Милиционер-кинолог Андрей Бутовский и его подопечный Жак — молодая смена в отделении по охране объектов в г.п.Ушачи Полоцкого отдела Департамента охраны

Образование и молодежь Экономика и малый бизнес

“Сабака з міліцыяй абяцаў прыйсці” – гэтае выказванне з вядомага кінафільма помніцца многім і так звычайна жартуюць людзі пра кінолагаў. На самой жа справе яно хутчэй правільнае, чым не, бо сабакі проста незаменныя памочнікі як пры затрыманні злачынцаў, так і ў пошуку выкрадзеных рэчаў. Гэта пацвердзіць і малады супрацоўнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы міліцыянер-кінолаг Андрэй Бутоўскі.

У Арэхаўне нячысты на руку грамадзянін вырашыў нажыцца на чужой маёмасці і выкраў інструменты на мясцовым прадпрыемстве. У расследаванні гэтай справы разам з супрацоўнікамі РАУС прымаў удзел і А.Бутоўскі. Са сваім верным памочнікам Жакам міліцыянер ішоў па “гарачых” слядах больш трох кіламетраў. Сабака прывёў да месца, дзе і знаходзіўся злачынца з выкрадзенай маёмасцю. Узяў след нядаўна Жак і падчас раскрыцця яшчэ адной справы, калі жыхар гарпасёлка выкраў у адным з домікаў санаторыя “Лясныя азёры” грошы, тэлевізар і іншую маёмасць.

Андрэй Бутоўскі і службовая сабака Жак – маладая змена ва ўшацкім аддзяленні, абое служаць менш двух гадоў, але за гэты кароткі час змаглі праявіць сябе. Аб рабоце ў міліцыі хлопец задумваўся яшчэ падчас вучобы ў кадэцкім вучылішчы, а вось аб тым, што стане такім вузкім спецыялістам, не падазраваў. Збіраўся працаваць у раённым аддзеле ўнутраных спраў, але так склалася, што першым працоўным месцам стала аддзяленне па ахове аб’ектаў. На той момант тут вельмі патрэбны былі кінолагі і малады супрацоўнік прайшоў навучанне ў спецыяльным цэнтры Дэпартамента аховы. Вучыўся там не толькі ён, а і яго чацвераногі сябар. Маленькім шчаняці часцей за ўсё бяруць сваіх напарнікаў кінолагі ў спецыяльным пітомніку і абучаюць. Жак – нямецкая аўчарка з радаслоўнай. Менавіта гэтай пародзе аддаюць перавагу не толькі сцэнарысты ўсяго свету, здымаючы кінафільмы, а і сілавыя дзяржаўныя структуры. Дзякуючы сваёй выключнай працаздольнасці і навучальнасці аўчаркі цэняцца як ідэальныя службовыя сабакі, аднак, вымуштраваць яе ўсім тонкасцям вышуковай працы – цэлая навука.

– У цэнтры атрымалі з ім шматлікія навыкі, але проста адвучыцца – гэта вельмі мала. Каб сабака мог дапамагаць і паспяхова служыць, з ім трэба  працаваць пастаянна, амаль штодня адточваць дзеянні, каманды. Да яго трэба знайсці і індывідуальны падыход, за правільна выкананае заданне падчас трэніровак і тым больш на дзяжурстве абавязкова заахвоціць любімым ласункам ці хаця б пагладжваннем. Аўчаркі вельмі разумныя жывёлы, яны адчуваюць і цэняць добрыя адносіны да іх, – гаворыць А.Бутоўскі.

Дапамагаюць маладому кінолагу парадамі і вопытныя калегі. Не першы год працуюць з сабакамі Вячаслаў Голік і Дзмітрый Кемстач. Дарэчы, нягледзячы на вопыт і стаж усе кінолагі разам са сваімі падапечнымі для павышэння кваліфікацыі раз у год ездзяць у абласны цэнтр і раз у пяць гадоў – у сталіцу. Цікава, што для пацвярджэння прафесійнай прыгоднасці сабакі перыядычна здаюць экзамен. Ёсць у іх таксама тэрмін выхаду на пенсію – звычайна сабакі служаць 9 гадоў, але ў некаторых выпадках, калі  яны вытрымліваюць іспыты, тэрмін можа падоўжыцца. Так, напрыклад, сабака Андрэя Лісічонка спраўна адпрацаваў больш 12 гадоў, а вось без службы так засумаваў, што пражыў нядоўга.

На кожную змену кінолагі выходзяць разам з сабакамі, якія падчас курсіравання па маршруце займаюць месца ў багажніку аўтамабіля. Канечне, усю змену ім там сядзець не прыходзіцца – на кожны выезд групы яны адпраўляюцца са сваімі гаспадарамі. Калі ж выклікаў няма, сабак некалькі разоў выводзяць на прагулку, якая з’яўляецца і трэніроўкай. Дарэчы, работа кінолагаў часта не ўкладваецца ў адведзеныя зменай га­дзіны. У дзень нашага знаёмства пасля начной змены Андрэй Бутоўскі і Жак доўга пазіраваць на камеру не маглі – спяшаліся па “гарачых” слядах дапамагчы ў раскрыцці крадзяжу ў вёсцы Жары. З кожным днём і такім выездам кінолаг і сабака становяцца сапраўднай камандай, у якой добра разумеюць адзін аднаго. А іх зладжанасць, падрыхтоўка і стараннасць выступаюць надзейнай заслонай на шляху злачыннасці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *