В школах Ушаччины прозвенел последний звонок

Общество

Аўторак, 30 мая, нічым адметным у календары не вызначаўся. Тым не менш, свята на Ушаччыну прыйшло – ва ўсіх школах раёна адбыліся ўрачыстыя лінейкі з нагоды заканчэння навучальнага года. Незабыўным будзе гэты дзень для 92 адзінаццацікласнікаў і 107 дзевяцікласнікаў, для якіх апошні званок – яшчэ і пачатак самастойнага, дарослага жыцця.

Кожны з юнакоў і дзяўчат, безумоўна, захавае ў памяці гэты святочны момант, бо школьны час пакідае самыя светлыя і шчымлівыя ўспаміны. Менавіта пра гэта ў сваім прывітальным слове, адрасаваным выпускнікам, педагогам і бацькам, гаварыў у Вялікадолецкай і Касарской школах старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. “Першы жыццёвы іспыт, першае расчараванне, першая перамога – усё гэта было ў сценах любімай школы, – зазначыў Уладзімір Генадзьевіч. – Але ж дзяцінства заканчваецца. Упэўнены, што ўсе экзамены і выпрабаванні, якія рыхтуе лёс, кожны пройдзе дастойна. Наша будучыня ў надзейных руках, у руках выхаваных намі дзяцей!”

Сапраўды, няма ў жыцці больш важнага часу, чым пара вучнёўства. Менавіта за школьнай партай чалавек набывае патрэбу і ўменне мысліць, радасць пазнання і творчасці. Дырэктар Ушацкай сярэдняй школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі з гордасцю адзначыў, што выпускнікі ўстановы годна падрыхтаваны да дарослага жыцця, у якое сёлета выходзяць два адзінаццатыя класы, а гэта 52 юнакі і дзяўчыны. Сярод іх – тры выдатнікі вучобы, прэтэндэнты на залаты медаль.

Адзінаццаць гадоў іх вучылі, выхоўвалі настаўнікі школы і найперш класныя кіраўнікі – Вольга Анатольеўна Жыткая і Таццяна Робертаўна Пугачова. Прычым, рабілі гэта ад душы. За вернасць педагагічным ідэям і высокі прафесіяналізм падчас урачыстасці ім дзякавалі ўсе: выпускнікі, бацькі, адміністрацыя ўстановы. Сёння ж іх перапаўняе шчымлівае хваляванне: сцены школы пакідаюць іх дзеці, якія сталі дарослымі і разумнымі.

Вось яны стаяць у рад, такія прыгожыя і засяроджаныя. Вось яны чытаюць вершы на развітанне, а вось кружацца разам з настаўнікамі ў школьным вальсе і пускаюць рознакаляровыя шары ў неба.

А вось з іншага боку плошчы, з падарункамі ў руках – папяровымі галубкамі з напісанымі на іх пажаданнямі – на адзінаццацікласнікаў захоплена паглядаюць першакласнікі. Значыць, радасны сум педагогаў хутка зменіцца захапленнем і новымі вучнёўскімі адкрыццямі. І школа зноў ажыве.

Такую ж урачыстасць і лёгкі сум учора адчувалі ва ўсіх школах Ушаччыны. Феерверкам звонкіх вершаваных радкоў, шчырымі словамі ляцелі віншаванні выпускнікам. Апошнія таксама не засталіся ў даўгу – давалі наказы малодшым школьнікам, дзякавалі настаўнікам і бацькам. На мерапрыемствах прысутнічалі ганаровыя госці – члены райвыканкама, работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны. Так, павіншаваць вучняў Глыбачанскай школы завіталі ў гэты дзень старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Вялюга, выконваючы абавязкі дырэктара КУСГП “Глыбачаны” Сяргей Канстанцінавіч Міхаль. Нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, усё ж не змог не прыйсці на свята апошняга званка даўні сябар установы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. А ў Ільюшыне малебен на ўсялякую добрую справу для выпускнікоў правялі благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец і кіраўнік маладзёжнага аддзела прыхода храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры Арцемій Усцін. Яны пажадалі юнакам і дзяўчатам Боскай дапамогі ў здачы экзаменаў і паступленні ў абраныя ўстановы, а бацюшка акрапіў іх святой вадой. Супрацоўнікі ж райаддзела міліцыі і аддзела па надзвычайных сітуацыях нагадалі ўсім школьнікам раёна аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі і заканадаўства падчас летніх канікул, выказалі спадзяванне ўбачыць дзяцей у верасні здаровымі, бадзёрымі, поўнымі сіл.

Адценне смутку было на тварах у педагогаў і вучняў Вяркудскай школы, якую сёлета заканчвае 51 вучань. Няма тут сёлета адзінаццацікласнікаў і толькі двое дзевяцікласнікаў. Але ж мерапрыемства аказалася ў многім развітальным – у новым навучальным годзе ўстанова будзе рэарганізавана ў пачатковую.

Яшчэ больш шчымлівая атмасфера панавала ўчора ў Касарах і Двор Пліне: званок, што прагучаў там падчас лінеек, стаў апошнім не толькі ў бягучым годзе, але і ў гісторыі мясцовых навучальных устаноў.

– Шчыра кажучы, чакала гэтага дня з неспакойным сэр­цам, – прызналася дырэктар Плінскай школы К.Ф.Касцюковіч. – Развітвацца з выпускнікамі, якіх сёлета ў 9 і 11 класах па пяцёра, іншымі вучнямі ды і сценамі ўстановы, якую заканчвала сама, надзвычай балюча. Напэўна, і не было сярод прысутных ніводнага, хто не пусціў слязу пад развітальную песню, якую выканала на ўрачыстасці сёлетняя выпускніца Маргарыта Федарэнка, унучка былога дырэктара ўстановы Мікалая Нікіфаравіча Асташонка.

Зрэшты, прыгадаць усіх педагогаў, якія значную частку свайго прафесійнага жыцця аддалі Плінскай школе, дазволіла спецыяльна падрыхтаваная да гэтага дня відэапрэзентацыя. З 1937 года, калі пачала сваю дзейнасць установа (тады яшчэ базавая), іх было нямала. Дырэктарамі ж былі Варвара Сцяпанаўна Мірановіч, Ніна Фёдараўна Дуброўская, Аліна Фёдараўна Пашута, Мікалай Нікіфаравіч Асташонак і апошнія 24 гады сённяшні кіраўнік школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч.

Па-сямейнаму цёпла і шчыра праходзіла свята апошняга званка ў Арэхаўскай, Кубліцкай і Вялікадолецкай школах. У гэты дзень не быў забыты ніводны настаўнік, усе шчыра радаваліся ўзнагародам аднакласнікаў і сяброў, жадалі выпускнікам удалай здачы экзаменаў.

Радасны момант чакаў 30 мая першакласнікаў сельскіх школ. Падчас лінеек у рамках рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч”, якую не першы год праводзіць асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, 37 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі каштоўныя падарункі – мячы. Такім чынам арганізатары імкнуцца папулярызаваць футбол, далучыць дзяцей да спорту і прапанаваць ім цікавы, рухомы адпачынак падчас летніх канікул.

Гучыць апошні званок… А ў чыстае неба весела ўзлятаюць паветраныя шары, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй. І гледзячы на тое, як яны знікаюць у блакітнай бездані, хочацца верыць, што гэтак жа высока падымуцца на хвалях жыцця і ўшацкія выпускнікі, якія ўжо сёння не баяцца ставіць перад сабой сур’ёзныя мэты, дасягаць задуманага і цвёрда ісці па выбраным шляху да ганаровага звання сапраўднага грамадзяніна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *