Усе прайшоўшыя выхадныя адной з галоўных тэм, якія абмяркоўвалі ўшачане, быў нядаўні раённы выпускны баль. Праглядаючы фрэндстужкі ў сацыяльных сетках – здымкі апранутых з іголачкі выпускнікоў, многія яшчэ і сёння ўзгадваюць гэтую падзею. Для людзей жа, якія не карыстаюцца інтэрнэтам, а таксама для тых, хто дагэтуль не наталіў сваю цікавасць да прыгожага мерапрыемства, наш сённяшні матэрыял.
У мінулую пятніцу маладыя людзі са стужкамі “Выпускнік-2017” гарантавана станавіліся аб’ектамі ўсеагульнай увагі. Хіба што не круціўся зямны шар выключна для іх. Усё астатняе – калі ласка. Перакрылі для руху транспарту цэнтральную плошчу гарпасёлка. Без стомы працавалі цырульнікі (пагаворваюць, некаторыя пачалі варажыць над прычоскамі выпускніц ажно ў 6 гадзін раніцы). І спіртное ў магазінах не прадавалі – прадаўцы раілі пераключыць увагу са стэлажоў з бутэлькамі на шчаслівых і прыгожых выпускнікоў. У гонар апошніх у гэты вечар ва Ушачах традыцыйна ладзілася яркае свята. У ім прымалі ўдзел адзінаццацікласнікі з 6 устаноў адукацыі раёна.
Самы вялікі выпуск, зразумела, ва Ушацкай школе. Сярод 52 мэтанакіраваных і творчых юнакоў і дзяўчат – трохкратны пераможца абласнога, дыпламант заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Павел Гардзіёнак, уладальніца атэстата асаблівага ўзору Лідзія Баклушына, выдатнікі вучобы Дзмітрый Ланцунцэвіч і Аляксандр Несцярэнка, абсалютны пераможца абласнога, дыпламант заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу навучэнцаў педагагічных класаў “Будучыя педагогі – аб школе будучыні” Марыя Стуканава. Працавітасць і настойлівасць усім ім прывівалі класныя кіраўнікі Вольга Анатольеўна Жыткая і Таццяна Робертаўна Пугачова.
Сцены Ільюшынскай школы сёлета пакінулі 7 юнакоў і дзяўчат. Кожны з іх выбраў свой маяк у адкрытым моры жыцця, а правільны накірунак паказвалі бацькі і класны кіраўнік Аляксандр Усеваладавіч Сямёнаў. Педагогі ганарацца высокімі вынікамі былых адзінаццацікласнікаў у прадметных алімпіядах, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах і спадзяюцца, што яны пацвердзяць традыцыі паспяховага паступлення ільюшынскіх выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Вялікадолецкая школа сёлета адправіла ў самастойнае жыццё 12 маладых людзей. Гэты дружны і згуртаваны калектыў разам са сваім класным кіраўніком Мікалаем Уладзіміравічам Аніскевічам заўсёды жыў па дэвізе “адзін за ўсіх і ўсё за аднаго”. Не без іх удзелу родная альма-матэр не раз займала прызавыя месцы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, 4 разы станавілася прызёрам агульнага рэйтынгу ўстаноў адукацыі, а па выніках 2016 года занесена на раённую Дошку гонару.
10 былых вучняў Арэхаўскай школы – ініцыятыўныя маладыя людзі, якія ўмеюць ставіць мэты і дасягаць іх. А навучыў іх гэтаму класны кіраўнік Васіль Ігнатавіч Карчэўскі. У працавітасці юнакоў і дзяўчат перакананы кожны, хто хоць раз наведаў навучальную ўстанову. Разнастайнасць малых архітэктурных форм, дагледжаны прышкольны ўчастак – гэта толькі невялікая частка таго, што зроблена тут рукамі школьнікаў.
У Глыбачанскай школе сёлета 8 выпускнікоў. Гэта нястомныя турысты, ініцыятары калектыўных творчых спраў і працоўных дэсантаў, актывісты і спартсмены. Свой шлях да дарослага жыцця яны прайшлі разам з класным кіраўніком Ларысай Валянцінаўнай Каліноўскай.
5 маладых людзей – апошні выпуск Плінскай школы. Разумныя і таленавітыя, выхаваныя і дысцыплінаваныя – гэтыя якасці ім прывівала Галіна Сяргееўна Данілёнак. Свае ж адносіны да педагога выпускнікі ацанілі проста: “Наш класны кіраўнік – самы класны!”
Спачатку на плошчы, а пазней са сцэны раённага цэнтра культуры і народнай творчасці наказ былым школьнікам у дарослае жыццё давалі ў гэты вечар ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Шарыпенка, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Уладзіміравіч Шкіндзер, першы сакратар райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Півульская. Усе жадалі выпускнікам галоўнага – зрабіць правільны выбар прафесіі, стаць гонарам для бацькоў, не забывацца школ, настаўнікаў, ганарыцца сваёй малой радзімай – Ушаччынай.
