Губинские «робинзоны». В деревню Губинка на Ушаччине можно добраться только на лодке по озеру Отолово

Общество

Вось ужо некалькі дзён, як ажылі азёры – знята забарона на плаванне на лодках, катамаранах, катэрах. А ўвесь красавік і май Генадзь Аляксеевіч Кутко быў адзіным, каму дазвалялася на Оталава садзіцца за вёслы. Кожны год навапалачанін звяртаецца ва Ушацкі райвыканкам за дазволам па вадзе дабірацца з Губінкі Мосарскага сельсавета ў Косаўшчыну Вяркудскага, паколькі іншай дарогі да вёсачкі без адзінага пастаяннага жыхара проста няма. Затое ёсць яны – сям’я Кутко, якая падтрымлівае жыццё ў невялікай бацькоўскай хаце з саламяным дахам, і яшчэ маладыя дачнікі з Мінска. Нягледзячы на нязручнасці з пад’ездам, яны вельмі любяць гэты райскі куток. І ёсць за што.

Як на востраве

Зараз дарога былой цэнтральнай вуліцы ледзь праглядаецца. На ёй засталося толькі чатыры хаты, а некалі быў нават дзіцячы садок. Адна сустракае разбітымі шыбеніцамі, хоць і мае спадчыннікаў. Тры астатнія – невысокія, даваенныя – з фіранкамі на вокнах. Сярод іх гасцявы домік Кутко – тут спыняюцца, калі прыязджаюць, дзеці, унукі, знаёмыя. Другая – апошняй жыхаркі Соф’і Дзямешкі – зараз належыць мінчанам, у трэцяй з ранняй вясны да позняй восені жывуць Генадзь Аляксеевіч і Ксенія Васільеўна. Тут усё так, як і было пры гаспадарах Ільі Цімафеевічу і Сцепанідзе Мікітаўне Дзямешка, якая і прытулілі ў сябе сястру Кацярыну з сынам. Толькі ліпа стала велічнай і фактычна схавала пад сабой і домік, і гаспадарчыя пабудовы, быццам гаворачы, што ўсё часова, а прырода вечная.

Усяго два маленькія пакоі ў хаце. Адзін з рускай печкай, другі – спальны. А за абе­дзенным сталом можна сядзець бясконца – з акна адкрываецца від на возера і востраў. Губінка стаіць на крутым узгорку. Ад прычала да дома мы падымаліся па ім, белым ад квецені суніц. То там, то тут ўздоўж сцежкі кусты шыпшыны, бэзу, грушы і яблыні. Дзічкі насеяліся самі, а Генадзь Аляксеевіч рабіў прышчэпы. Яшчэ вышэй – на крутой Бабінай Гары, дзе некалі стаялі партызаны, шуміць лес. З гэтай кропкі выдатны від не толькі на звілістае Оталава, але бачны і яшчэ тры возеры былога Мосарскага сельсавета. Усяго ў двух кіламетрах Вялічкаўцы, з другога боку Івахнава. Побач вёскі, а тым не менш Губінка фактычна на некранутым востраве.

Доўгажыхары Дзямешкі

– Праскоўя памерла ў 86, цётка Сцепаніда таксама, мама Кацярына ў 80, а вось Соф’я ў 92. Усе губінцы доўгажыхарамі былі і практычна ўсе Дзямешкамі, – расказвае Ксенія Васільеўна і мы спрабуем адшукаць сакрэт даўгалецця.

Ваду як для сябе, так і для гаспадарчых патрэб бралі выключна з крыніцы. Яна зусім побач з возерам, дзівосна празрыстая, халодная і вельмі смачная. Ужо ў нашы дні сучасныя жыхары Губінкі здавалі яе ў лабараторыю на аналіз – адпавядае ўсім пітным якасцям без якой-небудзь ачысткі. Бяры і бутылізуй.

– У нас падземнае возера, – дадае Ге­надзь Аляксеевіч. – Геолагі тут працавалі ў савецкія часы. А вось пад Вяркудамі – пустэча. Такія звесткі сярод мясцовых жыхароў хадзілі. Не ведаю, наколькі яны праўдзівыя, ну а крыніцы б’юць з розных бакоў. І вада выключная.

– Ежа ўся натуральная была. Расцілі бульбу, капусту, буракі. Імі і кармілі жывёлу, без камбікармоў. Малако, ялавічына, свініна. Авечкі, трусы, куры былі практычна ў кожнага. І працавалі многа, вельмі. Памятаю цётка Сцепаніда ішла пад Вялічкаўцы, каб скласці сена, несла на плячы вілы, якія выпалі і прабілі пятку. Думаеце, яна вярнулася, каб апрацаваць рану! Не. Дайшла, склала сена і вярнулася. А дома адмахнулася, маўляў, нічога страшнага, я ўжо попелам прысыпала.

