С кабинетов — на спортплощадку. Команда Ушачского района поборолась за чемпионские звания на летней спартакиаде работников госуправления области

Cпорт

Каманды органаў дзяржкіравання Віцебскай вобласці на працягу двух дзён змагаліся за чэмпіёнскія званні на трэцяй летняй спартакіядзе, якая прайшла на базе лагера “Дружба” ў Шумілінскім раёне.

Адкрываючы ўжо традыцыйны спартыўна­-турыстычны злёт, губернатар вобласці Мікалай Мікалаевіч Шарснёў падкрэсліў, што мэта падобных мерапрыемстваў – не толькі заахвоціць работнікаў дзяржкіравання заняткамі спортам, а і паказаць насельніцтву добры прыклад здаровага ладу жыцця. Такія спаборніцтвы сталі ўжо своеасаблівай фішкай нашай вобласці, і сур’ёзную планку вынікаў устанаўлівае сам губернатар, які ўдзельнічаў у сілавых відах спорту. Сярод 27 каманд раёнаў вобласці і адміністрацый Віцебска былі і ўшачане, якія мерыліся сіламі з калегамі ў розных дысцыплінах праграмы.

Спартыўным запалам натхняў сяброў па камандзе яе капітан – старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, які прымаў удзел у спаборніцтвах па стральбе, бадмінтоне, футболе і падыманні гіры. У.Г.Аўдошка, выбіўшы 45 ачкоў з 50-ці магчымых, заняў другое месца. І калі стральба для яго не новы від спорту, то ў спаборніцтвах па бадмінтоне старшыня ўдзельнічаў упершыню і дэбют удаўся – 8 месца. Ніколькі не сумняваліся ўдзельнікі нашай каманды, што ўдала Уладзімір Генадзьевіч выступіць у падыманні гіры, бо прыхільнікам гэтага віду спорту ён з’яўляецца вельмі даўно, і не памыліліся: 35 ачкоў прынеслі 4 месца. Перамогу ж у гэтым практыкаванні прадказальна заваяваў старшыня аблвыканкама М.М.Шарснёў. У яшчэ адным сілавым відзе спорту – жыме штангі лежачы – Ушаччыну прадставіў старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс (на здымку), з вынікам у 120 кілаграмаў ён заняў 7 месца. Майстар-клас у гэтым відзе ўсім прысутным паказаў губернатар, адціснуўшы штангу вагой 167,5 кілаграма, што да гэтага часу не ўдавалася ні аднаму спартсмену ў яго ўзроставай катэгорыі. Але і на гэтым старшыня аблвыканкама не спыніўся, і пад авацыі гледачоў устанавіў новы рэкорд Беларусі сярод 50-59-гадовых атлетаў: адціснуў 170 кілаграмовую штангу.

Дастойна выглядалі нашы землякі ў турніры па шашках, дзе гонар раёна адстойвалі загадчык юрыдычнага сектара Ганна Генадзьеўна Кандрацкая і кіраўнік справамі райвыканкама Ігар Пятровіч Шышко, які заняў трэцяе месца (на здымку).

Вядома ж, турыстычны злёт нельга ўявіць без валейбольных баталій,  дзе раён прадставіла каманда ў складзе бухгалтара райвыканкама Аляксея Казлоўскага, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірыны Бельскай, кіраўніка справамі Вяркудскага сельвыканкама Сяргея Гарбачова і прадстаўніка зямельнай службы Дзмітрыя Баратынскага. Але ў напружанай барацьбе з мінімальным адрывам нашы валейбалісты ўступілі дубровенскім калегам і падняцца на верхнія радкі турнірнай табліцы не змаглі. У снайперскім турніры выступала таксама галоўны спецыяліст кіравання справамі райвыканкама Святлана Леанідаўна Дулуб. Галоўны спецыяліст райсельгасхарча Святлана Акулёнак і выконваючы абавязкі старшыні Ушацкага сельвыканкама Міхаіл Хоміч змагаліся ў настольным тэнісе, а юрысконсульт райвыканкама Алена Карчэска і бухгалтар Аляксей Казлоўскі зараблялі ачкі ў агульную скарбонку каманды ў лёгкай атлетыцы. Алена Карчэска разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Аляксеем Клопавым увайшлі ў тройку лепшых у пазаконкурсных спаборніцтвах на трапнасць і спрыт.

Асабліва гарачым падчас спартакіяды стаў таварыскі футбольны матч “Усход-Захад”, у якім паміж сабой спаборнічалі зборныя старшынь гар- і райвыканкамаў  усходніх і заходніх раёнаў вобласці.

У выніковым пратаколе спаборніцтваў першае месца, як і ў мінулым годзе,  дасталася дружыне аблвыканкама. Наша зборная размясцілася ў сярэдзіне турнірнай табліцы – на 13-м месцы, пры гэтым узняўшыся на некалькі прыступак уверх у параўнанні з папярэдняй спартакіядай. Спыняцца на дасягнутым нашы ўдзельнікі не збіраюцца, бо маюць добрыя рэзервы ў асобных відах. І хоць галоўны прынцып аматарскага спорту – перавагу ўдзелу над перамогай – ніхто не адмяняў, імкнуцца да найлепшых вынікаў кіраўнікі павінны як у спартыўных турнірах, так і на сваіх працоўных месцах.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *