошнія гады тэрапія для людзей, што жывуць з ВІЧ, значна крочыла наперад. Своечасовая дыягностыка і правільнае лячэнне здольныя істотна замарудзіць развіццё хваробы, працягнуць паўнацэннае жыццё на некалькі дзясяткаў год. Прынамсі, гэты малады чалавек зараз адчувае сябе добра, працуе ў Расіі”.
Вядома ж, падобныя выпадкі бываюць у практыцы раённага інфекцыяніста не кожны дзень і часцей Вользе Пятроўне даводзіцца лячыць больш трывіяльныя хваробы. “Калі ж узнікае неабходнасць, заўсёды магу звярнуцца за парадай да вопытных калег Віктара Канстанцінавіча Літвінава, Аляксандра Віктаравіча Паншына, кансультуюся з Вольгай Аляксандраўнай Шлёнскай, Таццянай Міхайлаўнай Бумажэнка, Янай Уладзіміраўнай Пышкінай. І, канечне, хочацца выказаць добрыя словы ў адрас работнікаў інфекцыйнага аддзялення, персанальна старшай медсястры Марыі Іванаўны Падрэз, дзякуючы якой у нас пануюць абсалютная дысцыпліна і парадак. Лічу, што мне пашанцавала ўзначальваць такі выдатны калектыў”, – прызнаецца Вольга Ярмош.
Ну а мне хочацца дадаць, што ў сваю чаргу, пашанцавала ўсім, хто знаходзіцца побач з гэтай цудоўнай дзяўчынай – пацыентам, калегам, любімаму мужу, маленькаму сыну, маме. Канечне, ёй хацелася б больш часу аддаваць на сямейныя справы, на стварэнне ўтульнасці ў доме, які з правам прыватызацыі атрымалі ад бальніцы. І Вольга стараецца паспяваць усё, хоць гэта вельмі складана, бо прафесія, якую яна абрала, прымушае жыць у асаблівым рэжыме.
Наталля БАГДАНОВІЧ.