А таксама ўсе губінцы былі рыбакамі. Ставілі нераты, распазнаючы свае па палках – ніхто чужую не браў. У звычайным рацыёне часта была не толькі рыба, але і мёд. Генадзь Аляксеевіч вось ужо сорак год выкарыстоўвае дзедаву калоду: як і раней у невялікі лясок ля яго пасекі прылятаюць пчолы. Ну а такога смачнага мёду з разнатраўя, шчыра кажучы, не спрабавала ніколі. Тут няма рапсу і грэчкі, затое маліна, ліпы, чабор, суніцы побач – пчолам кіламетровых пералётаў не трэба рабіць.

Усе былі ў партызанах

– У нас унікальная вёска – літаральна ўсе мужчыны былі ў партызанах, – з гонарам расказвае Генадзь Аляксеевіч. – Гаўрыла, Ільюк, Васіль Ягоравіч, Васіль Іванавіч і Васіль Давыдавіч, Пётр Васільевіч і Пётр Іванавіч Дзямешкі,  усіх не пералічу… На Бабінай Гары стаялі – самая высокая кропка ў мясцовасці. Пётр Дзямешка выдатна зброю рамантаваў.

Многія не вярнуліся. Ды і не толькі з фронту, з партызан. У Губінцы немцы спалілі мірных жыхароў. Закатаваны Настасся Паўлаўна, Ірына Іванаўна, Ульяна Сцяпанаўна Дзямешкі, расстраляны разам з зусім малымі дзецьмі яшчэ дзесяць чалавек. Помнік апошнім стаіць на могілках, на якім нямала і асобных абеліскаў з чырвонай зоркай.

Генадзь Аляксеевіч нарадзіўся ў ­1942-м. Бацька з фінскай вайны вярнуўся інвалідам, быў не прыгодны да страявой, аднак яго немцы разам з братам забралі ў няволю. Апошняму пашчасціла выжыць, ён і расказаў, што бацьку спалілі ў печы Бухенвальда, калі захварэў і не мог працаваць. Маці адна падымала на ногі малога, працуючы ў калгасе, а потым на цагляным заводзе ў Бутаве.

Раілі свежае паветра

“Вось мы з табой і настаўніцу Ксенію Васільеўну з Наваполацка прааперыравалі”. Пачуўшы ад калегі гэтыя словы, хірург-анколаг Уладзімір Уладзіміравіч Белавус бег у ардынатарскую пагля­дзець медыцынскую карту і маліў Бога, каб у аперацыйнай аказалася не яго настаўніца біялогіі. Аднак гэта была яна – добрая і патрабавальная, якая падрыхтавала да іспытаў многіх будучых медыкаў.

Яны і раілі часцей бываць на чыстым паветры, і сям’я Кутко асноўным месцам жыхарства абрала Губінку. У цяпліцы ўжо вісяць ладныя перцы, цыбулю можна рваць на пяро, пшанічка ўзышла для курэй, а на клумбе зацвітаюць садовыя васількі. А колькі тут прыродных дароў. Маліннік і шыпшына побач. Па грыбы Кутко плаваюць на лодцы на востраў, а ваўнянкі і рыжыкі мочаць у драўлянай кадушцы, як некалі рабіла маці. Наогул надаюць перавагу ўсяму натуральнаму. І хоць толькі ў 1971-м пераехалі з Цаліны ў Беларусь, Ксенія Васільеўна даўно асвоіла нашу нацыянальную кухню. Генадзь Аляксеевіч – механік аўтатранспарту, аднак адпрацаваў таксама пераважна ў школах – вёў аўтасправу – самую любімую спецыяльнасць у вучэбна-вытворчых камбінатах.

Хутка ўжо чатыры пяцігодкі, як на пенсіі, а ім ніколі не дасі сапраўдных гадоў. За справамі Ксенія Васільеўна намотвае ўдзень па 6 кіламетраў, ну а Генадзь Аляксеевіч падчас візіту гасцей – амаль столькі ж па вадзе. Па ёй яны прывозяць ад аўталаўкі прадукты, таксама ў Косаўшчыне газавікі пакідаюць балон. У ціхае надвор’е – прагулка ў задавальненне, а пры ветры хвалі такія – змокнеш, пакуль прычаліш. Хваляць “дачнікі” ўшацкіх энергетыкаў, дзякуючым якім нават у такой глыбінцы падтрымліваюцца лініі і вельмі рэдкія перабоі са святлом. Працягваюць жыццё вёскі і вераць, што з гадамі ўзгорак Губінкі зноў будзе забудаваны. Не можа не цаніцца такая прыгажосць.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *