Глыбочанские медики всегда готовы прийти на помощь жителям агрогородка и 48 деревень в зоне обслуживания

К профессиональному празднику

“Дзякуй Богу, што ў нас ёсць гэтая бальніца, што тут працуюць такія цудоўныя спецыялісты. Каб не яны – дык ужо, напэўна, і не было б мяне на гэтым свеце. Хварэю на рэўматоідны артрыт, таму звяртаюся сюды даволі часта і заўсёды ведаю, што мне дапамогуць, падтрымаюць, дадуць надзею”, – такія шчырыя словы ў адрас медыкаў Глыбачанскай бальніцы сястрынскага догляду давялося пачуць ад пацыенткі ўстановы Людмілы Пятроўны Галкінай.

Але думаецца, што падпісаліся б пад падобным выказваннем літаральна ўсе жыхары аграгарадка і 48-мі вёсак, што знаходзяцца ў зоне абслугоўвання бальніцы, дзе пражывае 1340 чалавек. Але загадчык БСД урач агульнай практыкі Ганна Сямёнаўна Прыходзька і яе памочнік па амбулаторна-клінічнай рабоце Галіна Фёдараўна Касатая сваіх пацыентаў ведаюць не толькі па імёнах і дыягназах – яны ў курсе літаральна ўсіх іх сямейных падзей, памкненняў і перажыванняў. Найперш таму, што абедзве амаль усё жыццё прысвяцілі Глыбачанскай бальніцы, адпрацаваўшы тут адпаведна 30 і 35 год. І не ўзгадаць зараз, колькі хвароб вылечылі, колькіх людзей выратавалі. Ды і немаўлятам на свет з’яўляцца дапамагалі, калі не было часу даставіць будучых мам у радзільны дом. Адзін такі экстранны выпадак адбыўся летась, калі ў прыезджай жанчыны раптоўна пачаліся роды і прымаць іх на доме давялося Галіне Фёдараўне – спатрэбіліся навыкі акушэра, атрыманыя падчас вучобы. Увогуле ж на дапамогу землякам вясковы доктар гатовы прыйсці ў любы час сутак, а таму кожны ведае, у якім доме жыве ўрач і нават у якое акенца варта пастукаць сярод ночы. Чуткі сон і хуткія зборы – гэта ў Ганны Сямёнаўны і Галіны Фёдараўны прафесійнае. “Бывала, і ўнукаў з сабой на выклік браць даводзілася, каб адных дома ноччу не пакідаць. Так, цэлай “брыгадай” і спяшаліся да хворых”, – з усмешкай расказвае Г.Касатая.

Па хвілінах распісаны дні вясковых медыкаў. Правесці амбулаторны прыём, на які штодня прыходзяць па некалькі дзясяткаў чалавек, зрабіць аналізы і прышчэпкі, наведаць хворых на вялікім участку, а яшчэ лячыць састарэлых пацыентаў, для якіх бальніца стала апошнім жыццёвым прычалам. Так здарылася, што на схіле дзён гэтыя людзі пазбавіліся і здароўя, і клопату блізкіх. Напрыклад, у Васіля Васільевіча, аднаго з тутэйшых пацыентаў, пяцёра дзяцей, якія не захацелі даглядаць бацьку. Аляксандр Іванавіч раней жыў у Віцебску, але лёс прывёў яго на бальнічны ложак у Глыбачцы. Абодва мужчыны кажуць, што тут ім дастаткова камфортна, дзякуюць за добрае лячэнне, смачнае харчаванне. Зараз ва ўстанове 10 стацыянарных хворых, большасць з якіх не ўстаюць з ложкаў, і персанал забяспечвае ім неабходны догляд. Сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы з’яўляюцца медыцынскія сёстры Людміла Іванаўна Сушчэўская, Ірына Іванаўна Літвін, Надзея Леанідаўна Гарыслаўка, Валянціна Пятроўна Гарбаценкава. Спецыфічную, але гуманную і патрэбную работу штодня выконваюць санітаркі Надзея Генадзьеўна Верацейка, Алена Леанідаўна Сапега, Вольга Олексаўна Дамасканава, Хрысціна Фёдараўна Гурчонак, Юлія Аляксандраўна Пятніца, Наталля Іванаўна Башун. Адказна ставяцца да сваіх абавязкаў загадчык гаспадаркі Аксана Валянцінаўна Агідуліна, повар Валянціна Уладзіміраўна Навасёлава і яе памочнік Ірына Мікалаеўна Чыграй, вадзіцель Мікалай Сяргеевіч Тараканаў.

“У нас працавіты, дружны калектыў!” – адзначае Г.Прыходзька. І, канечне, менавіта Ганна Сямёнаўна з’яўляецца яго асноўным “стрыжнем”, паказвае прыклад у адносінах да работы. Многае ўмясцілі ў сябе тры дзесяцігоддзі яе працы ў Глыбачцы. Разам з вёскай перажывала ўзлёты і падзенні, а дзеці, за здароўем якіх сачыла на пачатку кар’еры, цяпер прыводзяць на прыём уласных сыноў і дачок. “Зараз на нашым участку 64 дзіцяці, 6 малышоў да года, 4 цяжарныя жанчыны. Канечне, гэта значна менш, чым раней, але ж жыццё ў Глыбачцы працягваецца, – расказвае загадчык БСД. – Разам з тым, каля 400 жыхароў нашага ўчастка старэйшыя за 70 год і амаль у кожнага з іх – праблемы з ціскам, сэрцам, сасудамі, таму вельмі важна трымаць пад увагай усіх такіх пацыентаў, правільна падбіраць прэпараты, што дазволяць эфектыўна супрацьстаяць хваробам. На жаль, нярэдка даводзіцца змагацца за жыццё і даволі маладых землякоў, якія губяць сябе самі. Днямі, напрыклад, літаральна выцягнулі з таго свету 47-гадовую жанчыну з моцным алкагольным атручваннем”.

Усё гэта – звычайныя будні вясковай бальніцы, работа, якую глыбачанскія медыкі выконваюць адказна і дастойна, за што землякі адказваюць ім бязмежнай удзячнасцю і шчырай павагай.

На здымку: Г.Прыходзька, І.Чыграй, А.Сапега, В.Дамасканава, В.Навасёлава, А.Агідуліна, Г.Касатая, М.Тараканаў, Н.Башун.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *