Наступіў сезон водпускаў – і ў многіх нашых чытачоў узніклі пытанні па розных нюансах выхаду на адпачынак, налічэння адпускных, атрымання матэрыяльнай кампенсацыі за ранейшае вяртанне на рабочае месца. За тлумачэннямі па ўзгаданай тэме мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама С.П.ВАСІЛЕЎСКАЙ.
– Святлана Пятроўна, колькі можа доўжыцца працоўны адпачынак?
– Па законе ён дзеліцца на асноўны (на яго могуць разлічваць абсалютна ўсе) і дадатковы. Стандартная працягласць першага – 24 каляндарныя дні. Гэта абавязковы мінімум для ўсіх наймальнікаў. Аднак асобным катэгорыям работнікаў і прадстаўнікам некаторых прафесій належыць больш працяглы водпуск. Гэта датычыцца педагогаў, непаўналетніх работнікаў, работнікаў-інвалідаў. Поўны спіс грамадзян, якія могуць прэтэндаваць на павялічаны па часе адпачынак, змяшчаецца ў пастанове Саўміна ад 24.01.2008 №100. “Аб прадастаўленні водпуску працягласцю больш 24 каляндарных дзён”.
– А што наконт дадатковага працоўнага адпачынку?
– Ён можа быць прадугледжаны па дагаворы з работадаўцам як заахвочванне за кантрактную форму наймання (да 5 каляндарных дзён), пры ненарміраваным рабочым дні (да 7), за працяглы стаж работы (да 3), за работу ў шкодных і небяспечных умовах працы (працягласць адпачынку ў такім выпадку ўстанаўліваецца па выніках атэстацыі) і інш.
– На колькі частак можна падзяліць працоўны водпуск?
– Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны яго падзел на дзве часткі (ч.1 арт.174). Але ж калектыўным дагаворам арганізацыі можа быць агаворана і іншая колькасць. Пры гэтым хаця б адна частка павінна быць не менш 14 каляндарных дзён.
Асобна зазначу, што падзяліць працоўны водпуск можна толькі па ўзаемнай згодзе. Гэта значыць, што кіраўніцтва арганізацыі можа законна адмовіць у гэтым, а работнік у сваю чаргу адхіліць прапанову наймальніка выкарыстаць адпачынак па частках.
– Ці могуць забараніць ісці ў водпуск тады, калі работнік хоча?
– Могуць, калі гэта перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі і праву на адпачынак іншых работнікаў. Пры складанні графіка працоўных водпускаў у першую чаргу наймальнік абавязаны ўлічваць жаданні непаўналетніх работнікаў, жанчын з двума і больш дзецьмі да 14 гадоў ці з дзіцем-інвалідам да 18-ці, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых (звычайна гэта агаворваецца ў калектыўным дагаворы). Акрамя таго некаторым работнікам наймальнік абавязаны прадаставіць водпуск у пэўны перыяд: тым, хто заняты па сумяшчальніцтве, – адначасова з адпачынкам па асноўнай рабоце; настаўнікам – у летні час; жонкам або мужам вайскоўцаў – адначасова з водпускам іх другой палавінкі.
Графік, які вызначае час і чарговасць працоўных адпачынкаў у арганізацыі, наймальнік павінен скласці не пазней 5 студзеня на каляндарны год наперад (ч.1 арт.168 ПК).
– Ад чаго залежыць памер адпускных?
– Ад двух фактараў: памеру зарплаты за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць водпуску (з прэміямі, надбаўкамі і даплатамі), і працягласці працоўнага адпачынку. Напрыклад, чалавек ідзе ў водпуск у ліпені 2017 года. Сярэдні заробак будзе вылічвацца за перыяд з ліпеня 2016 па чэрвень 2017-га. Гэтую суму трэба падзяліць на сярэднямесячную колькасць каляндарных дзён за 5 гадоў – 29,7 (вызначана заканадаўствам) і памножыць на колькасць дзён водпуску.
Выплаціць адпускныя наймальнік павінен не пазней чым за два дні да пачатку працоўнага адпачынку, калі з работнікам заключаны працоўны дагавор, і не пазней чым за адзін дзень, калі гаворка ідзе аб працоўным кантракце.
– Ці можна перанесці адпачынак на наступны год, калі не хочацца адпачываць у гэтым?
– Кожны год супрацоўнік павінен выкарыстаць не менш 14 дзён працоўнага адпачынку. Астатнюю частку можна перанесці, але толькі ў выключных выпадках, “калі прадастаўленне поўнага працоўнага водпуску работніка ў бягучым працоўным годзе можа неспрыяльна адбіцца на нармальнай дзейнасці арганізацыі, ІП” (ч.2, 3 арт. 170 ПК).
Перанос дапускаецца толькі са згоды работніка. Па жаданні ён можа далучыць неадбытую частку да працоўнага водпуску ў наступным годзе або ўзяць яе асобна.
– Ці можна атрымаць кампенсацыю за нявыкарыстаны працоўны водпуск?
– Можна. Для гэтага не патрэбны спецыяльныя прычыны – дастаткова згоды абодвух бакоў. У любым выпадку замяніць грашыма можна толькі частку працоўнага водпуску: работнік павінен выкарыстаць не менш 21 каляндарнага дня адпачынку. Гэта значыць, калі ў чалавека стандартны 24-дзённы водпуск, то атрымаць кампенсацыю ён можа толькі за 3 дні.
Памер кампенсацыі разлічваецца па тых жа правілах, што і сярэдні заробак за час працоўнага водпуску: колькасць пакінутых дзён адпачынку, якія работнік хоча замяніць грашовай кампенсацыяй, памнажаецца на сярэдні дзённы заробак.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.