Роўна год таму, на раённым выпускным вечары 2016-га, быў пакладзены пачатак новай добрай традыцыі – наведваць мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Вось і сёлета выпускнікі пабывалі на гэтым святым месцы, усклалі вянок і кветкі да мемарыяла ў памяць аб гераічным подзвігу продкаў.
Хвалюючым і кранальным момантам урачыстасці стала ўручэнне залатых медалёў. З рук У.Г.Аўдошкі іх сёлета атрымалі ажно трое выпускнікоў Ушацкай школы – Лідзіі Баклушынай, Паўлу Гардзіёнку і Марыі Стуканавай у спадчыну ад бацькоў перадаліся мэтанакіраванасць, актыўнасць, уменне планаваць свой час і ўсё паспяваць, што дазволіла ім не толькі паспяхова авалодаць вучэбнай праграмай, але і ва ўсім быць прыкладам для аднагодкаў. Падтрымаць медалістаў на мерапрыемства прыйшлі бацькі і шматлікія сябры, шчырыя віншаванні паспяховым маладым людзям адрасавалі прадстаўнікі раённай улады, навучальных устаноў.
У гэты вечар былі адзначаны таксама актывісты грамадска-палітычнага жыцця Ушаччыны, “рухавікі” маладзёжных ініцыятыў, члены раённай Маладзёжнай палаты. Лісты падзякі ад старшыні раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка атрымалі Уладзіслаў Чыканаў з Арэхаўскай школы, Галіна Бурак і Мікіта Лёля з Ушацкай, Васіль Чыграй з Глыбачанскай і Крысціна Майсяенак з Плінскай.
Многія мамы і нават таты змахвалі слёзы, калі на экране з’яўляліся фота іх малых і ўжо дарослых дзяцей, а вядучыя зачытвалі адметныя іх характарыстыкі. Сапраўднай актывісткай і проста прыгажуняй вырасла Валерыя Курэц, прыёмная дачка вядомых на Ушаччыне настаўнікаў Рамана Дзмітрыевіча і Марыі Фёдараўны Папельскіх з Глыбачкі. Няпроста было справіцца з хваляваннем заўсёды стрыманай Наталлі Васільеўне Стрыжонак – на апошні школьны баль сына Івана жанчына прыйшла разам з сяброўкай, былой калегай. Не маглі прапусціць урачыстасць “у квадраце” Сяргей Алегавіч і Святлана Пятроўна Васілеўскія са Строктаў – сёлета школу закончылі іх двайняты Крысціна і Ксенія. Каб паспець з Глыбокага ва Ушачы, загадзя адпрасіўся са службы Андрэй Іванавіч Станько, тата выпускніцы Анастасіі. Ды і наогул для ўсіх бацькоў былых адзінаццацікласнікаў у гэты дзень на першым плане былі мерапрыемствы выпускнога вечара.
Падчас яго юнакоў і дзяўчат чакала нямала сюрпрызаў: сустрэча з першымі настаўнікамі – Вольгай Пятроўнай Несцярэнка, Наталляй Мікалаеўнай Кляпец, Альбінай Васільеўнай Баруновай, Наталляй Дзмітрыеўнай Шалыга, Валянцінай Васільеўнай Пугач, Наталляй Мікалаеўнай Чарнаокай, Святланай Фёдараўнай Папко, Верай Васільеўнай Дрозд, Наталляй Міхайлаўнай Уліцкай, а таксама наказ у дарослае жыццё ад першакласнікаў, канцэртныя нумары ў выкананні вучняў і нават бацькоў. Чаканым момантам стала, вядома ж, атрыманне атэстатаў. Гэты дакумент ім па традыцыі ўручылі дырэктары навучальных устаноў.
Жадаючых трапіць у залу на выпускны было вельмі многа. Родных і блізкіх выпускнікоў размясцілі па спецыяльных запрашэннях, а дзверы пакінулі расчыненымі. Няхай краем вока, але знаёмыя і сябры маглі паназіраць за святам, якое, несумненна, удалося! Вельмі многа было на ім пранікнёных, шчымлівых момантаў, таму некалькі гадзін праляцелі на адным дыханні.
Грыміць выпускны баль, бярэ ў палон школьны вальс. Лёгка, свабодна, нібы ў палёце, кружацца пары. Няхай жа такі святочны настрой застанецца ў былых школьнікаў на доўгі час, дапаможа ім паспяхова прайсці тэсціраванне, здаць уступныя экзамены і зрабіць першыя ўпэўненыя крокі ў самастойнае жыццё.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.