…Не жалейте сердца для друзей,
Несмотря на взгляды, убежденья,
Поздравляйте их вы
с днём рожденья,
Не жалейте сердца для друзей….
…Не жалейте сердца для любви,
Пусть она порвёт его на части,
Испытайте всё земное счастье –
Не жалейте сердца для любви!
Такі шчыры верш ёсць у нашай сяброўкі Валерыі Міхно – паэткі, добра вядомай на Ушаччыне. Яна неаднойчы друкавалася на старонках “Патрыёта”, у “Полацкім весніку”, у часопісах на Поўначы Расіі, дзе працяглы час жыла. А прыгадалі яго з той нагоды, што ўчора аўтар верша адсвяткавала юбілей. Так, 6 чэрвеня, як і ў генія Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Ды нават не адсвяткавала, а проста сустрэла, бо не было пышнага застолля і мноства гасцей, хоць па жыцці яна вельмі актыўны чалавек і мае шырокае кола знаёмых і сяброў. Напрыклад, да гэтага часу падтрымлівае сувязь з Нэлі Багуслаўскай – Заслужанай артысткай Беларусі, якая выконвае раманс на яе словы і музыку Ізмаіла Капланава. Ці паэтэсай Надзеяй Салодкінай з Полацка, дзякуючы якой убачылі свет зборнікі вершаў Валерыі.
Валерыя Гаўрылаўна нарадзілася ў пасляваенных Ушачах. Бацька Гаўрыла Пятровіч Старадуб прайшоў усю вайну спачатку ў партызанах, потым на фронце, быў тройчы ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, ордэнамі Чырвонай Зоркі і Славы ІІІ ступені. Быў вельмі паважаным чалавекам, ганарылася ім і Валерыя, у якой многа патрыятычных вершаў, у тым ліку пра легендарны “Прарыў” і пра родную Ушаччыну. Тут яна скончыла васьмігодку, а потым атрымала ў Наваполацку тэхнічную спецыяльнасць. Працавала ў архітэктурным бюро, пакуль не пераехала на Поўнач, дзе і пачала пісаць вершы, сумуючы па малой радзіме. “Згарэлася сэрца, стамілася, плача. Па родных мясцінах, па любых Ушачах”.
Зараз Валерыя Гаўрылаўна жыве ў Лутаве Сяльцы. І шмат людзей могуць адрасаваць словы “дзякуючы ёй” нашай Валерыі Міхно. Нашай, таму што даўно знаёмы, таму што шчыра любім яе – такога адкрытага, праўдзівага і вельмі душэўнага чалавека. Яна была і застаецца рамантыкам. Памятаем, як мы – ушацкія падлеткі Тамара і Ала Коршун, Валерыя Старадуб (яе дзявочае прозвішча) беглі па вуліцах гарпасёлка і ў голас радаваліся палёту ў космас Гагарына. Удзячны ёй за адкрыццё для сябе глыбокіх радкоў Паўла Когана і канечне за вось гэты, што падарыла свету яна.
Господи, снова пришла к тебе
И целую твоё распятье.
Я несчастлива по судьбе,
Дай мне, Боже, немного счастья.
Не богатства, не денег прошу,
В это время терпенья в ненастьях.
Хочешь, жизнью своей заплачу,
Дай мне, Боже, такого счастья,
Чтобы рядом со мною всегда
Были дети и их объятья,
Чтобы их не касалась беда,
Дай мне, Боже, такого счастья.
Верш-споведзь, верш-малітва. Менавіта так і ўспрымаюць гэтыя шчымлівыя радкі людзі, якія іх чулі. Аднойчы ў “Лясных азёрах” былі сведкамі выпадку, калі да Валерыі падышла наведвальніца здраўніцы і папрасіла перапісаць ёй гэты верш. Яна так і сказала: “Ён будзе маёй малітвай, маёй просьбай да Бога”.
Не ўсё склалася ў жыцці Валерыі так, як хацелася, бо не побач дзеці, не ўдалося асабістае сямейнае жыццё. Аднак яна бясспрэчна шчаслівая, паколькі абрана Богам, які дараваў ёй талент, бо творчасць – катэгорыя боская. Ёй дадзена здольнасць перадаваць пачуцці, эмоцыі – тое, што вельмі няпроста, а часам і немагчыма выразіць словамі, паколькі апошнія – мова розуму, а пачуцці нараджаюцца душой. У яе тонкая і ранімая душа… Напэўна, як і ў кожнага паэта.
З днём нараджэння, наша сяброўка! І памятай, не бывае старасці, ёсць толькі восень жыцця – пара сталасці. Твая любімая пара.
А.Кавалёва, В.Скірмант.