«К сложным участкам работы ей не привыкать!» Имя Ларисы Авдошко занесено на районную Доску почёта

Ими гордятся

Назіраць за работай гэтай жанчыны без захаплення проста нельга. Усе рухі Ларысы Віктараўны Аўдошкі адточаны да такога аўтаматызму, што, здаецца, сваю справу яна можа выконваць з заплюшчанымі вачыма. “Пасцельную бялізну ці шторы дык, напэўна, і пашыла б навобмацак, – усміхаецца жанчына такому майму меркаванню. – Але ж аперацыя, на якой я занята сёння, даволі складаная, так што трэба глядзець ва ўсе вочы!”

Да самых адказных участкаў работы ёй не прывыкаць. У дзень нашай размовы ў швейным цэху прамкамбіната было “горача”: да канца змены імкнуліся дашыць 100 касцюмаў для зваршчыкаў – на выкананне тэрміновага заказу з Мінска былі адведзены няпоўныя два дні. Ларысе Віктараўне, як адной з самых умелых і вопытных работніц, даручылі аддзелку бартоў і ўшыванне ў касцюмы вогнеўпорных скураных уставак, якія будуць абараняць зваршчыкаў. Для таго, каб прашыць спілак (так называецца адмысловы матэрыял, што па выглядзе нагадвае велюр), патрэбна спецыяльная машына з дзвюма іголкамі, а Л.Аўдошка – адна з нямногіх швачак, што валодаюць такімі аперацыямі.

Канечне, за больш чым тры дзясяткі год, праведзеных на прадпрыемстве, сакрэтаў у швейным майстэрстве для яе не засталося. І зараз не верыцца, што прыйшла Ларыса на прамкамбінат, як кажуць, з вуліцы – і шыць не ўмела абсалютна. Небагатая сям’я з Пад’язна сродкаў на вучобу дачкі не мела. Пасля заканчэння школы яна паехала да сваякоў у Курск, уладкавалася на завод, але гарадское жыццё зусім не спадабалася. А вось работа швачкі, што знайшлася ва Ушачах, лоўкай і звыклай да працы вясковай дзяўчыне прыйшлася па душы. І зараз яна з цеплынёй прыгадвае майстра Галіну Вікенцьеўну Жаваранак, якая навучыла яе азам прафесіі. А яшчэ вельмі дапамагла Валянціна Мугака – калі Ларыса прыйшла ў цэх, Валя ўжо адпрацавала тут пару год пасля вучылішча і ўзяла шэфства над новенькай. “Рознае было. І пальцы прабівала, і сапсаваныя рэчы перашывала, але ж я заўсёды надзвычай балюча перажывала крытыку ў свой адрас, таму вельмі старалася не даваць для яе нагоды”, – расказвае Ларыса Віктараўна.

Зараз яна сама з’яўляецца настаўніцай для маладых дзяўчат, і абсалютна ўсе калегі ставяцца да яе з павагай. “З гэтым чалавекам прыемна працаваць: проста не памятаю выпадку, каб яна ў чымсьці адмовіла. Калі за справу бярэцца Ларыса Віктараўна – усё будзе выканана хутка і якасна!” – адзначае начальнік швейнага цэха Алена Казьяніна. “Вельмі рада, што па выніках работы за мінулы год прозвішча нашай Ларысы занесена на раённую Дошку гонару – яна гэта цалкам заслугоўвае! Кожны раз, як іду па цэнтральнай плошчы, любуюся яе прыгожым партрэтам, – радуецца за калегу Наталля Полазава.

Сама ж швачка прызнаецца, што “лепшага месца, чым прамкамбінат, няма”, бо тут і цудоўны калектыў, і любімая работа, да якой так трывала прымацаваў лёс. І нават яе спадарожнік жыцця працуе побач, на гэтым жа прадпрыемстве. Ганарацца сваёй маці і дзве дарослыя дачкі, якія таксама засталіся жыць у родным пасёлку і выбралі рабочыя прафесіі. Мяне ж знаёмства з Ларысай Віктараўнай Аўдошкай у чарговы раз пераканала, што менавіта на такіх людзях – сціплых, добразычлівых, штодня занятых стваральнай працай – трымаецца наша жыццё.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *