Лето с пользой для здоровья. На базе Ушачской школы работает спортивно-оздоровительный лагерь «Олимпиец»

Cпорт Наши дети

5 чэрвеня на базе ДЮСШ ва Ушачах пачаў працаваць дзённы спартыўна-аздараўленчы лагер “Алімпіец”. Сёлета ён аб’яднаў 70 хлопчыкаў і дзяўчынак, выхаванцаў установы. Сумесна адпачываць, весела бавіць час, трэніравацца, прымаць удзел у розных спаборніцтвах яны будуць на працягу васемнаццаці летніх дзён.

– Знаходжанне ў нашым лагеры прадугледжвае найперш аздараўленне, сацыялізацыю дзяцей і падлеткаў, – расказвае начальнік “Алімпійца” С.Г.Кіслы. – Але важнай задачай з’яўляецца таксама працяг вучэбна-спартыўных заняткаў: трэніровачны працэс не церпіць доўгіх перапынкаў. Згодна з распарадкам дня работа “Алімпійца” пачынаецца ў 8 гадзін раніцы. Пасля снедання і зарадкі вучні 2-10 класаў накіроўваюцца на спартыўныя пляцоўкі, трэніроўкі чаргуюцца са шматлікімі гульнямі, экскурсіямі, рознымі выхаваўчымі мерапрыемствамі і прагулкамі.

З задачай па арганізацыі стабільнай дзейнасці лагера, годнага адпачынку дзяцей спраўляецца Сяргей Генадзьевіч Кіслы, дырэктар ДЮСШ Святлана Мікалаеўна Фядосенка і ўвесь трэнерскі штат спартыўнай школы. Таццяна Леанідаўна Клопава праводзіць трэніроўкі па лёгкай атлетыцы – сярод яе выхаванцаў нямала пераможцаў і прызёраў не толькі раённых, але і абласных спаборніцтваў. На штучнай пляцоўцы пад кіраўніцтвам Рамана Мікалаевіча Фядосенкі займаюцца юныя футбалісты – знаходжанне ў лагеры дапамагае ім падтрымлі­ваць сябе ў належнай фізічнай форме. Пётр Юльянавіч Варатынскі і Уладзімір Міхайлавіч Верлаў штодня дапамагаюць удасканальваць свае навыкі на трапнасць ажно 20 юным стралкам. Дарэчы, дзень адкрыцця лагера стаў для некаторых з іх адметным яшчэ і з прычыны дастаткова паспяховага ўдзелу ў першынстве Віцебскай вобласці па кулявой стральбе. Самая ж прадстаўнічая каманда “Алімпійца” – секцыя па дзюдо, у яе складзе 27 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія займаюцца пад началам Веры Васільеўны Кілінай і Канстанціна Валер’евіча Дука. Трое выхаванцаў ужо паспелі з’ездзіць на абласныя вучэбна-трэніровачныя зборы, а двое ў хуткім часе прымуць удзел у першынстве Рэспублікі Беларусь па дзюдо.

Работа дзённага спартыўна-аздараўленчага лагера працягнецца да 28 чэрвеня. Няма ніякіх сумненняў, што адпачынак юных спартсменаў будзе актыўным і карысным.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *