Многія грамадзяне летам плануюць паехаць з дзецьмі на адпачынак у цёплыя краіны. Як гэта зрабіць, каб не ўзнікла праблем на мяжы? На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні чытачоў мы папрасілі адказаць старшага інспектара групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага РАУС Дзяніса Міхайлавіча ПЧОЛКУ:
– Сыну на фатаграфіі ў пашпарце два гады, зараз яму ўжо шэсць. Ці прапусцяць яго праз мяжу па такім дакуменце?
– Калі пагранічнік засумняваецца ў асобе дзіця, то можа не прапусціць нягледзячы на тое, што пашпарт юрыдычна сапраўдны. Таму рэкамендую ўсё ж звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі і памяняць дакумент.
– Ці можна падарожнічаць з нованароджаным і не рабіць яму пашпарт?
– Не. Для выезду за мяжу абавязкова патрэбны пашпарт, незалежна ад узросту дзіця.
– Сыну 15 гадоў, хоча паглядзець Еўропу. Ці выпусцяць яго аднаго за мяжу?
– Без згоды абаіх бацькоў – не. Але ж калі і тата, і мама афіцыйна завераць згоду ў натарыуса, што дазваляюць сыну выехаць аднаму, то ён мае права падарожнічаць без суправаджэння дарослых.
– Ці праўда, што дзіця можа выехаць за мяжу без згоды аднаго з бацькоў?
– Праўда. З 2010 года адзін з законных прадстаўнікоў без згоды другога мае права выязджаць з дзіцем з краіны.
– У мужа ёсць неаплачаны штраф у ДАІ. Нас выпусцяць з краіны?
– Выпусцяць, калі судовым выканаўцам не прынята рашэнне аб абмежаванні права на выезд. Каб падстрахавацца, можна ўдакладніць гэтую інфармацыю ў мясцовым падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі.
– Муж прызнаны дармаедам. Плануем паехаць на мора. Ці выедзем мы з краіны?
– На сённяшні дзень выпадкаў абмежавання выезду за мяжу такіх асоб не было.
– Тэрмінова трэба зрабіць пашпарт дзіцяці. Колькі дзён гэта зойме?
– У адпаведнасці з заканадаўствам працэдура зойме месяц. У паскораным парадку дакумент будзе гатовы на працягу 15 дзён, дадатковая плата за такую паслугу складзе 1 базавую велічыню. Калі ж трэба зрабіць пашпарт звышпаскорана, давядзецца пачакаць 7 дзён і заплаціць дадаткова 2 базавыя.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.