З наступленнем цёплай пары дзеці шмат часу праводзяць на вуліцы. Занятыя ж работай і паўсядзённымі клопатамі дарослыя не заўсёды належным чынам адносяцца да гэтай акалічнасці. І дарэмна! З пачатку года на дарогах вобласці ўжо 7 дзяцей атрымалі траўмы.
Каб пазбегнуць трагічных выпадкаў, кантралюйце месцазнаходжанне сваіх дзяцей і цікаўцеся, чым канкрэтна яны займаюцца на вуліцы. Патлумачце ім, што нельга рэзка выходзіць або выбягаць на дарогу з-за прыпаркаваных аўтамабіляў, нават калі тыя знаходзяцца ў двары. Перш чым ступіць на пешаходны пераход трэба спыніцца (адкласці тэлефон, зняць навушнікі), агледзецца, пераканаўшыся, што транспартныя сродкі паспелі спыніцца. Катацца на роліках і скейтбордах дазваляецца толькі ў двары, скверы, парку на спецыяльных асфальтавых і бетонавых пляцоўках, дарожках, але абавязкова далей ад руху аўтатранспарту і вялікай колькасці пешаходаў.
Дзецям да 14 гадоў забаронена выязджаць на веласіпедзе на дарогу агульнага карыстання. Рухацца на ім можна толькі па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспечнага руху пешаходаў.
Дзецям да 16 гадоў нельга садзіцца за руль скутэра. Перш чым адчуць сябе вадзіцелем мапеда, падлетак абавязаны здаць іспыт у ДАІ і атрымаць пасведчанне адпаведнай катэгорыі.
Адпраўляючыся ў паездку на аўтамабілі, не забывайце, што дзяцей да 12 гадоў неабходна перавозіць з выкарыстаннем спецыяльных утрымліваючых прылад, а старэйшых дзяцей – прышпіленымі звычайнымі рамянямі бяспекі.
І памятайце: да 5 чэрвеня на вашым аўто павінна быць уключана бліжняе святло фар!
А.ЛІСОЎСКІ, часова выконваючы абавязкі начальніка аддзялення ДАІ.